Инсульт: как правильно вести себя до приезда бригады скорой медпомощи, рассказал Павел Азаров

Важное Здравоохранение

Калі ўзнікае пагроза жыццю, многае залежыць не толькі ад прафесіяналізму медыкаў, але і ад дзеянняў хворага і тых, хто знаходзіцца побач з ім. Як правільна паводзіць сябе да прыезду брыгады хуткай медыцынскай дапамогі ў розных сітуацыях, мы будзем расказваць на старонках газеты. А дапаможа ў гэтым старшы фельчар аддзялення «Паставы» Павел Азараў. І сёння размова пойдзе пра інсульт.

Інсульт — гэта вострае парушэнне мазгавога кровазвароту з прычыны закаркавання або разрыву сасуда. Сутыкацца з ім фельчарам даводзіцца часта, асабліва ў апошнія 4-5 гадоў, пасля эпідэміі COVID-19. Захворванне вельмі небяспечнае для здароўя і жыцця, таму пры яго ўзнікненні чалавеку патрабуецца экстранная медыцынская дапамога. Але як распазнаць інсульт?

— Яго сімптомамі з’яўляюцца раптоўная слабасць, страта адчувальнасці на твары, у руцэ, назе або поўная адсутнасць руху ў канечнасцях з аднаго боку тулава, раптоўнае парушэнне зроку (можа пачаць дваіцца ў вачах або расплывацца «карцінка»), моцны галаўны боль, млоснасць і рвота, галавакружэнне. У некаторых выпадках парушаецца свядомасць: чалавек перастае разумець, дзе ён знаходзіцца, які зараз дзень, месяц, год і г.д., ці наогул страчвае прытомнасць, — пералічвае трывожныя сігналы Павел Азараў. — Дыягнаставаць захворванне можна дома з дапамогай простага тэста. Перш за ўсё папрасіце чалавека ўсміхнуцца. У выпадку інсульту ўсмешка атрымаецца скрыўленай. Затым папрасіце выцягнуць рукі ўперад і патрымаць іх некалькі секунд. З пашкоджанага боку рука хутка апусціцца або чалавек зусім не зможа яе падняць. І, нарэшце, папрасіце вымавіць простую фразу. Пры інсульце маўленне неразборлівае або наогул адсутнічае.

Инсульт: как правильно вести себя до приезда бригады скорой медпомощи, рассказал Павел Азаров

Пры наяўнасці хаця б аднаго з сімптомаў неабходна неадкладна выклікаць хуткую дапамогу.

— А пакуль яна будзе ехаць, пакладзіце чалавека гарызантальна, крыху прыпадняўшы яму галаву, — працягвае медык. — Расшпіліце каўнер адзення, каб лягчэй было дыхаць. Калі чалавек непрытомны ці ў яго пачалася рвота, класці трэба не на спіну, а на бок, каб сліна ці рвотныя масы не трапілі ў дыхальныя шляхі. Ні ў якім выпадку не давайце ніякіх лякарстваў, піць і есці. Калі хворы можа размаўляць, удакладніце ў яго, як даўно стала дрэнна, якія прэпараты прымаў, па магчымасці змерайце артэрыяльны ціск і ўзровень цукру ў крыві, а потым паведаміце гэту інфармацыю брыгадзе «хуткай».

Як вядома, любое захворванне лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. І гэта абсалютна дакладна ў выпадку інсульту. Каб знізіць рызыку яго ўзнікнення, Павел Азараў раіць кантраляваць артэрыяльны ціск, пры гіпертаніі і парушэнні рытму сэрца рэгулярна прымаць назначаныя ўрачом прэпараты, адмовіцца ад курэння і алкаголю, правільна харчавацца, пазбягаць празмерных фізічных нагрузак і псіхаэмацыянальнага перанапружання.

Падрыхтавала Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.