Культурная жизнь в д.Полесье кипит благодаря заведующей сельского клуба Валентине Ланской

Важное Культура

Вёска Палессе — адзін з самых аддаленых куточкаў Пастаўшчыны. Раней яна была вялікай і шумнай: тут пражывала шмат маладых сем’яў з дзецьмі, якія хадзілі ў мясцовую школу і сад. Працавалі іншыя сацыяльныя аб’екты. Цяпер насельніцтва скарацілася і састарэла: многія дзеці, вырасшы, пакінулі родныя мясціны. Закрыліся школа з садам, аддзяленне паштовай сувязі. Але культурнае жыццё ў Палессі і ваколіцах па-ранейшаму не збаўляе абаротаў дзякуючы загадчыцы сельскага клуба Валянціне Ланской.

Культработнікам Валянціна Іванаўна стала 7 гадоў назад. Да гэтага давялося папрацаваць на хімзаводзе ў Даўгаўпілсе, лабарантам у калгасе імя Заслонава, памочнікам выхавальніка ў Палескай базавай школе-садзе. Пасля яе закрыцця прапанавалі пасаду загадчыцы клуба. І Валянціна, нядоўга думаючы, зга­дзілася, бо заўсёды цягнулася да культуры: дапамагала сваёй папярэдніцы і педагогам са школы ў правядзенні мерапрыемстваў.

За новую работу ўзялася з энтузіязмам. Стаўку зрабіла на дзяцей, якіх запрасіла ў гурткі «Умелыя ручкі» і танцавальны. Для гэтага адправілася дамоў да школьнікаў размаўляць з імі і бацькамі. Такую практыку працягвае і зараз.

— Я не выбіраю дзяцей, бяру ўсіх, хто жадае праявіць сябе, — расказвала Валянціна Ланская. — У кожным стараюся знайсці тое, што яму блізкае: хтосьці любіць спяваць, хтосьці танцуе ці прыгожа чытае вершы. Сёння ў клубе займаюцца 7 дзяцей з 6-га па 11 клас. Мы вяжам, малюем, робім розныя вырабы з паперы і прыроднага матэрыялу, развучваем народныя і сучасныя песні і танцы. З імі школьнікі потым выступаюць на мерапрыемствах у Лынтупскай СШ.

Але найчасцей юныя артысты выходзяць на сцэну Палескага сельскага клуба, загадчыца якога не прапускае ніводнай даты ў календары. Да кожнай ладзіць тэматычны канцэрт або музычна-тэатралізаванае прадстаўленне, якія збіраюць нямала гледачоў. Асабліва падабаецца ўсім навагодняя праграма з дыскатэкай і тэатралізацыяй. Падчас сустрэчы 2024-га клуб наведалі ажно 110 чалавек!

На ўра праходзяць і «Беларускія вячоркі», «Зажынкі», святы Купалле, Сёмуха, Ільін дзень. Займаючыся іх падрыхтоўкай, Валянціна Іванаўна далучае дзяцей да народных традыцый: расказвае, як адзначалі тое ці іншае свята раней, што танцавалі і спявалі нашы продкі. Праяўляючы непадробны інтарэс да фальклору, жанчына запісвае ўсё, што расказваюць старажылы гэтага ўнікальнага краю, дзе побач з праваслаўнымі і католікамі жывуць стараверы са сваімі звычаямі і традыцыямі. Вывучаць культуру старавераў гэтым летам у Палессе прыяз­джалі нават з Белдзяржуніверсітэта. Яго студэнты актыўна распытвалі Валянціну Ланскую, ездзілі з ёй у апідамскую царкву.

Але не толькі з мэтай збору фальклору бывае загадчыца клуба ў навакольных вёсках. Яна рэгулярна арганізуе святы населеных пунктаў, часта наведваецца да пажылых з канцэртамі без нейкай нагоды. Справаздачы з усіх мерапрыемстваў змяшчае ў сваім канале «Палескі сельскі клуб» у Telegram.

— Канешне, аднаму чалавеку працаваць у клубе вельмі цяжка, — прызнаецца жанчына. — Калі рыхтуеш мерапрыемства, трэба прадумаць усё да дробязей: сцэнарый, канцэртныя нумары, музычнае суправаджэнне, касцюмы артыстаў, афармленне сцэны. Таму даводзіцца звяртацца па дапамогу да вяскоўцаў, і яны не адмаўляюць у просьбе. Мае найпершыя памочнікі — Ірына Пятроўна Лешчык, Алена Руфінаўна Заляціла, Наталля Пятроўна і Вячаслаў Казіміравіч Рамбальскія, Апалінарыя Трыфанаўна Семірыкова, якім я вельмі ўдзячная.

Артысты Палескага сельскага клуба і яго загадчыца ўдзельнічаюць ва ўсіх раённых конкурсах і аглядах. Чарговае пацвярджэнне таму — шоу «Супербабуля», якое прайшло ў мінулую пятніцу ў Навасёлкаўскім цэнтры культуры і ў якім, нагадаю, перамагла Валянціна Іванаўна. Ёсць у скарбонцы Ланской і дыпломы абласнога ўзроўню: за 3-е месца ў конкурсе чытальнікаў і сцэнарную распрацоўку, прысвечаную Году малой радзімы.

Але не дзеля ўзнагарод стараецца культработнік. Працуе для вяскоўцаў, каб ім было цікавей і весялей жыць. Вось і да Дня маці разам з дзецьмі рыхтуе канцэртную праграму, якая, безумоўна, не пакіне раўнадушнымі гледачоў, надоўга застанецца ў іх памяці.

Алена Шапавалава
Фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.