Фотофакт: В родильном отделении ЦРБ поздравили мам и вручили подарки

Общество

Асаблівым сэнсам Тыдзень бацькоўскай любові напоўніўся сёлета для Тамары Бяловай, Марыі Барадаўкі і Ангеліны Майсяевіч, якія напярэдадні Дня маці сталі мамамі.

Павіншаваць іх у радзільнае аддзяленне Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы завіталі прадстаўнік дэпутацкага корпуса Марына Нагановіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Наталля Седзюкевіч, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Аніта Несцяровіч. Яны пажадалі мамам і іх дзеткам моцнага здароўя, мірнага неба, шчасця, уручылі жанчынам кветкі і падарункі.

Тамару Бялову з нованароджаным чакаюць дома муж і два сыны — 20-гадовы Уладзіслаў і 18-гадовы Аляксандр. Напярэдадні Дня маці лёс паслаў трэцяга — Дамініка. Сям’я жыве ў Кураполлі. Марына Барадаўка — медсястра Камайскай участковай бальніцы. Яе дачушцы Яўгеніі 4 лістапада споўніцца 3 гады. Сям’ю папоўніў Ягорка.

Ангеліна Майсяевіч і дзве яе малодшыя сястры нара­дзіліся ў пастаўскім раддоме. Яна скончыла СШ №4, паступіла ў Беларускі аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Там закахалася ў хлопца з Брэсцкай вобласці. Сябравалі з першага курса, урэшце згулялі вяселле. Уладзіслаў вучыўся па мэтавым накіраванні, таму па размеркаванні маладая сям’я паехала ў аграгарадок Белавежскі Камянецкага раёна. Нова­спечаным спецыялістам выдзелілі арэндную кватэру. Іх задавальняе заработная плата. Калі Ангеліне надышоў час раджаць, яна вярнулася да бацькоў. І дачушка Адэль з’явілася на свет у родных Паставах.

— Сёлетні Дзень маці для мяне асаблівы: я не толькі віншавала з ім сваю мамачку Ірыну Варановіч, але і ўпершыню сама буду святкаваць яго ў статусе мамы, — гаварыла Ангеліна Майсяевіч. — Рада, што нарадзіла дзіця ў Паставах. Вельмі задаволеная медперсаналам аддзялення. Тут працуюць чулыя работнікі, прафесіяналы сваёй справы на чале з загадчыцай Кацярынай Ільчанкай. Роды ў мяне прымала акушэрка Ала Танана. Удзячная ёй за цяпло і ўвагу, якімі яна мяне ахінула, за падтрымку.

Сёння мяне з дачушкай выпісваюць дадому. Муж прымчаў з Белавежска і з хвіліны на хвіліну павінен нас забраць. Адаптавацца будзем у маіх бацькоў. А калі набяромся сіл, паедзем у Белавежск.

Шчырыя словы падзякі медыцынскаму персаналу радзільнага аддзялення ЦРБ выказвалі і іншыя шчаслівыя мамы.

Анна Анішкевіч
Фота Наталлі Налей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.