Сёння Беларусь разам з усёй планетай адзначае Міжнародны дзень роднай мовы — свята, якое было заснавана яшчэ ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА з мэтай захаваць моўную і культурную разнастайнаць у свеце. Для любога народа мова — гэта яго душа, адзін са складнікаў дзяржаўнасці, нацыі, краіны. У нас іх дзве — беларуская і руская, якія маюць аднолькавы дзяржаўны статус. І кожны грамадзянін рэспублікі можа выбіраць, на якой мове размаўляць. Асабіста я часта аддаю перавагу першай, таму што з’яўляюся беларускай па паходжанні. А чым кіруюцца іншыя, хто таксама карыстаецца роднай мовай? Якое месца яна займае ў іх жыцці?
Наталія Карнілава, спецыяліст па турызме Пастаўскага раённага турінфацэнтра:
— Родная мова суправаджае мяне з маленства. Я нарадзілася ў вёсцы Юнькі, і ўсе мае блізкія: бабуля з дзядулем, бацькі — размаўлялі па-беларуску. Тата і мама працавалі настаўнікамі ў юнькаўскай школе, якая была беларускамоўнай. І хоць потым мы пераехалі ў Паставы і маё акружэнне стала пераважна рускамоўным, любоў да роднага слова не знікла. Я прадоўжыла гаварыць па-беларуску, у тым ліку ва ўласнай сям’і з сынамі. Зараз раблю гэта з сябрамі, якія таксама з’яўляюцца прыхільнікамі матчынай мовы.
Даўно складаю вершы, і большасць — на «мове». З задавальненнем чытаю на ёй. Асабліва люблю паэзію. З усіх аўтараў аддаю перавагу Уладзіміру Дубоўку. Уражвае, што ён, ужо жывучы ў Расіі, працягваў пісаць і размаўляць па-беларуску. Такая адданасць роднаму слову вартая вялікай павагі! Падабаецца таксама паэзія Янкі Купалы і Якуба Коласа. З творчасцю апошняга знаёмая з маленства. У дзяцінстве бацька замест казак чытаў мне на ноч «Новую зямлю», якую ведае на памяць.
Нэлі Латушкіна, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Дунілавіцкай СШ:
— Беларуская мова — гэта мова маіх бацькоў, таму яна вельмі блізкая мне ад нараджэння. А сапраўдную любоў да роднага слова прывілі настаўнікі Сяргеевіцкай базавай школы, дзе пачынала вучыцца, і Дунілавіцкай СШ, якую заканчвала, — Тэрэза Станіславаўна Дашкевіч і Лідзія Філіпаўна Свірковіч. Яны аказалі значны ўплыў на мой прафесійны выбар: я паступіла на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.
З таго часу родная мова стала неад’емнай часткай майго жыцця. Размаўляю на ёй не толькі на ўроках з вучнямі, але і з калегамі ў школе, дома з блізкімі. Што да настаўніцкай дзейнасці, стараюся абудзіць у дзяцей цікавасць да беларускага слова, імкненне авалодаць ім. І гэта атрымліваецца, бо бачу інтарэс у дзіцячых вачах. Беларуская мова ў старэйшых класах у нашай школе выкладаецца на павышаным узроўні, таму выпускнікі нядрэнна яе ведаюць. За апошнія гады ў мяне было некалькі вучняў, якія набралі максімальныя 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па прадмеце. Летась такі вынік на цэнтралізаваным экзамене паказала Даша Казловіч. Цяпер яна з’яўляецца студэнткай БДПУ імя М. Танка, вучыцца па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура, англійская мова». Ганаруся тым, што маю працяг у прафесіі.
Людміла Сяменас, бібліятэкар Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі:
— На беларускай мове я размаўляю штодзень у крамах, на вуліцы, дома. Для мяне гэта натуральны працэс, і я не ўяўляю сябе іншамоўнай. Часам задумваюся, як будзе тое ці іншае слова па-руску, бо прывыкла думаць па-беларуску. Між тым так было не заўсёды. Я скончыла рускамоўную школу, і родным словам валодала не вельмі добра. Усё змянілася, калі паступіла ў інстытут культуры. У 90-я гады яго выкладчыкі пачалі размаўляць па-беларуску. Гэта было так прыгожа, нязвыкла, так уразіла мяне, што я таксама захацела гаварыць на роднай мове.
Цяпер карыстаюся ёю пастаянна ў зносінах з калегамі і дзецьмі, якія прыходзяць у бібліятэку. У адказ яны таксама стараюцца гаварыць са мной па-беларуску. На роднай мове праводжу большасць бібліятэчных мерапрыемстваў і экскурсіі па Паставах, атрымаўшы ў 2022 годзе адпаведнае пасведчанне. Калі турысты замаўляюць экскурсію, цікаўлюся, на якой мове яны хочаць яе пачуць. Радуе, што ў апошні час многія выбіраюць беларускую.
Распытвала Алена Шапавалава