Грусть и радость одновременно. Поставские выпускники попрощались с беззаботной школьной порой

Образование

14 чэрвеня ў школах рэспублікі прайшлі выпускныя вечары. Яны паставілі фінальную кропку ў працэсе развітання адзінаццацікласнікаў са сваімі навучальнымі ўстановамі, любімымі настаўнікамі і школьнымі сябрамі. Больш за 55 тысяч юнакоў і дзяўчат па ўсёй Беларусі атрымалі атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі. Сярод іх і 195 выпускнікоў з нашага раёна.

У пятніцу вечарам святочная атмасфера панавала ва ўсіх школах і гімназіі Пастаўшчыны. У СШ №1 яна адчувалася ўжо з парога. Радасныя і адначасова ўсхваляваныя дзяўчаты ў вячэрніх сукенках шчабечуць пра нешта, збіраючыся групкамі. Побач больш стрыманыя ў праяўленні эмоцый юнакі ў строгіх касцюмах. Такія ж прыгожа апранутыя, крыху разгубленыя бацькі выпукнікоў, якія з гордасцю глядзяць на сваіх ужо дарослых дзяцей. Абдымкі, смех і ўсмешкі паўсюдна. З густам аформленая фотазона ў фае школы, каля якой пазіруюць для спецыяльна нанятых фатографаў галоўныя героі вечара. Па-асабліваму ўпрыгожаная актавая зала школы, дзе за 15 хвілін да пачатку ўрачыстай часткі мерапрыемства ўжо цяжка знайсці свабоднае месца.

Нарэшце завершаны апошнія прыгатаванні да свята. Наступае вызначаны час. У залу пад дружныя апладысменты бацькоў і настаўнікаў заходзяць 40 адзінаццацікласнікаў у суправаджэнні сваіх класных кіраўнікоў Надзеі Казловай і Ірыны Козіч і займа­юць ганаровыя месцы. Гучыць гімн Рэспублікі Беларусь, пасля якога на сцэну паднімаецца дырэктар школы Валерый Каліцкі.

— Вось і скончылася ваша вучоба ў школе, незаўважна праляцелі 11 гадоў, — кажа, звяртаючыся да маладых людзей, Валерый Мечыслававіч. — Вы паспяхова прайшлі выніковую атэстацыю — здалі цэнтралізаваныя экзамены. Засталося толькі атрымаць дакумент аб адукацыі, які адкрые перад вамі дзверы ў новае, дарослае, жыццё. Няхай яно бу­дзе шчаслівым! Жадаю, каб вы дасягнулі пастаўленых перад сабой мэт. Мы, педагогі, верым у вас і заўсёды будзем рады бачыць вас усценах роднай школы. У добры шлях, дарагія выпускнікі!

Са словам на дарогу да юнакоў і дзяўчат звяртаюцца таксама іх першыя настаўнікі і класныя кіраўнікі, бацькі і малодшыя вучні школы. Ракой ліюцца пажаданні, песні, вершы, успаміны…

А ўспомніць за 11 школьных гадоў маладым людзям, іх педагогам і бацькам ёсць што. Яркія моманты школьнага жыцця, твары настаўнікаў і сяброў-аднакласнікаў, вучэбныя кабінеты і калідоры назаўсёды застануцца ў памяці ў тым ліку дзякуючы цікавым, з гумарам знятым відэафільмам, якія дэманструюцца на экране мультыборда. У іх таленавітымі акцёрамі і сцэнарыстамі праявілі сябе педагогі. Не менш цікавыя і сцэнкі на школьную тэму, якія паказваюць выпускнікі. Увогуле, яны прынялі самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы свайго апошняга школьнага вечара. На працягу яго не толькі спявалі і жартавалі, але і шчыра дзякавалі настаўнікам і бацькам за атрыманыя веды, клопат, падтрымку, абяцалі апраў­даць усе надзеі і спадзяванні.

Кульмінацыйным момантам вечара стала ўручэнне выпускнікам атэстатаў аб агульнай сярэдняй адукацыі і сертыфікатаў з вынікамі цэнтралізаваных экзаменаў. Разам з імі двое вучняў школы — Яраслаў Недзведзь і Дар’я Шастакова — атрымалі залатыя медалі. Яшчэ 25 адзінаццацікласнікаў узнагароджаны пахвальнымі лістамі за асаблівыя поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў. Заўважу: усе выпускнікі вучыліся ў профільных класах з паглыбленым вывучэннем матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, рускай і англійскай моў.

На гэтым афіцыйная частка мерапрыемства завяршылася. Але не закончыўся сам вечар. Ён прадоўжыўся ў школьнай сталовай, дзе для выпускнікоў, іх бацькоў і педагогаў быў арганізаваны банкет. Музыка і песні гучалі ў школе да самай раніцы. А з першымі промнямі сонца юнакі і дзяўчаты разам з класнымі кіраўнікамі выйшлі ў школьны двор, каб сустрэць першае ў сваім жыцці дарослае світанне.

Ганарацца «залатой» выпускніцай

Сёлета на Пастаўшчыне атэстаты з адзнакай, залатыя і сярэбраны медалі ўручаны 14 выпускнікам. Акрамя СШ №1, па два залатыя медалісты ў трэцяй і чацвёртай гарадскіх школах, Пастаўскай гімназіі і Навасёлкаўскай СШ імя А. А. Валодзькі; па адным — у СШ №2 імя Н. М. Асяненкі, Дунілавіцкай і Лынтупскай СШ. Сярэбраны медаліст — у СШ №3. 52 вучні школ раёна атрымалі пахвальныя лісты. Усе адзінаццацікласнікі пацвердзілі свае гадавыя адзнакі на цэнтралізаваных экзаменах. А адна выпускніца — залатая медалістка Дунілавіцкай СШ Дар’я Казловіч — набрала на ЦЭ па беларускай мове максімальна магчымыя 100 балаў.

Як расказала дзяўчына, яна збіраецца паступаць у Беларускі дзяржаўны педуніверсітэт імя М. Танка. Мара стаць педагогам з’явілася яшчэ ў дзяцінстве. А натхніла на гэта першая настаўніца Ірына Шубко, ад якой Даша загарэлася жаданнем выкладаць у пачаткоўцаў. Пазней прафесійны выбар «скарэкціравала» намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Нэлі Латушкіна. З 5 класа Нэлі Пятроўна вяла ў Дашы і яе аднакласнікаў урокі беларускай мовы і літаратуры і захапіла дзяўчынку родным словам. Пад яе кіраўніцтвам здольная вучаніца штогод удзельнічала ў прадметнай алімпіядзе і рэгулярна займала прызавыя месцы ў раёне, а два гады назад заваявала дыплом ІІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскага спаборніцтва. Тады ж цвёрда вырашыла быць філолагам і настойліва ішла да пастаўленай мэты, шмат займалася самастойна і з педагогам.

Дзякуючы 100-бальнаму выніку на ЦЭ мара стала на некалькі крокаў бліжэй.



Ірына Кішко, дырэктар Дунілавіцкай СШ:

На такі высокі вынік мы разлічвалі. Яшчэ на рэпетыцыйным цэнтралізаваным экзамене па беларускай мове Даша набрала 100 балаў. А потым пацвердзіла, што гэта было невыпадкова. Дзяўчына не толькі разумная, але і вельмі працавітая, актыўная. На працягу многіх гадоў яна была вядучай усіх школьных мерапрыемстваў, заўсёды прымала ўдзел у працоўных акцыях. Вельмі ганарымся сваёй вучаніцай і тым, што даём дзецям выдатныя веды!



Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.