Крыху больш за два месяцы засталося да 80-годдзя Вялікай Перамогі. На мінулым тыдні пад кіраўніцтвам старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Субоціна прайшло пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы да святкавання даты.
На ім абмеркавалі асноўныя моманты па забеспячэнні годных умоў жыцця ветэранаў, добраўпарадкаванні воінскіх мемарыялаў і пахаванняў, увекавечанні памяці абаронцаў Айчыны, патрыятычнай рабоце ва ўстановах адукацыі, працоўных калектывах, па месцы жыхарства. Пасяджэнне праходзіла ў фармаце відэаканферэнцыі. Удзельнічала ў ёй кіраўніцтва нашага раёна, а таксама ўсе, хто будзе задзейнічаны ў падрыхтоўцы да свята.
На жаль, усё менш і менш застаецца тых, хто здабыў для нас свабоду.
На Віцебшчыне пражывае 110 ветэранаў і 1 583 чалавекі, якія пацярпелі ад наступстваў вайны.
На Пастаўшчыне ветэранаў Вялікай Айчыннай ужо няма: апошні — Барыс Сямашка — адышоў у вечнасць 6 снежня мінулага года. Ёсць больш за 20 малалетніх вязняў канцэнтрацыйных лагераў. Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Барыс Яфрэмаў паставіў задачу да 1 красавіка завяршыць абследаванне гэтай катэгорыі грамадзян, у выпадку выяўлення якіх-небудзь праблем аператыўна іх вырашыць.
Са свайго боку медыкі правядуць комплексныя медыцынскія агляды ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і пацярпелых ад яе наступстваў.
Як і ў папярэднія гады, да Дня Перамогі гэта катэгорыя грамадзян атрымае матэрыяльную дапамогу. Яна будзе выплачана з 2 па 8 мая. Размер дапамогі вызначыць Савет Міністраў краіны.
На тэрыторыі Віцебскай вобласці знаходзіцца 1 621 воінскае пахаванне.
Кожнае з іх павінна быць добраўпарадкавана.
Кожнае з іх павінна быць добраўпарадкавана. Такую задачу паставіла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Навіцкая. На Пастаўшчыне гэта работа праводзіцца кожны год. Не стане выключэннем і сёлетні. Да пачатку мая будуць абноўлены ўсе помнікі і абеліскі, добраўпарадкаваны воінскія пахаванні.
Як паведаміў начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі, у кожным абласным цэнтры Беларусі ўстановяць тыпавы памятны знак, прысвечаны ахвярам генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Над яго стварэннем працавалі віцебскія скульптар і архітэктар Іван Казак і Валерый Рыбакоў. Менавіта іх работу высока ацаніў рэспубліканскі мастацкі экспертны савет па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве. У Віцебску бронзавы помнік установяць на воінскім пахаванні і месцы былога канцлагера «5-ы полк».
У рамках святкавання 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне знакавай падзеяй для Віцебшчыны стане юбілейная акцыя «Прарыў Перамогі» ва Ушацкім раёне.
Аляксандр Субоцін падкрэсліў, што святкаванне даты павінна ахапіць усе населеныя пункты Прыдзвіння. Актыўны ўдзел у мерапрыемствах прыме моладзь. Менавіта ёй старэйшае пакаленне перадасць эстафету памяці пра Вялікую Перамогу.
Падрыхтавала Анна Анішкевіч