21 сакавіка стартавала акцыя «Дай лесу новае жыццё!»
У мінулую пятніцу ўздоўж дарогі на Полава, насупраць вёскі Чарты, было вельмі ажыўлена. Работнікі Пастаўскага лясніцтва разам з ляснічым Віктарам Клянцэвічам і юнымі памочнікамі са школьнага лясніцтва СШ №4 імя В. Ф. Франтова і дашкольнага «Мурашы» дзіцячага сада №1 садзілі елкі і бярозы.
— Сімвалічна, што акцыя пачалася ў Міжнародны дзень лесу, які адзначаецца менавіта сёння, — гаварыў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Аляксандр Іванькоў. — Першымі да акцыі далучыліся юныя лесаводы. Раней мы з імі садзілі дрэўцы каля будынка сада, а сёння прывезлі малых на поле. Гэта добрая магчымасць паказаць ім, як маленькія саджанцы ператвараюцца ў лясныя багацці, навучыць беражлівым адносінам да прыроды. Сонечнае надвор’е спрыяе цудоўнаму настрою і плённай працы.
Дзеці сапраўды, як тыя мурашы, з дапамогай выхавальнікаў і майстроў лесу набіралі ў вядзёркі саджанцы, раскладвалі іх у лункі і старанна прытоптвалі глебу вакол. Пасадзіўшы, зноў вярталіся па саджанцы. А калі працэс пасадкі прыехала здымаць мясцовае тэлебачанне, выхаванцы сада з задавальненнем дэкламавалі вершы пра лес.
Акцыя «Дай лесу новае жыццё!» праходзіць у Год добраўпарадкавання і прысвечана 80-годдзю Вялікай Перамогі. Навучэнцы 10 класа СШ №4 імя В. Ф. Франтова пра карысць лесу для чалавека, гераізм савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ўклад у Перамогу беларусаў разважалі абдумана і глыбока.
— Участак, дзе сёння садзім лес, быў у сельскагаспадарчым карыстанні, — расказваў Віктар Клянцэвіч. — З часам тут утварылася несанкцыянаваная звалка. Мінулай восенню землі перадалі лясгасу. Мы навялі тут парадак, і на плошчы 3,1 гектара праз дзесяцігоддзе зашумяць дрэвы. Пасадкі змешаныя: елка займае 9 радоў, бяроза — адзін. На адзін гектар расходуем 4 200 саджанцаў. Іх вырошчваюць у гадавальніку лясгаса.
Згодна з планам сёлета на Пастаўшчыне лес трэба пасадзіць на плошчы 75,1 гектара.
Работнікі лясгаса запрашаюць далучыцца да акцыі працоўныя калектывы, навучэнцаў школ, сем’і. Марафон па пасадцы лесу будзе доўжыцца па 12 красавіка. Каб запісацца ў рады добраахвотнікаў, трэба патэлефанаваць Аляксандру Іванькову на нумар 8-033-358-38-66.
Анна Анішкевіч