На Поставщине проходит мониторинг подготовки столовых к сезону весенних полевых работ

Сельское хозяйство

Забеспячэнне гарачым харчаваннем удзельнікаў веснавых палявых работ пастаянна на кантролі старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Васілія Катовіча. У гэтыя дні ён сумесна з прадстаўнікамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі маніторыць падрыхтоўку сталовых да сезона масавых абедаў.

— З кожным днём у гаспадарках Пастаўшчыны ўсё шырэй разгортваюцца веснавыя палявыя работы: хлебаробы падкормліваюць азімыя і шматгадовыя травы, уносяць мінеральныя ўдабрэнні і арганіку, — гаварыў Васілій Катовіч. — Намаганні людзей накіраваны на своечасовае і якаснае выкананне ўсіх тэхналагічных працэсаў. А каб плённа папрацаваць, трэба добра падсілкавацца. Пакуль не пачалася масавая сяўба яравых, гарачае харчаванне арганізавана не ва ўсіх гаспадарках. Але падрыхтоўка ідзе: абнаўляецца посуд, прыводзяцца ў належны санітарна-тэхнічны стан памяшканні, вядзецца дамоўленасць пра пастаўку прадуктаў. Кіраўніцтва ААТ «Сцяг Перамогі-агра» і «Ярэва-агра» заключылі дагавор з Пастаўскім малочным заводам, у сталовай якога будуць набываць абеды для сваіх работнікаў. А ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» і «Хацілы-агра» повары ўжо гатуюць і дастаўляюць абеды ў поле.

На днях з Васіліем Катовічам заглянулі ў сталовую ААТ «Хацілы-агра». Каля пліты завіхаліся загадчыца Вікторыя Усаценка і яе памочніца Юлія Нікіпелава. Над каструляй, у якой варыўся суп з рысу, віліся клубы пары. На патэльні смажылася кураціна.

На Поставщине проходит мониторинг подготовки столовых к сезону весенних полевых работ

— Пакуль штодня гатуем да 30 абедаў, — расказвала Вікторыя Усаценка. — А разгорнецца пасяўная, затым — корманарыхтоўка, жніво — і ў нас наступіць  гарачая пара: харчавацца будуць да 100 чалавек. Да абедаў дабавяцца падвячоркі.

Калектыў у нас дружны. Вялікую дапамогу мне і повару Вераніцы Кавалеўскай аказваюць кухонныя работнікі Людміла Нікалаева і Юлія Нікіпелава. Нашы мужы працуюць на сельгаспрадпрыемстве, таму добра ведаем, што ў работнікаў сельскай гаспадаркі праца цяжкая. Абед у іх павінен быць сытным і смачным. А для гэтага ў яго прыгатаванне трэба ўкласці душу. За гады работы вывучылі густы механізатараў і ў той жа час цікавімся, што новенькага жадаюць пакаштаваць. Меню стараемся разнастаіць.

У мінулыя гады падчас жніва не раз мой прыезд у поле да хацілаўскіх камбайнераў супадаў з прыездам сталоўкі на колах. Механізатары заўсёды з апетытам абедалі, а потым шчыра дзякавалі за смачныя стравы.

Як расказала прафсаюзны лідар ААТ «Хацілы-агра» Наталля Пабядзінская, асноўную частку выдаткаў на харчаванне бярэ на сябе гаспадарка. З заробку механізатараў, занятых на палявых работах, утрымліваецца толькі 20% ад агульнага кошту абеду, да аплаты належыць крыху больш за рубель за дзень.

Прадукты закупляюць у асноўным у магазіне Пастаўскага малочнага завода, агародніну — у Пастаўскім філіяле Віцебскага аблспажыўтаварыства.

Летась на будынку сталовай у Хацілах памянялі дах, перад уваходам паклалі тратуарную плітку, устанавілі прыгожую агароджу, закупілі новыя халадзільнік і маразільнік. Кожны год перад пачаткам сезона абедаў тут праводзяць касметычны рамонт унутры памяшкання, абнаўля­юць тэрмасы, посуд. У абедзеннай зале заўсёды ўтульна.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.