У 2023 годзе ў сувязі з пераходам на новыя правілы арганізацыі харчавання школьнікаў у агульнаадукацыйных установах Пастаўшчыны пачалася мадэрнізацыя харчаблокаў. У гэты перыяд за бюджэтныя сродкі было набыта і перададзена школам нямала новага высокатэхналагічнага абсталявання. Нягледзячы на тое, што пераход паспяхова завяршыўся, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў працягваецца. Так, летась для іх набыта абсталяванне на суму больш за 35 тысяч рублёў.

— Паколькі цяпер райЦГЭ патрабуе, каб садавіна і агародніна ва ўстановах адукацыі захоўваліся ў халадзільніках, мы закупляем халадзільныя шафы і халадзільнікі з маразільнікамі ў школы і дзіцячыя сады, — расказвала інжынер-тэхнолаг Пастаўскага міжгаліновага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Анжаліка Кухальская. — За мінулы год іх атрымалі СШ №1 і №3, Пастаўская гімназія, варапаеўская, навасёлкаўская і курапольская школы, першы, трэці гарадскія і Навасёлкаўскі дзетсады. Таксама згодна з санітарнымі нормамі і правіламі ва ўсіх установах адукацыі павінны быць па дзве агароднінарэзкі: адна для сырой, другая — для гатовай прадукцыі. Таму набылі некалькі працірачна-рэзальных і бытавых агароднінарэзальных машын. У некаторыя школы купілі яшчэ шафы для хлеба, раздзелачныя сталы, вытворчыя стэлажы, выцяжку, настольныя і падлогавыя шалі.
Па словах Анжалікі Іванаўны, у планах закупка параканвектаматаў для дзетсада №2, навасёлкаўскай, лынтупскай і камайскай школ, якія іх пакуль не маюць. Параканвектаматы разлічаны на прыгатаванне вялікіх аб’ёмаў і партый страў, што значна аблягчае работу повараў. Да таго ж стравы ў іх гатуюцца з дапамогай пары, а таму больш карысныя для здароўя ў параўнанні са смажанымі.
Здаровае харчаванне — адзін з галоўных прынцыпаў арганізацыі гэтага працэсу ў школах. Ён закрануў не толькі графікі прыёму ежы, але і меню, якое істотна змянілася за два апошнія гады. З таго часу школьныя повары апрабавалі каля 50 страў з новага інфармацыйнага зборніка тэхналагічных карт. І пераважная большасць іх спадабалася дзецям, харчовых адходаў стала ў разы менш.
Алена Шапавалава