В Поставском государственном колледже стартовала приемная кампания

Образование

Сёння ў каледжах Беларусі стартавала прыёмная кампанія. Расчыніў дзверы перад абітурыентамі і Пастаўскі дзяржаўны каледж.

— Выбар прафесіі — адказны момант, — гаварыў яго дырэктар Сяргей Шамовіч. — Выпускнікі мараць у будучым быць запатрабаванымі спецыялістамі нарынку працы, займацца любімай справай і атрымліваць годную зарплату. З кожным годам неабходнасць у кваліфікаваных кадрах на прадпрыемствах расце. Іх кіраўніцтва сёння патрабуе ад работнікаў авалодання сучаснымі тэхналогіямі. Таму, акрамя спецыяльнасцей, якім навучалі і раней, вядзём прыём на новыя, напрыклад, «Станочнік дрэваапрацоўчых станкоў». У такіх спецыялістах маюць патрэбу ААТ «Паставымэбля», Пастаўскі мэблевы цэнтр. Прадпрыемствы нават гатовыя заключыць мэтавыя дагаворы на навучанне.

Тэхнікі-механікі, вадзіцелі, трактарысты-машыністы, слесары патрабуюцца не толькі на сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна, але і на гарадскія. Напрыклад, малочнаму і льнозаводу, лясгасу. Ёсць попыт на повараў, кандытараў, прадаўцоў. І ўсе гэтыя спецыяльнасці можна атрымаць у Пастаўскім дзяржаўным каледжы.

Сёлетнія выпускнікі 9-х класаў стаяць перад далейшым выбарам сваёй дарогі. Многія школы ў 10 клас набіраюць толькі тых, у каго высокі сярэдні бал. А калі ён вагаецца каля сямёркі? У такім выпадку можна прадоўжыць вучобу ў Пастаўскім дзяржкаледжы. Цяпер у сельскай гаспадарцы зусім іншыя ўмовы працы, тэхніка і тэхналогіі, чым былі яшчэ некалькі гадоў назад. Адпаведна, мяняюцца і падыходы да прафесійнай падрыхтоўкі. Моцны калектыў выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання (многія з іх — выпускнікі каледжа) даюць трывалыя тэарэтычныя і практычныя веды, бо заказчыкі кадраў цэняць універсальных спецыялістаў. Кожнаму выпускніку ўстановы гарантавана першае рабочае месца.

Яшчэ адна навінка сёлетняга набору ў Пастаўскі дзяржкаледж: на аснове агульнай сярэдняй адукацыі завочна і платна за 1 год і 10 месяцаў можна атрымаць прафесію бухгалтара або перакваліфікавацца па ёй.

У дзяржкаледжы мне даводзіцца бываць часта. Апошнім часам там абнавіўся машынна-трактарны парк, майстэрні. Захапляюся мерапрыемствамі, што ладзяцца ва ўстанове. Навучэнцы ўдзельнічаюць у розных спартыўных спаборніцтвах, рыхтуюць выдатныя творчыя нумары, чым даказваюць, што тут можна не толькі вучыцца, але і ўсебакова развівацца. Камфортна ў інтэрнаце, якім забяспечваюцца ўсе, хто мае ў гэтым патрэбу. Смачна кормяць у сталовай.

Застаецца нагадаць, што прыём дакументаў на спецыяльнасці слесара, трактарыста-машыніста, станочніка, вадзіцеля, прадаўца і кандытара ажыццяўляецца з 15 чэрвеня па 23 жніўня; на спецыяльнасці тэхніка-механіка (дадатковая рабочая прафесія «Слесар па рамонце аўтамабіляў і вадзіцель катэгорыі «С»), повара (дадатковая спецыяльнасць «Афіцыянт») — з 20 ліпеня па 3 жніўня, на бухгалтара — з 20 ліпеня па 13 жніўня.

Прыёмная камісія працуе штодзень, акрамя нядзелі, з 9.00 да 18.00. Яе тэлефон – 2-59-89.

Адбор абітурыентаў праводзіцца на аснове конкурсу сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце навучальнай установы.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.