Паставам — 615 год! Месца гонару і славы горад любімы Паставы

Главное Общество

Тут шчасце ёсць!

«Калі б у мяне спыталі, дзе на зямлі ёсць шчасце,

адказала б, што яно ёсць у Паставах…»

Звычайна гэтымі словамі пачынаюцца ўсе экскурсіі па нашым горадзе. Яны належаць сучасніцы Канстанціна Тызенгаўза, польска-літоўскай пісьменніцы ХІХ стагоддзя Альбіне Габрыэлі Пузынінай, і з імі нельга не пагадзіцца.

Паставы — цудоўны горад, які натхняе на творчасць мастакоў, музыкантаў, паэтаў. Горад, дзе кожны знойдзе што-небудзь асаблівае для сябе. Калі вы стаміліся ад мітусні мегаполісаў, вам проста неабходна наведаць наш маленькі аазіс шчасця і трапіць ва ўладу невыказнага зачаравання.

Горад жыве, пакуль гараджане захоўваюць яго гісторыю і атмасферу, адчуваюць сябе датычнымі да ўсіх падзей яго жыцця. А пастаўчане менавіта такія. Яны не толькі шчодра дзеляцца з гасцямі скарбніцамі гісторыі, культуры і міфалогіі роднага краю, але і прымнажаюць іх.

Сплялася ява з даўніною

А ці ведаеце вы, што Паставы маюць свой гімн? Яго словы напісаў мясцовы паэт Аркадзь Нафрановіч, музыку — вядомы беларускі кампазітар Леанід Захлеўны. У ім ёсць такія словы:

Святыя храмы над ракою,
Званоў спрадвечны перазвон.
З глыбокай слаўнай даўніною
Сплялася ява нашых дзён.

Дык вось, пра даўніну. Упершыню ў гістарычных дакументах паселішча Паставы ўзгадваецца ў 1409 годзе. Яно было шчыльна звязана з гісторыяй знакамітага і багатага роду Зяновічаў. У 1720 годзе Паставы перайшлі ва ўладанне роду Тызенгаўзаў. Гродзенскі стараста, рэфарматар Антоній Тызенгаўз ператварыў свой радавы маёнтак у адзін з цэнтраў культуры і прамысловасці краю. Была арганізавана мануфактурная вытворчасць, пабудаваны ўнікальны архітэктурны ансамбль на цэнтральнай плошчы, пачата ўзвядзенне палаца.

Пры траюрадным пляменніку Антонія, Канстанціну Тызенгаўзу, у першай палове ХІХ стагоддзя горад стаў навуковым і культурным цэнтрам Віленскай губерні Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі. У дабудаваным палацы стварылі вялікі арніталагічны музей, карцінную галерэю, бібліятэку. У другой палове ХіХ стагоддзя Паставы перайшлі ва ўладанне графскаму роду Пшэздзецкіх. Пры іх пабудавалі царкву і касцёл, Паляўнічы замак, у якім да пачатку Першай сусветнай вайны штогод праходзілі практычныя заняткі Санкт-Пецярбургскай афіцэрскай кавалерыйскай школы.

Хіба не ўражвае такая гісторыя? І як не зберагаць яе і не ганарыцца ёй? Адрамантаваны і абноўлены царква Свяціцеля Мікалая Цудатворца і касцёл Святога Антонія Падуанскага, палац Тызенгаўзаў (у яго памяшканнях адкрыты музей), архітэктурны ансамбль рыначнай плошчы, ва­дзяны млын. Гэтыя і іншыя помнікі архітэктуры нязменна прыцягваюць да сябе ўвагу гасцей нашага горада.

Зачаруюць Азёркі

Наведаць Паставы і не пабываць на спартыўна-турыстычным комплексе «Азёркі», што ўсяго за тры кіламетры ад горада, недаравальна. Вось дзе сапраўды чароўнае месца!

Тут цудоўная прырода, можна палюбавацца лясным і азёрным пейзажам, пакатацца на гідрацыкле, лодках, байдарках, катамаранах, сапбордах, прагуляцца па экалагічнай і казачнай сцежках. Аматараў экстрэмальных відаў спорту вабіць вяровачны парк. Дзве яго трасы лёгкага і сярэдняга ўзроўняў складанасці разлічаны на розныя ўзроставыя катэгорыі. Самыя смелыя адважваюцца на скорасны спуск над возерам па тросе даўжынёй 160 метраў.

У любую пару года ў Азёрках жыццё б’е крыніцай. Тут праходзяць турыстычныя злёты, спартыўныя спаборніцтвы, фестывалі не толькі раённага, але і абласнога, рэспубліканскага ўзроўняў, канцэрты, туры выхаднога дня, анімацыйныя праграмы і інш.

Разнастайная і інфраструктура СТК «Азёркі»: утульныя альтанкі, кемпінг, месца для ўстаноўкі палатак, гасцявы домік з лазневым пакоем, гасцініца.

Не толькі цымбалы – душа заспявае

Зноў прыйшло да нас свята народнай музыкі і песні. Фестываль традыцыйны, але кожны раз ён дорыць новыя знаёмствы, адкрывае новыя імёны, натхняе на творчасць. На яго прыязджаюць людзі, якія ведаюць свае карані, даражаць спадчынай продкаў і прымнажаюць яе, імкнуцца ўмацоўваць сяброўства народаў.

Пастаўчане рады сустракаць удзельнікаў і гасцей вялікага музычнага форуму і жадаюць, каб падчас святочных дзей спявалі не толькі цымбалы і гармонік, але і ў душы кожнага гучала музыка лета, любові і дабрыні. А як напамін пра наш прыгожы і гасцінны горад у вас застануцца не толькі сувеніры, але і гэты святочны нумар газеты.

Таленты прарастаюць у школе

У горадзе працуе гімназія, 4 агульнаадукацыйныя школы і 2 школы мастацтваў, раённы цэнтр дзяцей і моладзі, дзе юныя пастаўчане маюць усе ўмовы для рознабаковага развіцця. А цэнтрамі культурнага жыцця гараджан з’яўляюцца раённы Дом культуры, канцэртная зала па вуліцы Чырвонаармейскай, раённая і дзіцячая бібліятэкі, летні амфітэатр. Вялікай папулярнасцю ў гледачоў карыстаюцца народныя ансамблі «Паазер’е», «Вітанне», «25 плюс-мінус», дзіцячыя ўзорныя студыі «Юніта» і «Каскад». Ахвотна выступаюць на пастаўскай сцэне артысты беларускай эстрады.

І на Японію «замахнуліся»

Скажаце, што нашым правінцыйным Паставам да Японіі, як да Месяца. А вось і не, бо для бізнесу не існуе межаў. Пацвярджэннем таму стаў нядаўні візіт дэлегацыі прамысловай карпарацыі з Японіі на прыватнае прамысловае ўнітарнае прадпрыемства «Пастаўскі мэблевы цэнтр». Японцаў зацікавіла мэбля, якую тут вырабляюць. А гэта каля 40 відаў крэслаў, 15 відаў сталоў, камоды, шафы, ложкі, а таксама дзверы і паркет. Геаграфія паставак гатовай прадукцыі — каля 20 краін. Хутчэй за ўсё, да экспарцёраў прыбавіцца яшчэ і Японія.

А якім вялікім попытам карыстаецца прадукцыя Пастаўскага малочнага завода! Смачная, якасная, яна паступае ў Расію, Узбекістан, Казахстан. Менавіта два гэтыя прадпрыемствы з’яўляюцца вядучымі ў раёне. Таксама паспяхова працуюць у горадзе мясакамбінат, ільнозавод, заводы «Беліт», «Проміс», «Паставымэбля».

Нельга не адзначыць дзяржаўнае прадпрыемства «Рассвет Пастаўскі», якое ўзводзіць шмат жылля ў райцэнтры і вытворчыя аб’екты ў раёне. А калектывы дзвюх дарожных арганізацый — ДЭУ-33 і ДРБУ-132 — у належным стане ўтрымліваюць дарогі.

Ды хіба магчыма назваць усе прадпрыемствы і арганізацыі, якія дзейнічаюць у райцэнтры? Скажу адно: пастаўчане — людзі працавітыя і гаспадарлівыя. Зрэшты, госці пераканаюцца ў гэтым самі, убачыўшы нашы вуліцы, плошчы, скверы, адміністрацыйныя і прыватныя будынкі.

Падрыхтавала Фаіна Касаткіна
Фота Людмілы Зелянкевіч і Сяргея Вшыўкава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.