Венера Котович из д. Волки дорожит прошлым и ценит настоящее

Общество

Нам, журналістам, прыемна, калі публікацыі ў газеце выклікаюць водзывы ў чытачоў. Асабліва шмат іх я атрымліваю пасля кожнага выпуску рэдакцыйнага праекта «Вёсачка». Не стаў выключэннем і апошні, пра Валкі. І вось што гаварыла па тэлефоне адна з прыхільніц «Пастаўскага краю»:

— Шкада, што ў «Вёсачцы» не напісалі пра Венеру Катовіч. Яна ж шмат гадоў працавала намеснікам старшыні калгаса, старшынёй сельскага Савета, яе ведаюць і паважаюць усе людзі.

Напісала б, але ў той дзень, калі я наведалася ў Валкі, Венера Мікалаеўна хварэла, і з гэтай прычыны мы не сустрэліся. Але, як кажуць, лепш пазней, чым ніколі.

Аднак наша размова пачалася не з сённяшняга дня, а з ужо далёкіх падзей.

— Ведаеце, каго я зараз найчасцей успамінаю? — гаварыла Венера Мікалаеўна. — Сваіх бацьку і дзядулю. Абодва ваявалі на фронце, мелі баявыя узнагароды. Тата ў баях пад Будапештам атрымаў цяжкае асколачнае раненне ног і праз пяць гадоў пасля Перамогі памёр. Мне тады было ўсяго паўтара года, таму тату ведаю толькі па фотаздымках. А вось яго медаль «За баявыя заслугі» праз многія гады пасля вайны ўручылі мне ў райваенкамаце. Гэта было кранальна. Гадаваць мяне маме дапамагаў дзядуля. Аднавяскоўцы выбралі яго першым старшынёй калгаса. Для мяне дзядуля быў прыкладам ва ўсім, ад яго, былога франтавіка, я атрымала жыццёвую загартоўку.

Венера Котович из д. Волки дорожит прошлым и ценит настоящее

З сельскай гаспадаркай звязала сваё жыццё і Венера. Скончыла сельгастэхнікум, пазней завочна — Віцебскі ветінстытут. Загадвала фермай, праз нейкі час яе назначылі намеснікам старшыні калгаса.

— Старшыня Георгій Іванавіч Пачопка быў вельмі патрабавальным, але і цаніў тых, хто адказна адносіўся да справы, — успамінала Венера Катовіч. — У нас быў дружны калектыў спецыялістаў. Мы паважалі старэйшых, вучыліся ў іх, цанілі чалавечыя адносіны. Набірацца вопыту ў гаспадарчых справах мне дапамагала Ванда Януковіч, у грамадскіх (я з’яўлялася сакратаром калгаснай партарганізацыі) — Ала Кейзік. ­Удзячная ім і ўсім іншым, з кім давялося ўзаемадзейнічаць. Падтрымліваю сувязь з былымі калегамі.

У асабістым архіве Венеры Мікалаеўны — стос грамат рознай вартасці. Таксама яна ўдастоена прэміі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі. Падчас работы старшынёй Валкоўскага сельскага Савета (а гэта 10 гадоў) вылучылі дэлегатам першага з’езда дэпутатаў Беларусі. Сёння яна проста хатняя гаспадыня, маці і бабуля, бо даўно на пенсіі. І менавіта гэтыя статусы найбольш радуюць жанчыну.

— Адкрыта магу сказаць, што ганаруся сваім сынам, — прачулена гаварыла Мікалаеўна. — Сяргей скончыў педінстытут, 10 гадоў з’яўляўся дырэктарам Валкоўскай сярэдняй школы. Зараз выкладае ў Пастаўскім дзяржкаледжы. Талковы, клапатлівы, ніколі не засмуціў мяне, кожны дзень тэлефануе, часта наведваецца. У яго залатыя рукі, сынава хобі — будаўніцтва і рамонт. Чулая, уважлівая, адукаваная нявестка Лена. Унучка Юля пайшла па слядах бацькі: пасля заканчэння педагагічнага ўніверсітэта настаўнічае ў Віцебску. Унук Ігар працуе праграмістам у судзе ў Паставах. У мяне ўжо нават праўнучак ёсць — Максімку чатыры гады. Так радасна і душэўна, калі ўсе родныя збіраюцца разам!

Не толькі пра сям’ю, але і пра дзяржаву гаварылі мы.

— На мінулым тыдні, калі пачалося датэрміновае галасаванне па выбарах Прэзідэнта, я ў першы ж дзень паехала на Дунілавіцкі выбарчы ўчастак і аддала свой голас за мірную квітнеючую краіну, за шчаслівае сёння і заўтра сваіх дзяцей і ўнукаў, — казала Венера Мікалаеўна. — Таму што даражу мінулым і цаню тое, што маем, што ў гады Вялікай Айчыннай адстаялі ў змаганні з ворагам і мае бацька і дзядуля.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.