21 сакавіка – Міжнародны дзень лясоў
Міжнародны дзень лясоў быў аб’яўлены ў 1971 годзе Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыяй пры ААН і закліканы прыцягнуць увагу да значэння лясоў на Зямлі. Пра тое, што робіцца па іх аднаўленні і захаванні на Пастаўшчыне, напярэдадні гэтай даты карэспандэнт «ПК» пагутарыла з намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Аляксандрам Іваньковым.
— Лясы пакрываюць амаль трэць зямной сушы і з’яўляюцца «лёгкімі» нашай планеты, — гаварыў Аляксандр Мікалаевіч. — Яны маюць неацэннае экалагічнае, сацыяльнае і эканамічнае значэнне, насычаюць паветра кіслародам, ачышчаюць яго ад шкодных выкідаў, садзейнічаюць захаванню водных рэсурсаў, урадлівасці глебы і ландшафтаў, з’яўляюцца месцам пражывання раслін і жывёл.
Амаль 40% тэрыторыі Беларусі занята лясамі. Прычым усе яны з’яўляюцца выключна ўласнасцю дзяржавы і самым значным прыродным багаццем. Частка тэрыторыі Пастаўшчыны, пакрытая лесам, сёння складае 43,3% ад усёй плошчы раёна.
— Вядома, што вялікі лес пачынаецца з маленькай шышкі. Колькі іх сёлета нарыхтавалі пастаўскія леснікі?
— Нарыхтоўваць шышкі пачынаем з восені. Затым іх перапрацоўваем і атрымліваем насенне. Згодна з планам нашаму лясгасу трэба было нарыхтаваць 1 000 кілаграмаў сасновых шышак і 3 000 кг — яловых. План перавыканалі: нарыхтавалі 1 945 і 3 213 кілаграмаў адпаведна, у тым ліку палепшаных — 840 і 1 110 кілаграмаў. З іх атрымалі 11,4 кг насення сасны і 19,3 — елкі. Перапрацоўка шышак яшчэ прадаўжаецца. На пасяўную насеннем забяспечаныя.
— Як толькі прагрэецца глеба. Пасадачны матэрыял для далейшага лесаразвядзення і саджанцы дэкаратыўных відаў вырошчваем у гадавальніку. На плошчы больш за 10 гектараў расце амаль 50 відаў драўняных і хмызняковых раслін. Сярод іх такія асноўныя лесаўтваральныя пароды, як елка, сасна, дуб, клён, бяроза, ясень, ліпа, вольха чорная, а таксама рэдкія — лістоўніца еўрапейская, арэх маньчжурскі. З закрытай каранёвай сістэмай вырошчваем елку еўрапейскую. Вялікім попытам карыстаюцца дэкаратыўныя расліны: туя, самшыт, пузыраплоднік, барбарыс, вейгела, кізільнік, гартэнзія. Для паляпшэння якасці пасадачнага матэрыялу набылі сучасную цяпліцу з рампавым палівам. Ёсць палівачная машына.
— Апошнім часам захаванне і папаўненне лясоў з’яўляецца найважнейшай экалагічнай задачай для ўсіх краін свету. Як з ёй спраўляюцца ў Пастаўскім лясгасе?
— Лес расце да пэўнага ўзросту і саспявае. Тады яго трэба пускаць на перапрацоўку. На лесасеках галоўнага карыстання і іншых высаджваем маладыя саджанцы, частка плошчаў засяваецца натуральным спосабам.
План пасадкі на Пастаўшчыне на бягучы год складае 75,1 гектара.
У іх ліку 40,2 гектара адведзена пад елку, 30,6 — пад сасну, 3,7 га зойме дуб, 0,6 га — вольха чорная. Аб’ём немалы, і сваімі сіламі справіцца з ім няпроста.
— З мэтай аказання дапамогі работнікам лясной гаспадаркі ў аднаўленні лясоў праводзяцца шматлікія акцыі.
— Сёлетняя «Дай лесу новае жыццё!» праводзіцца пад эгідай Года добраўпарадкавання і 80-годдзя Вялікай Перамогі. Гэту ініцыятыву мінулай восенню падтрымаў Прэзідэнт краіны. Кампанія накіравана на аднаўленне лясоў, у тым ліку тых, што пацярпелі ў выніку разгулу ліпеньскай стыхіі. Найбольшы ўрон нанесены лясам Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Прадстаўнікі нашага лясгаса яшчэ і цяпер дапамагаюць на ліквідацыі наступстваў урагану калегам з Васілевіцкага лясгаса Гомельскай вобласці. Да гэтага працавалі ў Жлобінскім лясгасе.
Падчас акцыі «Дай лесу новае жыццё!» кожны нераўнадушны зможа ўнесці свой пасільны ўклад у папаўненне лясных багаццяў і паляпшэнне экалогіі роднага краю.
Чакаем валанцёраў і ў нашым лясгасе. Мы забяспечым усіх ахвотных неабходным інвентаром і пасадачным матэрыялам, выдзелім месца для пасадкі дрэў. Звяртайцеся па нумары тэлефона 8(033) 358-38-66.
Анна Анішкевіч