Колькі прыгожых сямейных здымкаў і відэа ўбачыла я на старонцы пастаўчанкі Алены Янцэвіч у «Інстаграме»! Якой радасцю свецяцца на іх твары дзяцей! Вось яны адпачываюць ля возера, плаваюць на катамаране, плёскаюцца ў басейне, забаўляюцца з сабакам і коцікамі, катаюцца на веласіпедах і на кані, адзначаюць святы. Усюды разам з мамай, але не з роднай, а прыёмнай, якая прыняла іх не толькі ў свой дом, але і ў сваё сэрца і сагравае любоўю і клопатам.
Першы вопыт
— Я вельмі люблю дзяцей і марыла, што буду мець іх некалькі, — прызналася Алена Расціславаўна. — Калі мая адзіная дачка Юліяна скончыла ўніверсітэт і засталася працаваць у Мінску, мне стала невыносна адзінока, хаця на той час у мяне яшчэ быў муж, мы развяліся пазней. Вырашыла ўсынавіць дзіця, абавязкова малое, і стала на чаргу ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення, была 259-й па ліку. За тры гады мая чарга не наблізілася, а аддалілася. Тады я звярнулася ў раённы аддзел па адукацыі: «Дапамажыце ўсынавіць малога!» Аднак і там не абнадзеілі. Вярнулася дадому, наплакалася. Але ў той жа дзень пазванілі з аддзела па адукацыі і сказалі, што расфарміроўваецца Наваполацкі дзіцячы дом, застаўся 13-гадовы хлопчык, якога ніхто не забраў.
Алена заўсёды ўяўляла побач з сабой малое, а тут — падлетак. І ўсё ж разам з дачкой адправілася ў Наваполацк знаёміцца з ім. Віталік ахвотна згадзіўся на пераезд у Паставы. Ён з нараджэння рос у дзяржаўных установах, толькі школьныя канікулы праводзіў у італьянскай сям’і. Трапіўшы да Алены Янцэвіч, упершыню адмовіўся ехаць летам у Італію, а праз тры месяцы ўжо называў яе мамай. Яму хацелася ўбачыць беларускае лета, а яшчэ яны з прыёмнай мамай на канікулах вучылі школьныя прадметы, бо вучоба ў яго была вельмі запушчанай. А калі прыйшоў са школы з першай дзясяткай, расплакаўся ад радасці, а за ім — і маці. У іх склаліся добрыя, даверлівыя адносіны. Але і праблем хапала.
Калі Віталій ужо не жыў у сям’і, Алена зноў жа па просьбе аддзела па адукацыі забрала з сацыяльнага прытулку на паўгода 16-гадовага Дзяніса.
— Ну і даў ён мне агню! Прыйшлося шмат перажыць, — успамінала мая суразмоўца тагачасныя падзеі, аднак знаходзіла апраўданне неадэкватным паводзінам падлетка. — А што добрае ён бачыў у сваім жыцці? Напэўна, такім чынам — агрэсіяй — прыцягваў да сябе ўвагу.
Не стану пераказваць гісторыю гэтых двух падлеткаў. Абодва ўжо дарослыя. Віталій жыве ў Італіі, Дзяніс — у Беларусі. Абодва пакінулі ў душы прыёмнай маці свой след.
Але з’явіўся Мікітка…
Магчыма, пасля свайго першага вопыту прыёмнага мацярынства Алена паставіла б на ім кропку. Тым больш што работу яна не пакідала, была запатрабаваным спецыялістам у «Белтэлекаме», атрымлівала неблагую зарплату. Але яе памяталі ў раённым аддзеле па адукацыі і праз 4 гады пазванілі і прапанавалі стаць прыёмнай мамай для нованароджанага.
Зноў душу жанчыны захліснулі эмоцыі. Яна разумела, якая гэта адказнасць і колькі клопатаў ляжа на яе плечы. Але ж так хацелася зрабіць шчаслівейшым лёс малога! І яна звольнілася з работы, забрала з радзільнага аддзялення Пастаўскай ЦРБ Мікітку, якому не было і месяца. І тут выявілася што ў немаўляці нікацінавая залежнасць (маці курыла на працягу ўсёй цяжарнасці). Дзіця плакала дні і ночы, сну не было ніякага. Алена выбівалася з сіл, але ў яе і думкі не ўзнікала адмовіцца ад малога.
— Так працягвалася не адзін месяц, — расказвала жанчына. — Першую ноч, калі Мікітка праспаў да 4-х гадзін, я прачнулася і застыла ў жаху: не плача! Значыць памёр! Баялася падысці паглядзець.
Сёння Мікіта — першакласнік. Акрамя таго, у школе мастацтваў вучыцца граць на фартэпіяна, займаецца ў секцыі каратэ, радуе сваімі поспехамі маму.
Сям’я вырасла
У маі мінулага года Алена Янцэвіч прыняла ў сям’ю 13-гадовую Алісу і яе 6-гадовага брата Ваню. Маці пакінула іх, калі дзяўчынцы было 6 гадоў, а хлопчыку — 10 месяцаў. Тата з бацькоўскімі абавязкамі не справіўся. Органы апекі то забіралі ў яго дзяцей, то вярталі. Алена забірала іх з прытулку, куды дзеці былі змешчаныя ў трэці раз. Ваня маўчаў і ўсміхаўся, Аліса плакала. Яна да апошняга спадзявалася, што іх зноў вернуць бацьку. Але ён не прыняў для гэтага ніякіх мер. Ваня моцна заікаўся, з-за неўрозу былі ў яго і іншыя вялікія праблемы. Разам з медыкамі вяртала дзіцяці здароўе. На гэта спатрэбілася шмат сіл і цярпення. Нарэшце ўсё наладзілася.
Праз нейкі час прыёмную сям’ю папоўніла Алінка, і ні на крок ад мамы. Тая пястуе малую, а ў Вані — рэўнасць. Ён жа рос у доме малюткі, яго ніхто так не абдымаў і не цалаваў, і сам не ўмее такім чынам выказаць свае пачуцці. У хлопчыка на нервовай глебе вярнуліся праблемы са здароўем, і зноў прыйшлося пазбаўляцца ад іх.
— Алінка і летам жыла ў мяне, пакуль вырашалася пытанне з яе бацькамі, — расказвала Алена Расціславаўна. — Я забірала яе з бальніцы, абедзве плакалі. Але дзень за днём мы ўсё больш збліжаліся, я сэрцам палюбіла дзяўчынку і зноў плакала, калі праз паўгода яе забіралі бацькі, якія выправілі свае паводзіны. Але, як аказалася, часова. Я прадчувала гэта і вельмі шкадавала дзіця. І вось Алінка разам з намі. Нядаўна адзначылі яе трэці дзень нараджэння.
Яшчэ да сустрэчы з гераіняй гэтай публікацыі галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Марына Танона гаварыла мне пра тое, што Алена Расціславаўна апякала і многіх іншых дзетак, якім патрабавалася часовая апека.
— Можаце злічыць, колькі іх было, і ці ўсіх памятаеце? — пытаюся ў жанчыны.
— 11,— адказвае. — Кожнага памятаю, кожнага ахінала любоўю і клопатам, малых вучыла есці, хадзіць, большых — элементарным бытавым навыкам, а потым, вяртаючы бацькам, нібыта ад сэрца адрывала. Добра, калі тыя ўзяліся за розум. А калі не? Лічу, што больш за два шанцы бацькам нельга даваць. Дзеці не цацкі, каб іх то забіраць, то перадаваць з рук у рукі. Яны ж такія зраненыя! Я раней думала, што для таго, каб выхаваць дзіця, дастаткова любові і клопату. Аказваецца, патрабуецца вялікая работа. Прыслухоўваюся да педагогаў, псіхолагаў, медыкаў, больш вопытных прыёмных бацькоў, заходжу ў інтэрнэце на вебінары.
Ва ўласным доме і з чатырма дзецьмі шмат бытавых клопатаў. Алена паспявае і тарты, пірагі, пячэнне спячы, і прыгожыя рэчы для дзяцей звязаць, і іх адпачынак арганізаваць. Разам бываюць на рацэ, возеры, ездзілі ў Маладзечна, Смаргонь, Нарач, Наносы і іншыя месцы.
Пытаюся ў жанчыны, адкуль у яе бяруцца на ўсё сілы, і чую ў адказ:
Сілы дае любоў да дзяцей і іх узаемнасць, калі называюць цябе мамай, дзеляцца сваімі радасцямі і трывогамі, давяраюць няхітрыя сакрэты. Разумею, што я патрэбная дзецям і залечваю іх зраненыя сэрцы. А яны стараюцца ў вучобе, займаюцца спортам, далучаюцца да дамашніх спраў.
Мы – сям’я!
Фаіна Касаткіна