25 сакавіка – Сусветны дзень паштоўкі
З кожным годам усё часцей у думках вяртаюся ў шчаслівае мінулае, успамінаю былое і сумую. На жаль, няма на зямлі многіх дарагіх мне людзей. І не толькі тых, хто жыў побач, але і далёкіх родных, сяброў. Самотнай хвілінай люблю пагартаць альбом, фотаздымкі з якога ажыўляюць у памяці розныя падзеі. А яшчэ перабіраю паштоўкі. І гэта больш чым настальгія.
Душэўнасць рукапісных радкоў
Знаёмы почырк, кароткія віншавальныя радкі напаўняюць сэрца цяплом. Цяпер, каб павіншаваць кагосьці з днём нараджэння, Новым годам, 8 Сакавіка, дастаткова знайсці ў інтэрнэце адпаведную карцінку з гатовымі пажаданнямі і за долі секунды адправіць адрасату. Больш за тое, перасылаць адно аднаму аднолькавыя электронныя паштоўкі з нагоды і без яе стала агульнапрынятай нормай. Многім гэта здаецца прыгожым і кранальным. Згодная, што віншавальныя паштоўкі з інтэрнэту маляўнічыя, але той душэўнасці, якая ёсць у радках, напісаных ад рукі і сэрца, чамусьці не адчуваецца. Мяне шаблонныя віртуальныя віншаванні не радуюць, а наадварот, раздражняюць. Яшчэ адным негатыўным момантам з’яўляецца перапоўненая памяць у тэлефоне і патрачаны час на іх выдаленне. Затое заўсёды прыемна ўзяць у рукі паштоўку і з хваляваннем узгадаць час, калі атрымала гэты мілы сэрцу кавалачак паперы і таго, хто яго даслаў.
Чакалі з нецярпеннем
У людзей майго пакалення ў свой час падбор паштовак перад святамі быў цэлым рытуалам. Памятаю, як з мамай хадзілі на пошту, уважліва разглядалі прадукцыю, выбіралі паштоўкі для радні і для маіх сябровак. Як толькі я навучылася пісаць, мама разлінейвала паштоўку алоўкам, і я акуратна выводзіла літары, складаючы віншаванне цётцы з суседняга Мядзельскага раёна, сяброўцы з Петразаводска. А яны пазней расказвалі, што вельмі радаваліся, атрымаўшы маё дзіцячае пасланне.
Першая карэспандэнцкая картка ўбачыла свет у 1869 годзе ў Аўстра-Венгрыі. На ёй хапала месца на пасланне з 20 слоў і адну паштовую марку. У Расіі першая паштоўка надрукавана 25 сакавіка 1872 года. Гэта дата і стала Сусветным днём паштоўкі.
Напярэдадні Божага Нараджэння, Вялікадня з нецярпеннем чакалі паштальёна, які прыносіў пісьмы ад радні з Польшчы. У канвертах абавязкова ляжалі і паштоўкі. На іх — розныя біблейскія сцэны, звязаныя з нараджэннем Хрыста: малое Дзіцятка ў яслях сярод жывёлы, Каралі ідуць да Яго з дарамі, Езус узносіцца ў неба. Колькі радасці гэта прыносіла! У віншаванні заўсёды пералічваліся імёны ўсіх членаў нашай сям’і, кожнаму знаходзіліся асобныя словы пажаданняў.
Вяртаюць у беззваротны час
Дома беражліва захоўваю паштоўкі, якія ўручалі мне калегі-журналісты з нагоды дня нараджэння пачынаючы з 18-годдзя. Вершаваныя пажаданні звычайна складалі Алесь Касцень, Фаіна Касаткіна, Пётр Курыловіч. Перачытваю іх — і па-новаму перажываю той беззваротны час.
Як віншаваць адно аднаго з рознымі святамі — асабістая справа кожнага. Я таксама апошнім часам не пішу пісем і не падпісваю паштовак: прасцей патэлефанаваць імянінніку і выказаць шчырыя пажаданні. Калі адпраўляю віншаванне праз «Вайбер», імкнуся падабраць словы, якія адпавядаюць імянінніку, характарызуюць яго. Па мне, хай будзе менш смайлікаў і лайкаў, а больш шчырасці.
Анна Анішкевіч