23 августа — День работников государственной статистики Беларуси. Статист Галина Вежан

Общество

Цікавая няпростая работа

23 жніўня сваё прафесійнае свята адзначылі работнікі дзяржаўнай статыстыкі Беларусі. Асноўная задача гэтага органа заключаецца ў задаволенні патрэбы грамадства, дзяржавы і міжнароднай супольнасці ў афіцыйнай статыстычнай інфармацыі, якая адыгрывае ключавую ролю ў выпрацоўцы і прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў, з’яўляецца крыніцай фарміравання аб’ектыўных і праўдзівых даных аб эканамічным, дэмаграфічным, сацыяльным і экалагічным становішчы краіны. Статыстыкай ахоплены практычна ўсе бакі жыцця дзяржавы, грамадства і асобы.

Адзін з напрамкаў дзейнасці дзяржстатыстыкі — выбарачнае абследаванне дамашніх гаспадарак па ўзроўні жыцця. Праводзіцца яно з мэтай выяўлення асноўных тэндэнцый змянення дабрабыту насельніцтва, ацэнкі ўзроўню малазабяспечанасці і ступені няроўнасці па даходах, даступнасці асноўных сацыяльных даброт для розных сацыяльна-дэмаграфічных груп. Атрыманая інфармацыя выкарыстоўваецца пры разліку індэкса спажывецкіх цэн на тавары і паслугі, у іншых эканоміка-статыстычных разліках.

Абследаванне арганізавана ва ўсіх абласцях краіны і г. Мінску на пастаяннай аснове. Для яго правядзення штогод фарміруецца выбарачная сукупнасць з 6 000 дамашніх гаспадарак шляхам выпадковага адбору адрасоў жылых памяшканняў. Дзякуючы такому падыходу, у ім прымаюць удзел дамашнія гаспадаркі рознага складу (адзінокапражываючыя грамадзяне, сем’і з дзецьмі і без дзяцей) і з розным ўзроўнем дастатку. У Паставах выбіраецца 45 адрасоў, а абследуе іх Галіна Вежан.

У раённым аддзеле статыстыкі Галіна Тадэвушаўна працуе з 2009 года. Спачатку праводзіла абследаванне ў Камаях, цяпер — у райцэнтры. Сваю работу жанчына называе цікавай, хоць і няпростай.

— Працаваць з людзьмі цяжка, але цікава, — кажа яна. — Амаль да кожнага чалавека трэба знайсці падыход, умець выклікаць сімпатыю і давер да сябе, інакш нічога не атрымаецца. Зараз многія баяцца, што інфармацыя пра іх будзе абнародавана, бо пытанні, на якія трэба адказаць, датычаць розных бакоў жыцця: асабістага, сямейнага, фінансавага. Прыходзіцца тлумачыць, што ўсё канфідэнцыяльна, атрыманыя даныя будуць выкарыстаны толькі для фарміравання афіцыйнай статыстычнай інфармацыі. Калі адны — у асноўным пенсіянеры — рады твайму прыходу, то іншыя могуць і на парог не пусціць: адчыняць дзверы і тут жа зачыняюць.

Кожную з выбраных домагаспадарак Галіна Вежан наведвае 3-4 разы на месяц. Прыносіць спецыяльныя журналы для запаўнення, у якія рэспандэнты заносяць усе свае даходы, расходы і іншыя звесткі. Потым забірае іх, зводзіць атрыманую інфармацыю, робіць справаздачу і адпраўляе яе ў Віцебск. Рабочы дзень у жанчыны ненарміраваны, яна стараецца падстроіцца пад людзей: можа прыйсці да іх вечарам ці ў выхадныя.

За гады працы ў статыстыцы з Галінай Тадэвушаўнай пазнаёміліся многія гара­джане. Некаторыя, сустрэўшыся з ёй пасля ўдзелу ў абследаванні дамашніх гаспадарак, расказваюць, што працягваюць весці запіс сваіх даходаў і расходаў.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.