Курение является одной из самых больших угроз здоровью человека

Здравоохранение

31 мая — Сусветны дзень без тытуню

Курэнне з’яўляецца адной з самых вялікіх пагроз здароўю чалавека. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод яно прыводзіць да смерці амаль 7 мільёнаў чалавек. З іх больш за 6 мільёнаў — гэта спажыўцы і былыя спажыўцы тытуню і больш за 890 тысяч — людзі, якія не кураць, але падвяргаюцца ўздзеянню другаснага тытунёвага дыму.

У курцоў дастаткова хутка фарміруецца прывыканне да нікаціну, які ўтрымліваецца ў тытунёвым лісці, што абумоўлівае моцную патрэбу закурыць зноў і зноў. Таксама ў тытунёвым дыме прысутнічае шэраг іншых небяспечных хімічных рэчываў, такіх як смолы, радыеактыўны палоній, мыш’як, свінец, вісмут, аміяк, арганічныя кіслоты. Яны паступова пагаршаюць здароўе.

Многія лічаць, што курэнне цыгарэты з фільтрам бяспечнае, бо фільтр абараняе ад шкодных рэчываў, а лёгкія цыгарэты аказваюць мінімальнае ўздзеянне на арганізм. Але гэта не так. Шкода любых цыгарэт аднолькавая, а працяглае курэнне выклікае захворванні розных органаў і сістэм. У прыватнасці, павялічвае рызыку развіцця астэапарозу, інсульту і анеўрызмы сасудаў мозгу, можа стаць прычынай анкалагічнага працэсу ў любым органе: лёгкіх, страваводзе, гартані, ротавай поласці, горле, нырках, мачавым пузыры, страўніку і падстраўнікавай залозе, шыйцы маткі.

Пры курэнні тытуню ў арганізм трапляе вялізная коль­касць прадуктаў згарання і смолы, якія стымулююць пухлінны працэс, — расказвае ўрач-анколаг Пастаўскай ЦРБ Дзіна Трава. — На развіццё ракавых пухлін уплываюць не толькі канцэрагены з тытунёвага дыму, але і нікацін — ён павялічвае верагоднасць развіцця раку грудзей. Калі кі­нуць курыць, верагоднасць з’яўлення ракавай пухліны ў лёгкіх, дзе яна развіваецца часцей за ўсё, знізіцца на 90%. Даказана, што пасіўнае курэнне выклікае рак лёгкіх і ў людзей, якія не кураць.

Па словах Дзіны Пятроўны, за год на Пастаўшчыне выяўляецца шмат выпадкаў раку лёгкіх, большая палова якіх — у курцоў. Таксама летась выяўлены выпадкі раку поласці рота, страўніка, малочнай залозы. Ёсць яны і сёлета.

Існуе меркаванне, што вейпы не выклікаюць ніякай рэакцыі ў арганізме, паколькі не ўтрымліваюць нікаціну, — працягвае ўрач. — Іх уздзеянне заснавана на высокіх тэмпературах, якія могуць выклікаць апёкі слізістых абалонак вуснаў, бронхаў, іншых органаў, а ў далейшым — прывесці да анкалагічных і неанкалагічных пашкоджанняў тканак. Негатыўна ўплываюць на здароўе і электронныя цыгарэты, дым якіх мае канцэрагеннае дзеянне. Таму, кінуўшы курыць звычайныя цыгарэты, давядзецца адмовіцца і ад іх замяняльнікаў. А калі да таго ж правільна харчавацца і адпачываць, не забываць пра своечасовую дыспансерызацыю — у вас з’явіцца шанц не сустрэцца з анкалагічным захворваннем.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.