Штогод з 24 па 30 красавіка ў Беларусі, як і ў іншых краінах, праводзіцца Сусветны тыдзень імунізацыі. Ён накіраваны на павышэнне дасведчанасці насельніцтва пра важнасць імунізацыі для прафілактыкі захворванняў. Лозунг сёлетняга тыдня — «Дабіцца імунізацыі для ўсіх — у нашых сілах». Яго мэта — расшырыць маштабы абароны дзяцей, падлеткаў і дарослых ад тых захворванняў, якія можна трымаць пад кантролем з дапамогай вакцын.
Вынаходніцтва вакцын з’яўляецца адным з найвялікшых дасягненняў чалавецтва. За апошнія 50 гадоў дзякуючы ім было выратавана не менш за 154 мільёны жыццяў. Уклад вакцынацыі ў паляпшэнне паказчыкаў выжывальнасці немаўлят за гэты час склаў 40%.
У сучасным узаемазвязаным свеце ўспышка інфекцыі ў адной геаграфічнай кропцы стварае пагрозу ўсёй планеце. Вакцынацыя дапамагае не толькі захаваць жыццё, але і ставіць заслону распаўсюджанню такіх смяротна небяспечных захворванняў, як адзёр, дыфтэрыя, халера і інш. Прафілактычныя прышчэпкі важна рабіць своечасова, з рэкамендаванай перыядычнасцю. Не трэба чакаць, пакуль адбудзецца ўспышка. Тады на атрыманне ўсіх доз вакцыны, якая абараняе ад інфекцыі, можа проста не хапіць часу.
У Рэспубліцы Беларусь зацверджаны Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак, якія праводзяцца ў пэўныя перыяды жыцця чалавека. Ён уключае ў сябе прышчэпкі супраць такіх інфекцый, як гепатыт В, дыфтэрыя, коклюш, адзёр, эпідэмічны паратыт (свінка), краснуха, поліяміэліт, слупняк, туберкулёз, грып, гемафільная і пнеўмакокавая інфекцыі. У 2024 годзе ў каляндар унесена дапаўненне па імунізацыі дзяўчынак ва ўзросце 11 гадоў супраць віруса папіломы чалавека, дзяцей 6 гадоў — супраць коклюшу, а малых да 1 года — супраць пнеўмакокавай інфекцыі.
З канца сакавіка гэтага года ў Пастаўскай ЦРБ ужо пачалі прышчапляць дзяцей, якім споўнілася 2 месяцы, супраць пнеўмакока. Як патлумачыла раённы педыятр Зоя Шчалкун, такая прышчэпка робіцца тройчы: у 2, 4 месяцы і 1 год. Зараз у медустанове з дня на дзень чакаюць паступлення вакцыны супраць віруса папіломы чалавека, ужо складзены спісы дзяўчынак, якія падлягаюць вакцынацыі. Таксама ў хуткім часе павінны атрымаць і вакцыну супраць коклюшу.
Усе прафілактычныя прышчэпкі, уключаныя ў Нацыянальны каляндар, бясплатныя для насельніцтва.
Калі ж чалавек жадае прышчапіцца супраць іншых інфекцый, ён можа зрабіць гэта за асабістыя сродкі. Трэба звярнуцца да ўчастковага тэрапеўта, і той закажа патрэбную вакцыну.
Што да тыдня імунізацыі, то падчас яго на Пастаўшчыне запланавана нямала мерапрыемстваў. На базе ЦРБ адбудзецца ўрачэбная канферэнцыя «Актуальныя пытанні імунапрафілактыкі ў Рэспубліцы Беларусь». У паліклініцы медыкі будуць кансультаваць па гэтых пытаннях усіх, хто праходзіць дыспансерызацыю. Тым часам у холе медустановы арганізуюць дэманстрацыю адпаведных слайдаў. У ТЦСАН пройдзе тэматычная дыялогавая пляцоўка і будзе працаваць інфармацыйны кол-цэнтр. На рынку Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства 27 красавіка з дапамогай радыётрансляцыі раскажуць наведвальнікам пра спецыфічную прафілактыку сезонных захворванняў. У інфармацыйную кампанію ўключацца таксама прадстаўнікі і валанцёры Чырвонага Крыжа. Яны правядуць анкетаванне пастаўчан у гандлёвых кропках горада.
Алена Шапавалава