У мінулую пятніцу ў Віцебску вызначылі пераможцаў абласнога тура рэспубліканскага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі». У лік 17 распрацовак, якія прадставяць нашу вобласць у фінале, увайшла работа 11-класніцы пастаўскай СШ №4 імя В. Ф. Франтова Міланы Храпавіцкай па стварэнні араматызаванай упаковачнай паперы з раслінных матэрыялаў.
З 8 класа Мілана займаецца даследчай дзейнасцю, уваходзячы ў школьнае навуковае таварыства «Крыніца». Пачынала пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі Анастасіі Дробыш. З яе дапамогай у пары з аднакласнікам Захарам Канашом даследавала ўласцівасці розных антысептыкаў. У канцы мінулага навучальнага года занялася стварэннем араматызаванай упаковачнай паперы з іншым кіраўніком — намеснікам дырэктара школы па вучэбнай рабоце Таццянай Данілевіч, якая выкладае хімію.
— Ідэю работы мне прапанавала Таццяна Ананьеўна, а развівалі яе сумесна, — расказвала Мілана. — Спачатку мы збіраліся рабіць паперу толькі з мяты і бацвіння бульбы. Потым паспрабавалі варыць з крапівы і кукурузы. Усяго ў нас атрымалася шэсць яе відаў, з іх тры — са свежай, высушанай і замарожанай мяты.
— Паперу з такога матэрыялу да нас ніхто не вырабляў, і з араматычным эфектам таксама ніхто не атрымліваў. Гэта абсалютнае наватарства, — заўважыла Таццяна Данілевіч. — Хоць у інтэрнэце мы знайшлі работу па вырабе паперы з трыснягу. Узялі за аснову яе методыку і пайшлі далей, выкарыстаўшы іншыя расліны.
Са сваёй работай Мілана ўдзельнічала ў раённай навуковай канферэнцыі школьнікаў «Глорыя», дзе атрымала дыплом ІІ ступені. Такога ж дыплома была ўдастоена на абласной «Эўрыцы», а затым перамагла ў конкурсе эколага-біялагічных работ навучэнцаў Віцебскай вобласці. Не засталася незаўважанай праца дзяўчыны і на раённым адборы маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі», атрымаўшы пуцёўку ў наступны тур.
— У Віцебску абарона праектаў праходзіла ў абласным інстытуце развіцця адукацыі, — працягвала аповед школьніца. — Там сабраліся аўтары больш чым 60 распрацовак у сферах прамысловых, будаўнічых, інфармацыйна-камунікацыйных, аграпрамысловых тэхналогій, энергетыкі, экалогіі, аховы здароўя, нацыянальнай бяспекі і абароны ад надзвычайных сітуацый. Спачатку мы прадставілі свае распрацоўкі на арганізаванай у фае выставе. А затым абаранялі іх у секцыях, выступаючы з троххвіліннымі дакладамі, пасля якіх члены журы задавалі нам пытанні.
Работа пастаўчанкі адразу прыцягнула ўвагу судзейскай калегіі. Падчас наведвання выставы адна з яе прадстаўнікоў, убачыўшы вырабленыя ўзоры паперы, сказала: «Калі б у мяне быў уласны рэстаран, я, несумненна, заказала б у вас сурвэткі з мяты» — і пажадала нашай зямлячцы перамагчы. Тым не менш на выхад у фінал праекта ні Мілана, ні Таццяна Ананьеўна не разлічвалі. Гэта стала для іх нечаканасцю пасля аб’яўлення вынікаў і ўручэння школьніцы дыплома пераможцы і грашовага сертыфіката ў магазін «Веста».
Праект па стварэнні араматызаванай паперы не адзіны, якім займаецца Мілана Храпавіцкая. Зараз дзяўчына знаходзіцца на дыстанцыйным навучанні ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку і працягвае работу над праектам, які пачала на змене па зялёнай хіміі.
— Цяпер трэба думаць, чым здзівіць журы на «рэспубліцы», — кажа Таццяна Данілевіч. — Мы ведаем, што і дзе трэба дапрацаваць, у якім напрамку рухацца. Усіх цікавяць уласцівасці вырабленай намі паперы: як уздзейнічае на яе вільгаць, наколькі яна гнецца. Будзем іх вывучаць.
Гэта была ўжо другая адукацыйная змена ў НДТП, на якой пабывала пастаўчанка. Ну а трапіць на яе дапамагла школьная даследчая праца.
Зусім хутка для 11-класніцы празвініць апошні званок, пачнуцца выпускныя і ўступныя іспыты. Мілана збіраецца паступаць у Белдзяржуніверсітэт на хімічны або біялагічны факультэт. Пакуль вырашае, які выбраць, бо аднолькава падабаюцца і хімія, і біялогія. А з рэкамендацыяй свайго навуковага кіраўніка з тэхнапарка, які з’яўляецца выкладчыкам БДУ, стаць студэнткай галоўнай ВНУ краіны будзе намнога прасцей.
Алена Шапавалава