Педагог Дуниловичской СШ Сергей Бамбизов: «Ближе к сердцу физкультура, ведь она связана с движением»

Важное Образование

Калі ў размове з настаўнікамі пытаюся, чаму выбралі такую прафесію, многія адказваюць, што на гэта паўплывалі іх школьныя настаўнікі, якія зацікавілі сваім прадметам, сталі прыкладам для пераймання. Так было і ў педагога Дунілавіцкай СШ Сяргея Бамбізава.

Падчас вучобы ў Клясціцкай СШ Расонскага раёна хлопец захапіўся хіміяй, якую выкладала заслужаны настаўнік БССР Ніна Мажайская. Атрымаўшы атэстат, паступіў на хіміка-біялагічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава, а пасля яго заканчэння вярнуўся ў родную школу. Праўда, хімік-біёлаг там ужо быў, і маладому педагогу прапанавалі весці ўрокі фізкультуры. Нядоўга думаючы, згадзіўся, бо з дзяцінства любіў спорт, удзельнічаў ва ўсіх спаборніцтвах: па лёгкай атлетыцы, футболе, валейболе, лыжных гонках, настольным тэнісе — і заваёўваў дыпломы і кубкі на раённым узроўні. Не развітаўся са спортам і ў інстытуце.

Потым быў перыяд работы сакратаром Расонскага райкама БПСМ, пасля чаго Сяргей Бамбізаў разам з жонкай пераехаў на яе радзіму, Пастаўшчыну. У 2002 годзе сям’я купіла кватэру ў Дунілавічах, і мужчына стаў настаўнічаць у мясцовай школе. Але зноў на момант уладкавання ў яе хімік-біёлаг быў не патрэбны. Тагачасны дырэктар Васілій Бульбяноў прапанаваў пасаду псіхолага, а ў дадатак 6 гадзін фізкультуры ў старэйшых класах. Затым давялося некаторы час працаваць сацыяльным педагогам, каля 12 гадоў выкладаў хімію ва ўсіх класах, вёў таксама «Чалавек і свет» і «Ахову бяспекі жыццядзейнасці» паралельна з фізкультурай. Увогуле, гэты прадмет заўсёды быў дагрузкай, пакуль 3 гады назад не пайшоў на пенсію асноўны фізрук школы Іван Казак. Цяпер яго месца займае Сяргей Бамбізаў.

— І што вам больш даспадобы — хімія ці фізкультура? — цікаўлюся ў педагога.

— Бліжэй да сэрца фізкультура, бо яна звязана з рухам, — адказвае суразмоўца. — Калі звычайнаму чалавеку трэба шукаць час на падтрыманне сваёй фізічнай формы і здароўя, то мне хапае нагрузкі на ўроках. Я і паскачу з дзецьмі, і пабегаю.

Дунілавіцкая СШ і сам Сяргей Бамбізаў актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх раённых спаборніцтвах, займаючы прызавыя месцы, не прапусцілі ніводнага турзлёту за ўсю гісторыю іх правядзення. Турыстычныя злёты — асаблівая любоў Сяргея Васільевіча. Па яго словах, гэта ўніверсальнае спаборніцтва, дзе можна прая­віць сябе і ў плаванні, і ў бегу, і ў арыентаванні, прадэманстраваць спрыт і гнуткасць розуму. Каманда сельскага Савета, якую ўзначальвае герой артыкула, самая тытулаваная ў раёне: яна 7 разоў станавілася пераможцай злёту. Не адстаюць і школьнікі: на працягу двух апошніх гадоў перамагаюць ва ўсіх узроставых катэгорыях.

Нядаўна вучні Сяргея Бамбізава заваявалі 3 дыпломы (з 4-х атрыманых пастаўчанамі) на абласных спаборніцтвах па арыентаванні, якія праходзілі на возеры Варанец, і цяпер будуць адстойваць гонар Віцебшчыны на аналагічных рэспубліканскіх стартах. За мінулы навучальны год сталі ўладальнікамі 36 дыпломаў раённага і 14 – абласнога ўзроўняў.

Большасць звязаны з турызмам і арыентаваннем, але ёсць і па футболе, баскетболе, настольным тэнісе, біятлоне, лыжных гонках. Што да абласных узнагарод, то 9 з іх належаць 11-класніку Дзмітрыю Казловічу, які з’яўляецца адным з найлепшых арыенціроўшчыкаў Прыдзвінскага краю.

Любоў да спорту настаўнік прывівае падрастаючаму пакаленню ўласным прыкладам. На ўроках ён не стаіць убаку і не назірае, як вучні выконваюць тое ці іншае заданне. Калі бягуць крос, стараецца разам з імі прабегчы частку дыстанцыі, гуляюць у футбол ці валейбол — дае пас, заўсёды ўдзельнічае ў размінцы, каб паказаць, што здаровы лад жыцця — гэта здорава. І школьнікі з задавальненнем ходзяць на ўрокі фізкультуры, расстройваюцца, калі фізрук раптам захварэў.

Сябруюць са спортам і дзеці Сяргея Васільевіча — а іх у яго пяцёра. Старэйшы сын сёлета скончыў Дунілавіцкую СШ і паступіў у ВДУ імя П. М. Машэрава на трэнерскую дзейнасць. Пасля атрымання дыплома вернецца працаваць у наш раён, паколькі ўзяў мэтавае накіраванне ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Малодшая дачка, якая вучыцца ў 8 класе, — адна з прызёраў абласных спаборніцтваў па арыентаванні на Варанцы. Ды і сам Сяргей Бамбізаў па-ранейшаму перамагае ў розных спартыўных спаборніцтвах. У свае 50 гадоў ён дасць фору многім маладым спартсменам.



Я ніколі не стаўлю вучням нізкія адзнакі, калі яны не могуць здаць нейкія нарматывы. Наадварот, стараюся павысіць адзнаку за старанне, стымуляваць такім чынам імкненне займацца фізічнай культурай. Лічу, што нарматывы важныя для спорту вялікіх дасягненняў, які арыентаваны на вынік. У школьных урокаў фізкультуры асноўная задача — прывіць дзецям цягу да рэгулярных заняткаў ёю, умацаваць здароўе.

Сяргей Бамбізаў



Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.