«Хочешь сделать хорошо – сделай сам» – таким принципом руководствуется во всех делах Оксана Михалевич из Воропаева

Общество

Пазнаёміцца з ёй мне прапанавала адна з жыхарак гарпасёлка, пастаянная чытачка «Пастаўскага краю».

— Акрамя таго, што Аксана Вячаславаўна выкладае ў нашай школе мастацтваў, выдатна грае на акардэоне, спявае на сцэне, дык яшчэ і нястомная працаўніца ў сваім доме і агародзе, адмысловая гаспадыня, — гаварыла яна.

Сама Аксана характарызуе сябе сціпла:

— Я сярэднестатыстычная жанчына. Хіба, больш моцная і вынослівая фізічна, чым некаторыя іншыя, і не падзяляю работу на мужчынскую і жаночую.

Мужчынскай навучыў бацька. На яго, дбайнага і ўмелага гаспадара, звалілася цяжкая хвароба вачэй. Спачатку аслеп на адно вока, праз некаторы час — і на другое. Пакуль бачыў, стараўся падрыхтаваць адзіную дачку да самастойнага жыцця. «Трэба ўмець усё, каб ні ад кога не залежаць», — гаварыў ёй і вучыў карыстацца сякерай і малатком, трымерам і звычайнай касой, кіраваць машынай і матаблокам. Не ўсё атрымлівалася адразу. Плакала, кідала, але, супакоіўшыся, зноў вярталася да бацькавай навукі.

— Зараз тата нават шкадуе, што многаму навучыў мяне і я шмат працую, — расказвае жанчына. — А я вельмі ўдзячная яму. Жыву па прынцыпе: хочаш зра­біць добра — зрабі сам! Зараз у нас такое спалучэнне: татаў вопыт — мае рукі. Для мяне не праблема паставіць парнік, узараць матаблокам агарод, абкасіць трымерам траву на ўчастку, прычым за сезон разы чатыры.

Яна жыве адна ва ўласным доме, ля якога 20 сотак агарода. Амаль столькі ж ля дома бацькоў на іншай вуліцы гарпасёлка. Маючы такую прастору, не пасядзіш склаўшы рукі. Пасадзіць агародніну — толькі паўсправы, яе трэба даглядаць: палоць, рыхліць глебу, паліваць, падкормліваць, а сабраўшы ўра­джай — спарадкаваць. К восені ўсе паліцы склепа застаўлены слоікамі нарыхтовак не толькі з садавіны і агародніны, але і з грыбоў, ягад.

— Люблю ездзіць у лес з мамай, — дзялілася Аксана. — Яна ведае ўсе грыбныя і ягадныя мясціны, і з ёй не заблудзішся.

Іншы раз жанчына так напрацуецца, што не застаецца ніякіх сіл. А праз дзень ці два ёй трэба выходзіць на сцэну. Адпачывае, прыво­дзіць сябе ў парадак — і ўжо зусім не такая, як у лесе ці агародзе. «Лічу, што артыст, а тым больш настаўнік музычнай школы, павінен быць прыгожым і знешне, і душой», — заключае Аксана.

Яна скончыла Наваполацкае музычнае вучылішча і Віцебскі педінстытут імя П. М. Машэрава. 8 гадоў кіравала Варапаеўскім Домам культуры. Актыўна выступала на сцэне не толькі ў гарпасёлку, але і ў Паставах і нават у праграме «Зорная ростань», якая ішла па Беларускім тэлебачанні. Пакінуўшы пасаду дырэктара Дома культуры, працавала ў Гуцкім філіяле Варапаеўскай школы мастацтваў імя І. Сушко. Зараз вучыць дзяцей ігры на баяне і акардэоне ў самой школе. Вельмі любіць усіх сваіх вучняў, ганарыцца былымі выпускнікамі. Па сумяшчальніцтве вядзе ўрокі і ў мясцовай агульнаадукацыйнай школе.

Нагрузка вялікая, але Аксана Вячаславаўна знаходзіць час і на адпачынак. Кожнае лета яна разам з мамай адпраўляецца ў турыстычныя паездкі, і менавіта маці з’яўляецца ініцыятарам такіх паездак. Пабывалі ў Санкт-Пецярбургу, Карэліі, многіх цікавых мясцінах Беларусі, падарожнічалі па маршруце «Золотое кольцо России».  Летась два тыдні правялі ў Дагестане і Чачні. Уражанні незабыўныя. «Беларусаў там вельмі любяць, — расказвала Аксана. — А мы былі ў захапленні ад прыроды, Каспійскага мора і найбольш ад саміх людзей — адкрытых, дружалюбных, гасцінных. Сёлета мару пра Байкал і Адыгею, аднак канчаткова яшчэ не вызначыліся з мамай, куды паедзем. Вельмі вабіць Куба, але баюся лятаць на самалёце…

Ну хіба не напоўненае справамі і падзеямі жыццё? Рэальнае, а не віртуальнае. На сацыяльныя сеткі ў Аксаны няма ні часу, ні жадання. Кажа: «Калі і заходжу ў інтэрнэт, то толькі дзеля таго, каб адшукаць патрэбную фанаграму або пагля­дзець, якое чакаецца ў бліжэйшыя дні надвор’е. Перавагу аддаю кнігам і жывым зносінам з людзьмі».

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.