На полях Поставщины трудятся не только аграрии, но и горожане

Важное Сельское хозяйство

У нядзелю сонца не скупілася на яркія промні і цяпло. Многія гараджане адпачывалі на прыродзе, ля вадаёмаў, а хлебаробы з самай раніцы ўжо шчыравалі на жніве. Не марнавалі часу і механізатары ААТ «Ярэва-агра».

У полі за Норкавічамі працавалі тры камбайны. З першым намеснікам старшыні райвыканкама Генадзіем Лютынскім спыняемся ля аднаго з іх. За штурвалам — добра знаёмы нам Сяргей Дунец. Ведаю яго яшчэ з часоў, калі ў раёне дзейнічаў райаграсэрвіс. Сяргей быў адным з найлепшых механізатараў гэтай арганізацыі. Асабліва вызначаўся на жніве. Калі прадпрыемства ліквідавалі, гэты перадавік выпаў з майго поля зроку. Прыемна было ўбачыць яго зноў на жніўным полі.

Паколькі механізатараў у гаспадарках не хапае, у тым ліку і ў ААТ «Ярэва-агра», райвыканкам звярнуўся да кіраўнікоў гарадскіх прадпрыемстваў з просьбай дапамагчы на ўборцы зерневых і зернебабовых людзьмі і тэхнікай. І яны да гэтага аднесліся з разуменнем. Вядома, што рабочыя рукі патрэбны і ў горадзе, тым не менш харчовая бяспека раёна і краіны для ўсіх на першым месцы.

Сяргей Дунец працуе ў лясгасе. На перыяд жніва яго накіравалі ў Ярэва.

— З дзяцінства ў мяне была вялікая цікавасць да тэхнікі, — расказваў. — Таму, можна сказаць, пра што марыў, тое і спраўдзілася. Родам я з Калееўцаў. Скончыў Пастаўскае прафтэхвучылішча, уладкаваўся ў былы калгас «Запаветы Ільіча». І тады мне прапанавалі сесці на камбайн. Вопыту — ніякага. Некаторыя хлопцы яшчэ да вучобы працавалі памочнікамі камбайнераў, а мне не давялося. Крыху хваляваўся, але рызыкнуў. І атрымалася! Жніво для мяне — найшчаслівейшы час. Сем гадоў не ўбіраў, таму цяпер кайфую.

Пасля райаграсэрвісу Сяргей уладкаваўся спачатку ва УП ЖКХ, потым перайшоў у лясгас, дзе працуе на амкадоры. Сапраўдную асалоду атрымлівае ад работы на камбайне. Той, на якім убірае, служыць ужо пятнаццаты сезон. Механізатар яго старанна падладзіў і цяпер шчыруе на жніўных палетках.

Не можа нарадавацца гарадскім памочнікам і кіраўніцтва ААТ «Ярэва-агра». Пакуль гутарылі з Сяргеем, на выгрузку стаў новенькі камбайн «Палессе». Яго гаспадар — Алег Нагановіч. Механізатар ён вопытны.

— На маім папярэднім камбайне працуе Сяргей Дунец, — расказваў Алег Нагановіч. — А мне даверылі новы. Ён ужо прайшоў праверку ў рабоце. Пакуль не падводзіць. Думаю, да маёй пенсіі павінен паслужыць.

Механізатары, размаўляючы, раз-пораз паглядалі на неба: ірваў моцны вецер, і было зразумела, што ён прыгоніць даж­джавыя хмары. Таму кожнаму хацелася хутчэй сесці ў кабіну і ўрэзацца ў азімы ячмень.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.