Поставчанин Виктор Казак ловит кайф от путешествий на своём мотоцикле

Общество

Віктара Казака ведаю даўно. Ён нарадзіўся і вырас у Дунілавічах у сям’і настаўнікаў. Скончыў геафак Белдзяржуніверсітэта. Працаваў настаўнікам, начальнікам Пастаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Сем апошніх гадоў — на Пастаўскім малочным заводзе. Бацька траіх дзяцей (сёння ўсе трое — студэнты). Яго жонка Ірына — настаўніца. Сям’я жыве ва ўласным доме, таму хапае гаспадарчых спраў. Тым не менш мужчына знаходзіць час на свае захапленні матацыклам, падарожжамі і фатаграфаваннем.

Поставчанин Виктор Казак ловит кайф от путешествий на своём мотоцикле

Са школьных гадоў

Любоў да падарожжаў яму, як і многім іншым вучням дунілавіцкай школы, прывіў настаўнік Васілій Бульбяноў.

— Пра Васілія Аляксандравіча варта зняць тэлефільм, — гаварыў Віктар. — Такіх рознабаковых і захопленых людзей, як ён, сустрэнеш не часта. Мне пашчасціла быць яго вучнем, вучыцца ў яго фотасправе, хадзіць пад яго кіраўніцтвам у пешыя, лыжныя, веласіпедныя паходы, ездзіць на экскурсіі.

Поставчанин Виктор Казак ловит кайф от путешествий на своём мотоцикле

Вучні дунілавіцкай школы пабывалі на Камчатцы і Каўказе, у Крыме, Карэліі, Малдове, Польшчы. Не кажучы ўжо пра шматлікія маршруты па Беларусі. І хоць гэта было даўно, добра помніцца ім і сёння. Таксама засталіся шматлікія фотаздымкі і бясконцая ўдзячнасць педагогу, які прывіў ім любоў да падарожжаў.

— У кожным хапала цяжкасцей, — успамінае Віктар, — але яны забываюцца, а ўсё добрае, цікавае застаецца ў памяці. Іншы раз раскрываю сваю турыстычную кніжку, чытаю запісы — і ажываюць уражанні. Пачынаючы са школьных гадоў і да гэтага часу я пабываў у Літве, Латвіі, Польшчы, Расіі, Германіі, Румыніі, Балгарыі, ва Украіне.

Пачынаць з Беларусі

У 2022 годзе Віктар запланаваў падарожжа па Беларусі. Намеціў 50 мясцін, у якіх хацеў бы пабываць, распрацаваў маршрут на тыдзень і адправіўся на матацыкле.

— Аднак мяне хапіла толькі на тры дні, — прызнаўся. — Пачаў з возера Нарач, Швакштаў, Міхалішак, Гервят. Пабываў на Нёмане, на мелавых кар’ерах Гродзеншчыны і ў самім Гродне, пабачыў Лідскі і Ружанскі замкі (у Мір і Нясвіж наведваўся раней), Косаве. Заехаў у Зэльву на мотазлёт, сустрэў там знаёмых. Наступнай кропкай быў Брэст, але перадумаў і накіраваўся ў Салігорск, дзе мяне вельмі ўразілі стометровыя чырванавата-шэрыя тэрыконы — насыпы парод, якія застаюцца пасля вытворчага працэсу на прадпрыемстве «Беларуськалій». Незвычайны пейзаж, нібыта Марсіянскія горы.

Поставчанин Виктор Казак ловит кайф от путешествий на своём мотоцикле

З Салігорска ён вярнуўся дадому. Вызначаную праграму не выканаў, але, кажа, «абкатаў» сябе, зразумеў, на колькі хопіць сіл, на што трэба звярнуць увагу. Наступным летам у найбольш улюбёныя мясціны павёз на машыне сваю сям’ю. Хораша адпачывалася ўсім разам на беразе Нёмана. Плануюць Казакі аўтамабільнае падарожжа і сёлета. А ўпершыню яны сям’ёй ездзілі на машыне на адпачынак у Крым яшчэ ў 2011 годзе, калі малодшаму з дзяцей — сыну Ваню — было ўсяго тры гады.

Дарога да Эльбруса

Самай вялікай марай Віктара было трапіць на Эльбрус — найвышэйшую гару Расіі і Еўропы — 5 642 метры над узроўнем мора. Летам 2023-га з’явілася магчымасць аддаць падарожжу 10 дзён, і ён адправіўся туды на сваім матацыкле «Хонда». Да Эльбруса 2 500 кіламетраў, у дарозе зразумеў, што 10 дзён яму не хопіць. Стаміўся фізічна і маральна, таму з Бранска вярнуўся назад.

Поставчанин Виктор Казак ловит кайф от путешествий на своём мотоцикле

— З першага разу Эльбрус мяне не пусціў, — працягваў расказваць вандроўнік. — Аднак я не адступіўся ад задуманага, толькі стаў больш дасканала рыхтавацца. Набраўся смеласці і напісаў у сацсетках самаму вядомаму беларускаму мотаблогеру Андрэю Берасневічу. За яго плячыма 55 краін (нават Кітай і Індыя) і 200 тысяч кіламетраў. Дамовіліся пра сустрэчу, і мы з ім прагаварылі больш за гадзіну. Я атрымаў ад Андрэя шмат слушных парад, якімі і скарыстаўся.

У верасні 2024 года Віктар пайшоў у водпуск і ўзяў курс на Каўказ. На матацыкле мчаў так, нібыта на крылах ляцеў, нават перавысіў міжнародны байкерскі нарматыў (тысяча міль за суткі). Зарэгістраваў яго на сайце, і яму прысвоілі байкерскае званне жалезнай пятай кропкі (адпаведная нашыўка ёсць на яго куртцы). Дарэчы, у Паставах ён пакуль адзіны ўладальнік незвычайнага «тытула». А вось у суседнім Глыбокім такіх байкераў чацвёра.

Пашанцавала з надвор’ем

2500 кіламетраў ён адолеў за двое сутак. І вось паказальнік пасёлка Эльбрус. Але ліў такі дождж, што нічога не было бачна. Прыехаў у хмару! А калі і заўтра такое надвор’е, хіба ўбачыш горы? Неймаверна стомлены, спыніўся ў гасцініцы на начлег. Развесіў сушыць адзен­не, прыняў душ і праваліўся ў сон. Сярод ночы прачнуўся ад таго, што калацілася сэрца, пульс перавышаў 100 удараў у хвіліну (акліматызацыя прахо­дзіла цяжка).

Поставчанин Виктор Казак ловит кайф от путешествий на своём мотоцикле

 

— На маё шчасце, раніцай свяціла сонца і сталі бачныя заснежаныя горы, — дзяліўся ўражаннямі мужчына. — На фунікулёры па канатнай дарозе падняўся на вышыню 3 000 метраў на гару Чэгет. На пляцоўцы сфатаграфаваўся з «Пастаўскім краем» і тэтрапакетам «Малако» нашага завода. Але да Эльбруса яшчэ «не дацягнуўся». На наступны дзень раненька напрасіўся да рабочых, якія на пад’ёмніку накіроўваліся ў горы, і ўбачыў іх зусім іншымі, чым у першы раз. А галоўнае — вачам адкрылася двухгаловая вяршыня — Эльбрус! На вышыні 3 800 метраў снегу яшчэ не было. Ён пачынаўся на 200 метраў вышэй, і я вырашыў іх прайсці. З-за недахопу кіслароду «каўбасіла», было цяжка дыхаць і страшна. Але адолеў! Пастаяў на ледніку, патрымаў у руках снег Эльбруса — і хопіць!

Эмоцыі зашкальвалі

— «Лучше гор могут быть только горы», — спяваў Уладзімір Высоцкі. Зараз я цалкам разумею гэта, — прызнаўся Віктар. — Раней толькі віртуальна бачыў эльбрускія бялюткія горныя пікі, най­чысцейшыя вадаспады, глыбокія каньёны, альпійскія лугі, якія зачароўвалі і прываблівалі да сябе. Нарэшце пабываў у гарах сам.

Поставчанин Виктор Казак ловит кайф от путешествий на своём мотоцикле

Аднак ні словамі, ні відэа ці фотаздымкамі немагчыма перадаць усю іх прыгажосць і веліч. Чуючы выраз «Яны пакарылі Эльбрус», ніколі не згаджуся з гэтым. Дабрацца да вяршыні па сіле моцным фізічна і духоўна, пакарыць — нікому. Асабіста я адчуваў сябе там пясчынкай, але эмоцыі зашкальвалі. У маім сэрцы Эльбрус застаўся назаўсёды. Мару пабываць там яшчэ калі-небудзь.

І адзін у дарозе воін

У падарожжы ён ездзіць адзін. Кажа, што ні ад кога не хоча залежаць і каб хтосьці залежаў ад яго. На начоўку спыняецца ў палатцы непадалёк паселішчаў, але не на вачах у людзей, каб мець магчымасць спакойна адпачыць, перагледзець фотакадры, прааналізаваць, як прайшоў дзень, і спланаваць наступны. А вось на запраўках ахвотна сустракаецца і размаўляе з такімі ж байкерамі, як сам. Яны па акцэнце адразу ж пазнаюць, што ён беларус і распытваюць пра краіну, жыццё людзей.

Поставчанин Виктор Казак ловит кайф от путешествий на своём мотоцикле

— У гарады не імкнуся: яны мяне стамляюць, — канстатаваў суразмоўца. — Вабіць прырода: рэкі, азёры, горы. Усюды, у тым ліку ў Беларусі, шмат прыгожых мясцін. Прычым, едучы на матацыкле, іх заўважаеш больш, чым убачыў бы, рухаючыся на машыне. Зручней на матацыкле і таму, што яго лёгка прыпаркаваць. А вось апранацца трэба так, каб не заставаліся адкрытымі часткі цела, бо іх можа абпаліць сонца. Такое са мной здаралася.

…На зваротнай з Эльбруса дарозе Віктар вырашыў пабываць на Чорным моры. Зрабіў круг у 400 кіламетраў, знайшоў на беразе мора ўтульную палянку і правёў там двое сутак. Купаўся, загараў, набіраўся сіл. За 9 дзён падарожжа ён праехаў 5500 кіламетраў, скінуў 4 кілаграмы вагі і ўзбагаціўся ўражаннямі, якія не вызначыць ніякай мерай. А ў планах неўтаймоўнага вандроўніка — новыя маршруты.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.