Лідзія Атрахімовіч — настаўнік вышэйшай катэгорыі. Яе педагагічны стаж складае 34 гады. Працавала ў Андронаўскай яслі-сад—базавай школе: вяла пачатковыя класы, у іншых выкладала рускую мову і літаратуру. Акрамя таго, выконвала абавязкі педагога-арганізатара, праяўляла шмат творчасці. Пасля закрыцця ў вёсцы школы два гады настаўнічала ў СШ №3, а ў жніўні 2023-га пайшла на льготную пенсію. Прызнаецца: «Калі б у Андронах школа засталася, не рашылася б на гэта, бо яна была для мяне такой жа дарагой, як і родны дом, а калектыў — як адна сям’я».
Аказаўшыся ў новым статусе, лета і восень Лідзія Мілецьеўна правяла плённа, бо быў сезон збору грыбоў і ягад, агародніны, нарыхтовак — працы хапала.
— Зімой жа можаш засумаваць, мама, — завяла аднойчы размову дачка Надзя. — І каб гэтага не здарылася, раю табе заняцца вырабам дэкаратыўнага мыла.
— Але ж я нічога не ведаю пра гэта, — завагалася жанчына, аднак над прапановай дачкі задумалася. А тая не стала марудзіць і купіла для маці набор навічка, у які ўваходзілі аснова для мыла, фарбавальнікі, аддушкі, формачкі. Мілецьеўне не заставалася нічога іншага, як пагрузіцца ў вывучэнне тэорыі дэкаратыўнага мылаварэння, а потым і да практыкі прыступіць.
— Зараз усё можна знайсці ў інтэрнэце, што я настойліва і рабіла, — расказвала Лідзія Атрахімовіч і крытычна ацэньвала свае першыя вырабы, лічачы іх прымітыўнымі. — Аднак працэс мяне зацікавіў. Зноў і зноў шукала ў інтэрнэце карысныя парады па тэме, цікавілася вырабамі спрактыкаваных мылавараў, заказвала праз Wildberries новыя формачкі і кампаненты.
З цягам часу яна не толькі цалкам авалодала тэхналогіяй вырабу дэкаратыўнага мыла, але і вельмі захапілася гэтым. Сёння работы Лідзіі Атрахімовіч можна без перабольшання назваць мастацкімі творамі. Асноўная іх тэматыка — кветкавая, ёсць і ягадная, агароднінная. Любіць эксперыментаваць з колерамі, араматамі, разнастаіць кампазіцыі.
Каму з нас не дарылі кветкі? Атрымліваць іх, безумоўна, вельмі прыемна. Але праходзіць некалькі дзён — і прыродная прыгажосць згасае. А вось кветкі з дэкаратыўнага мыла радуюць вока яркімі колерамі і тонкім пахам і год, і болей. Не кажучы ўжо пра тое, што карысць такога мыла намнога большая, чым фабрычнага.
— На мінулагоднім фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік» мы выстаўлялі вырабы Лідзіі Мілецьеўны на падвор’і Курапольскага сельсавета, — расказвала старшыня сельскага Савета Лілія Гінько. — Яны прыцягнулі ўвагу пастаўчан і гасцей горада, многія хацелі купіць, але мы не прадавалі такую прыгажосць.
Затое Лідзія Мілецьеўна ахвотна дорыць свае вырабы родным, сябрам, былым калегам. А галоўны іх эксперт — шасцігадовы ўнук Косця. Ён жыве з мамай і татам у Полацку, часта прыязджае да бабулі з дзядулем у Андроны. Адразу ж заўважае новыя кампазіцыі з мыла і выдае ацэнкі: «Выдатна! Шыкоўна! Я ў захапленні!»
Паглядзіце на гэтыя здымкі (яшчэ больш іх на сайце райгазеты www.postawy.by), і, безумоўна, згадзіцеся з такой ацэнкай.
Фаіна Касаткіна