Атрибут для релаксации. Казимир Липик вяжет банные веники для себя и родных

Общество

Атрыбут для рэлаксацыі ад Казіміра Ліпіка. Гэта я пра венікі для лазні, вязаць якія трэба ўмець. У гэтым я ўпэўненая як заўзятая парыльшчыца.

Венік ды пар — для здароўя дар. Так сцвярджае народная прымаўка. Для большасці тых, хто ходзіць у лазню, галоўнае — ад душы прагрэцца з венікам і надыхацца яго водарам, што танізіруе, супакойвае, дадае сіл і бадзёрасці. Пасля парыльні адчуваеш сябе так, нібыта наноў нарадзіўся. Найбольш папулярныя венікі — бярозавыя, дубовыя або змешаныя. У лісці бярозы ўтрымліваюцца дубільныя рэчывы, аскарбінавая кіслата, эфірны алей, вітамін С. Такі венік здымае непрыемныя адчуванні пасля інтэнсіўных фізічных нагрузак, пашырае бронхі. Дубовы з-за шырокага лісця больш падобны на паветраны вентылятар. Ён самы аптымальны варыянт для людзей з артэрыяльным ціскам. Хтосьці аддае перавагу венікам з рабіны, ліпы, ядлоўцу.

Асабіста я магу адразу вызначыць, які венік звязаны майстрам, а ў якім галінкі дрэва проста перавязаны шпагатам. Некаторыя з іх не вытрымліваюць нават аднаго заходу ў парыльню, не тое што два, а то і тры паходы ў лазню. Здавалася б, у вязанні венікаў няма нічога складанага. Аднак работа гэта карпатлівая і патрабуе пэўных навыкаў: трэба ў вызначаны час нарыхтаваць адпаведнае галлё, скласці галінку да галінкі так, каб венік атрымаўся роўным, трывалым і прыгожым. Парыцца венікам, зробленым прафесіяналам, заўсёды зручна і лёгка.

Для сябе і сяброў

Сярод тых, чые венікі мне вельмі падабаюцца, пастаўчанін Казімір Ліпік. Некалькі гадоў таму на перыяд іх нарыхтоўкі ён афармляў рамесніцкую дзейнасць і свае вырабы прадаваў на рынку. Цяпер набывае ў лясгасе лясны білет і вяжа венікі для сябе і родных. Часам просяць сябры. Ну як ім адмовіш?

Вязаць венікі для Казіміра Адамавіча — сапраўднае задавальненне. З дома выязджае рана, у вызначаным для нарыхтоўкі галля месцы вострым нажом або секатарам зразае маладыя роўныя і гнуткія галінкі даўжынёй 50-70 сантыметраў (для дрэўцаў гэта як санітарная абрэзка ў садах). А падымецца сонца — вяртаецца дадому. Крыху адпачне, а затым зноў бярэцца за работу: рассцілае ў гаражы, дзе не так горача, посцілку, выгружае матэрыял і стварае лазневыя атрыбуты. Калі пахмурна, працуе ў двары дома. Каб было весялей, у гаражы ўключае радыё і слухае музыку, навіны.

— Майстэрства вязаць венікі я пераняў ад свайго швагра Жоры Доўмана, якога, на жаль, ужо няма, — апавядаў Адамавіч. — Нешта ў тэхналогіі дадумаў сам. Ніжнюю частку галінак ачышчаю ад лісця, складаю два роўныя пучкі і пераплятаю іх паміж сабой, звязваю шпагатам. Верхнюю перавязку раблю бліжэй да камля. Лішняе абразаю і раўняю. Для ніжняй перавязкі выкарыстоўваю хамуцікі-сцяжкі. Калі венік падсохне, хамуцік можна зацягнуць тужэй. Вырабы атрымліваюцца акуратныя і лёгкія. Гэта сапраўдны атрыбут для рэлаксацыі ў лазні. А каб яны служылі даўжэй, іх трэба не толькі правільна захоўваць, але і перад выкарыстаннем запарваць.

Гараджанін з натурай вяскоўца

Радзіма Казіміра Ліпіка — вёска Буцавічы Камайскага сельсавета. Пасля 8 класаў паступіў у гідрамеліярацыйны тэхнікум у Латвіі. Там пачынаў і працоўную дзей­насць. Пазней вярнуўся ў Паставы, уладкаваўся ў «Рассвет Пастаўскі». Ажаніўся. Жонка працавала ў райсельгасхіміі і яго ўгаварыла перайсці туды.

— Хоць жыву ў горадзе, але па натуры я вясковы чалавек, — расказваў Казімір Адамавіч. — Мы з жонкай пабудавалі дом, трымалі гаспадарку, садзілі шмат бульбы і агародніны, сеялі збожжавыя. А як па закінутых садах восенню нарыхтоўвалі яблыкі! Крапіва ды іншае пустазелле — у рост чалавека. Яго спачатку скошвалі, потым абтрасалі яблыкі з яблынь, збіралі ў мяшкі, загружалі ў машыну і вазілі ажно ў Падсвілле. Усезон збіралі чарніцы, журавіны і здавалі нарыхтоўшчыкам. Калі райсельгасхімію расфарміравалі, давялося папрацаваць на кансервавым заводзе, у прыватнай фірме. На пенсію пайшоў з Пастаўскага мэблевага цэнтра.

Сёлета Казіміру Ліпіку споўнілася 73 гады. Сын і дачка, якія жывуць у Мінску і маюць свае сем’і, угаварылі бацькоў збыць гаспадарку, скараціць плошчу пад агароды. Але Адамавіч без справы не можа. Па-ранейшаму працуе: у ацяпляльны сезон качагарыць, летам дае водпускі вартаўнікам райветстанцыі, у чэрвені-ліпені актыўна нарыхтоўвае венікі. Ён перакананы, што правiльная лазня з добрым венікам — найлепшы спосаб барацьбы са стрэсам, яна «змывае» негатыў, умацоўвае імунітэт, стварае пазiтыўны настрой i напаўняе новымi сiламi.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.