ААТ «Янавіца-агра» сярод першых у раёне завяршае сяўбу яравых зерневых і зернебабовых.
У аўторак цёмныя хмары не раз за дзень закрывалі сонца над Паставамі і пасыпалі зямлю густым снегам. А каля вёскі Фаворы, што недалёка ад дарогі на Лынтупы, на палях ААТ «Янавіца-агра» ва ўсю сеялі ячмень. З дырэктарам сельгаспрадпрыемства Андрэем Купраном накіроўваемся да трактара з сеялкай. Кіраўнік ходам яравой сяўбы пакуль задаволены.
— План у нас невялікі — 270 гектараў, — расказваў Андрэй Купран. — Засеялі ўжо 264. Усе яны на рахунку аднаго з найлепшых механізатараў малочнага завода Генадзія Шушкевіча. Ён працуе на энерганасычаным трактары з сучаснай сеялкай. Сяўбой займаецца шмат гадоў. Добра ведае тэхніку, старанны, таму і работа спорыцца: за дзень засявае да 40 гектараў.
Сеяльшчык сустракае нас усмешкай. Настрой у яго, як заўсёды, выдатны.
— Кажуць, шмат дзе непагадзь прыпыніла сяўбу, — гаварыў Генадзій. — А нас снег аблятаў бокам, таму і прастояў не было. Без затрымак дастаўляецца насенне. Са склада ў поле яго прывозіць Валерый Тарговіч. На трактары з загрузчыкам дзяжурыць Славамір Паўкштэла. Дзякуючы дакладна арганізаванай рабоце рытм пасяўной не збіваецца. Своечасова рыхтуецца глеба.
З Андрэем Купраном адпраўляемся на поле каля Палесся. Са слоў кіраўніка даведваюся, што восенню ў гаспадарцы ўдалося на ўсёй запланаванай плошчы правесці зяблевае ворыва. Пакінулі толькі 12 гектараў, на якіх складзіравалі арганіку, што вывозілі з ферм. Восенню на 1 300 гектарах загарнулі ў глебу насенне азімых зерневых, на 400 га пасеялі рапс. Культуры добра перазімавалі. Іх ужо падкармілі і разлічваюць на нядрэнны ўраджай. Яравую сяўбу пачалі з пясчаных земляў у Казнадзеюшках, бо на іншых палях было макравата.
Каб даехаць да поля каля Палесся, на дырэктарскай «Ніве» прыйшлося пераадолець некалькі нізін. Тут першым следам па зяблевым ворыве ішоў трактар з дыскамі, якім кіраваў Валянцін Лукашэвіч. Сёлета механізатар атрымаў права на пенсію, але па просьбе дырэктара застаўся працаваць.
У 2023 годзе сельгаспрадпрыемства намалаціла багата насення рапсу. Тады за ўласныя сродкі правялі рэканструкцыю адной з ферм, у лізінг набылі для гаспадаркі прычэп, бочку і дыскі. Дыскі замацавалі за Валянцінам Лукашэвічам. Дырэктар жартуе, што працаваць механізатару давядзецца да таго часу, пакуль будзе служыць агрэгат.
Па следзе за дыскамі рухаўся трактар з культыватарам Фёдара Бартунскага.
— Без дапамогі механізатараў малочнага завода справіцца з усімі работамі было б складана, — гаварыў Андрэй Купран. — Удзячны за падтрымку кіраўніцтву прадпрыемства, асабліва Канстанціну Гайлеўскаму. З ім знаёмы яшчэ па сумеснай працы ў «Камайскім-агра». Калі мяне, 27-гадовага, тры гады таму накіравалі ў «Янавіцу», трывожыўся: не ведаў ні людзей, ні палёў. Але Генрыхавіч падбадзёрыў. Да яго часта звяртаўся і звяртаюся па параду. Мы з ім знайшлі ўзаемаразуменне. Канстанцін Генрыхавіч не толькі вопытны, але і ініцыятыўны, дальнабачны кіраўнік, сапраўдны гаспадар, кампетэнтны ва ўсіх пытаннях і ўмее арганізаваць працу. З яго стараюся браць прыклад.
Сяўба яравых зерневых і зернебабовых у ААТ «Янавіца-агра» выйшла на фінішную прамую. Але работы наперадзе яшчэ нямала: трэба пасеяць люцэрну, пасля яе на чарзе — рапс і кукуруза. Хлебаробы настроеныя на плённую працу і, адпаведна, на высокі ўраджай.
Анна Анішкевіч