По итогам работы за 2024 год Воропаевский комплексный приёмный пункт занял 1-е место

Общество

Па выніках мінулага года Варапаеўскі комплексны прыёмны пункт заняў 1-е месца ў раёне сярод аднатыпных падраздзяленняў. Прыёмшчыцы заказаў Галіне Фаміной выпаў гонар удзельнічаць у раённым сходзе, які адбыўся ў Паставах тыдзень назад.

— На такую ўрачыстасць я трапіла ўпершыню, — дзялілася жанчына ўражаннямі. — Не перадаць, як хвалявалася, падымаючыся на сцэну, прымаючы з рук старшыні райвыканкама Сяргея Чэпіка пераходны вымпел. Гэта ўрачыстасць і вялікі святочны канцэрт надоўга застануцца ў маёй памяці.

У сферу бытавога абслугоўвання яна трапіла выпадкова шэсць гадоў назад. Да гэтага ўвесь час, ажно да выхаду на пенсію, працавала ў Варапаеўскім аддзяленні паштовай сувязі. Па ўзросце магла б і адпачываць, але яшчэ не хацелася сядзець дома, ды і размер пенсіі, шчыра кажучы, не задавальняў. І тут прапанавалі хоць часова папрацаваць прыёмшчыцай заказаў комплекснага прыёмнага пункта. Справа новая, але вырашыла паспрабаваць.

— І працэс пайшоў, — з усмешкай успамінала Галіна Станіславаўна пачатак сваёй работы на новым месцы. — З першых дзён і па сёння адчуваю вялікую падтрымку кіраўніка і спецыялістаў РКБА.

По итогам работы за 2024 год Воропаевский комплексный приёмный пункт занял 1-е место

Функцыі комплекснага прыёмнага пункта заключаюцца ў тым, каб сабраць у жыхароў пасёлка заказы на бытавыя паслугі, перадаць іх у райбыткамбінат, а пасля даставіць заказчыкам гатовыя вырабы. Галіна Фаміна добра ведае пасялкоўцаў і ахвотна рэкламуе ім паслугі бытавікоў. У тым ліку і ў «Вайберы» скідвае знаёмым узоры тканін, якія паступаюць на галаўное прадпрыемства. Але самае галоўнае, безумоўна, асабісты кантакт. Адзін раз на тыдзень кіраўніцтва райбыткамбіната выдзяляе прыёмшчыцы заказаў машыну, і Станіславаўна накіроўваецца па адрасах.

— Асаблівым попытам карыстаюцца швейныя вырабы: начныя кашулі, пасцельная бялізна, пледы, коўдры з матэрыялаў беларускай вытворчасці, — расказвала яна. — Людзі цэняць высокую якасць тканіны, акуратнасць пашыву. Той, хто заказаў у нас хоць адну рэч, абавязкова звяртаецца зноў. Многія купляюць вырабы бытавікоў у падарунак родным не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі. А як якасна мыюць у РКБА дываны! Заўсёды цешуся з работы абутніцы Чаславы Булгакавай. Іншы раз нават не хочацца прымаць заказ на рамонт якога-небудзь абутку: здаецца, яго толькі на звалку выкінуць. А Часлава дае яму другое жыццё. Рэгулярна прыязджае на наш пункт цырульнік, і гэта дае людзям магчымасць падстрыгчыся, зрабіць прычоску.

Галіна Станіславаўна не лю­біць гаварыць пра сябе, а вось пра паслугі, якія аказвае райбыткамбінат, апавядае з задавальненнем. А яшчэ — пра кадры.

— Усёй душой хварэюць за агульную справу дырэктар РКБА Тэрэза Карчажка, начальнік швейнага цэха Кацярына Казлова, прыёмшчыца заказаў пральні Галіна Чыгір, ды і ўсе іншыя, каго я ведаю, — гаварыла яна. — Пры такім кіраўніцтве і ў такім зладжаным калектыве і працаваць хочацца як найлепш.

Як бачна, гэта ў Галіны Фаміной атрымліваецца, пра што свед­чаць і лічбы. Летась Варапаеўскім комплексным прыёмным пунктам аказана бытавых паслуг на 23 тысячы рублёў, што складае 154,5 % да 2023 года.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.