Сёлетняя зіма непрадказальная: у студзені слупок тэрмометра падымаўся да 8 градусаў цяпла, у лютым ноччу апускаўся да мінус 15. Але днём прыгравае сонца — адчуваецца набліжэнне вясны. Хлебаробы рамантуюць тэхніку, набываюць мінеральныя ўдабрэнні, уносяць у глебу арганіку.
— Каб атрымаць высокі ўраджай зерневых і зернебабовых, добры ўкос траў, трэба расліны падсілкаваць, — расказвала начальнік аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Андрэева. — З гэтай мэтай і ўносяцца тукі. Патрэбнасць у іх з улікам структуры пасяўных плошчаў кожны год мяняецца. Згодна з планам сёлета для падкормкі траў, азімых зерневых, пад яравую сяўбу гаспадаркам раёна неабходна мець 4 100 тон дзеючага рэчыва азотных удабрэнняў, 1 500 — фосфарных і 6 350 — калійных. Назапашана 18%, 40% і 65% адпаведна. 20% калійных удабрэнняў было ўнесена восенню пад зяблевае ворыва. За ўласныя сродкі набываюць удабрэнні ААТ «Хацілы-агра» і «Навасёлкі-Лучай». Астатнія — за сродкі, выдзеленыя з абласнога бюджэту.
На мінулым тыдні запасы калійных удабрэнняў папоўнілі ААТ «Сцяг Перамогі-агра», «Янавіца-агра» і «Ярэва-агра». Некаторыя гаспадаркі, пакуль трымаецца мароз, уносяць калійныя ўдабрэнні пад шматгадовыя травы, на сенакосы і пашу. У ААТ «Кураполле-агра» Аляксандр Бондар амкадорам загружае калій, уносіць яго Аляксандр Яначкін. У «Камайскім-агра» і «Янавіцы-агра» на трактарах з раскідвальнікамі працуюць Арцём Шэршань і Славамір Паўкштэла. Азотныя ўдабрэнні будуць уносіць пасля таго, як пачнецца вегетацыя раслін.
У гаспадарках раёна інтэнсіўна вывозяць і ўносяць арганіку. Найбольшы аб’ём работ выкананы ў ААТ «Хацілы-агра», «Навасёлкі-Лучай», «Камайскі-агра», «Кураполле-агра», «Сцяг Перамогі-агра», на СП «Дунілавічы-агра». Тром апошнім важкую дапамогу ў гэтым аказвае механізаваны атрад малочнага завода. Тут на вывазцы ўгнаенняў ад жывёлагадоўчых ферм і комплексаў і восенню, і цяпер задзейнічаныя Юрый Жамойдзь на пагрузчыку, механізатары Аляксандр Ханяўка і Максім Адынец на трактарах з прычэпамі. Аграрыі добра разумеюць: калі своечасова «пакарміць» глебу, то і ўраджаем яна парадуе.
Анна Анішкевіч