Ужо трэці год навучэнцы пастаўскай СШ №1 вучацца праграмаваць разумныя ўстройствы, ствараць 3D-мадэлі і друкаваць іх. Гэта стала магчымым дзякуючы ўзаемадзеянню з расійскай кампаніяй ROBBO, якая спецыялізуецца на адукацыйных тэхналогіях у галіне робататэхнікі.
Старт даў ПВТ
Усё пачалося з супрацоўніцтва з Паркам высокіх тэхналогій. У 2019 годзе школа прыняла ўдзел у яго ў пілотным праекце «Scratch+Micro:bit», мэтай якога было падрыхтаваць педагогаў і вучняў да новай лічбавай рэальнасці. Спачатку настаўнікі інфарматыкі разам з удзельнікамі праекта з іншых школ рэспублікі прайшлі навучанне мове праграмавання Scratch і карыстанню мікракамп’ютарам мicro:bit на арганізаваных на базе ПВТ семінарах, а затым распрацавалі практычныя ўрокі для школьнікаў, якія цяпер выкарыстоўваюцца пры вывучэнні інфарматыкі.
Таксама па праграме праекта ІТ-кампаніі, якія з’яўляюцца рэзідэнтамі ПВТ, перадалі СШ №1 24 мікракамп’ютары і 13 ноўтбукаў з абсталяваннем да іх. Разам з атрыманымі педагогамі кампетэнцыямі тэхніка дазволіла ў 2021 годзе стварыць у школе рэсурсны цэнтр па інфарматыцы. А праз год кіраўніцтва парка ўключыла навучальную ўстанову ў рэспубліканскі праект па стварэнні робататэхнічных класаў (усяго ў Беларусі іх 180), папярэдне ўзгадніўшы гэта з яе адміністрацыяй.
Поўная зацікаўленасць
— У маі 2022 года ў рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка» на 2021—2025 гады мы атрымалі робататэхнічнае абсталяванне кампаніі ROBBO, — расказваў настаўнік інфарматыкі СШ №1 Георгій Несцяровіч, які ў свой час удзельнічаў у праекце «Scratch+Micro:bit». — Гэта 7 камплектаў робатаў на колавым шасі з наборамі розных датчыкаў, столькі ж плат «Лабараторыя» для стварэння кампанентаў разумнага дома і набораў схематэхнікі для стварэння ўласных устройстваў, а таксама 3D-прынтар. Для правядзення заняткаў па робататэхніцы быў абсталяваны асобны кабінет, які афармляў я з настаўніцай выяўленчага мастацтва Валянцінай Драгуновай. Зараз гэта памяшканне інжынерна-тэхнічнага цэнтра. Тут устаноўлены стол для трас, выраблены па спецыяльным заказе ААТ «Паставымэбля».
Заняткі пачаліся ўжо ў верасні 2022 года. Ахвотных наведваць іх аказалася нямала. Таму ў школе адкрылі факультатыў і гурткі па робататэхніцы. Факультатыў, на які цяпер ходзяць пяцікласнікі, вядзе Георгій Несцяровіч. Гурткі, дзе займаюцца навучэнцы трэцяга, чацвёртага і шостага класаў, — калега Георгія Іванавіча Анжаліка Рагута. Праграма ў іх аднолькавая. Спачатку дзеці вывучаюць мову праграмавання Scratch. Затым вучацца працаваць з лабараторыяй для праграмавання разумных устройстваў, пазней — кіраваць робаплатформай і камбінаваць з ёй лабараторыю. У канцы курса, разлічанага на два гады, школьнікі асвойваюць 3D-мадэляванне і 3D-друк.
— Зараз у мяне на факультатыве 12 чалавек, — працягваў Георгій Несцяровіч. — Гэта вучні 5 «А» і «Г» класаў. Паколькі ROBBO-камплектаў 7, яны падзеленыя на дзве групы. Кожная прыходзіць на заняткі раз на тыдзень. Набіраючы дзяцей, я звяртаў увагу на іх паспяховасць па матэматыцы, без якой у робататэхніцы не абысціся. Тым не менш ёсць мацнейшыя ў вучобе школьнікі, ёсць слабейшыя. Усім стараюся даць роўныя веды. Калі бачу, што дзіця самастойна спраўляецца з заданнем, удзяляю яму менш часу і наадварот. Матэматыку і фізіку школьнікі часта выбіраюць для здачы ЦТ і далейшага паступлення. Дзякуючы праектнай дзейнасці, арыентаванай на вынік — стварэнне ўласнай 3D-мадэлі і яе друкаванне, яны лепш засвойваюць гэтыя прадметы.
З дапамогай ROBBO-камплектаў школьнікі вывучаюць толькі асновы робататэхнікі, таму прымаць удзел у конкурсах не могуць. Але ў 2023 годзе на той час 9-класнік Аляксандр Вірбал, які наведваў факультатыў і дадатковыя заняткі, атрымаў дыплом І ступені на абласной навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў «Эўрыка» за даследчую работу па робататэхніцы. У сваю чаргу педагогі школы ў рамках узаемадзеяння з кампаніяй ROBBO ўдзельнічаюць у розных адукацыйных семінарах па выкарыстанні перададзеных навучальнай установе камплектаў. Кампанія арганізуе і рамонт камплектаў у выпадку выхаду іх са строю.
У далейшым кіраўніцтва і педагогі СШ №1 збіраюцца развіваць робататэхніку, выкарыстоўваць у рабоце з дзецьмі праграмы больш высокага ўзроўню. Няма сумненняў, што гэта ў іх атрымаецца.
Алена Шапавалава