Традыцыйна ў лютым у школах раёна праходзіць месячнік ваенна-патрыятычнага выхавання. Надзвычай насычаным разнастайнымі мерапрыемствамі ён быў у нашай СШ №3.
Ва ўсіх класах адбыліся тэматычныя класныя і інфармацыйныя гадзіны, вучні наведалі школьную экспазіцыю, прысвечаную генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пабывалі на экскурсіях па месцах баявой славы нашай Радзімы. У межах шостага школьнага дня таксама былі арганізаваны цікавыя выхаваўчыя мерапрыемствы патрыятычнага напрамку: сустрэча з былым воінам-афганцам Уладзімірам Варашкевічам, конкурс патрыятычнай песні, рыцарскі турнір. Фінальным мерапрыемствам месячніка стала сустрэча з настаяцелем храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў г. Паставы протаіерэем Валерыем Пашкевічам, намеснікам начальніка РАУС Андрэем Сеніным і кіраўніком ваенна-патрыятычнага выхавання школы Андрэем Пупкевічам.
Айцец Валерый расказаў вучням пра воінаў, якія за сваю адданасць Радзіме былі прылічаны да ліку святых. Прывёў прыклады з жыцця Аляксандра Неўскага, патрыятызм якога быў заснаваны на хрысціянскіх прынцыпах, сярод якіх — здольнасць прабачаць і жыць згодна з Божымі запаведзямі.
Андрэй Сенін прывёз на сустрэчу бронзавую статуэтку святога Георгія, якой Пастаўскі РАУС узнагароджаны як найлепшы аддзел унутраных спраў у Віцебскай вобласці. На прыкладзе жыцця святога Георгія, які змагаўся з сіламі зла, ён прызваў маладых людзей быць законапаслухмянымі грамадзянамі краіны.
З інтарэсам слухалі вучні расказ Андрэя Пупкевіча пра воінаў, імёны якіх упісаны ў Біблію. “Духоўнасць і патрыятызм — гэта адзінае цэлае. Толькі кіруючыся хрысціянскім вучэннем, можна ўзысці на вяршыню патрыятызму”, — адзначыў кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання.
Дык няхай гэта сустрэча стане для нашых вучняў чарговай прыступкай узыходжання, заахвоціць да вернага служэння Бацькаўшчыне!
Валянціна Руткоўская, кіраўнік рэсурснага цэнтра духоўна-маральнага выхавання СШ №3