Сёння – Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў
Пастаўчанін Генадзій Турла на Афганскай вайне правёў амаль два гады. І нават больш чым праз трэць стагоддзя яму помніцца да драбніц кожны эпізод.
Шлях у прафесію
Генадзій жыў па вуліцы 17 Верасня і вучыўся ў трэцяй школе. Большасць вучняў былі дзецьмі ваеннаслужачых. На пераменах часта абмяркоўвалі жыццё вайскоўцаў, самалёты, праз акно класа нярэдка назіралі за жалезнымі «птушкамі». І хто з хлопцаў у той час не ўяўляў сябе лётчыкам? Была такая мара і ў Генадзія. Атрымаўшы атэстат аб сярэдняй адукацыі, дакументы падаў у Калінінградскае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча.
— Там вучылася шмат пастаўчан, — успамінаў Генадзій. — У тым ліку мае найлепшыя сябры: першымі паступілі браты Саша і Вова Жырновы, за імі — Саша Гарошка, потым — я. Наша дзіцячая дружба перарасла ў армейскую.
У 1986 годзе Генадзія накіравалі на службу ў грузінскі горад Вазіані. Ён быў начальнікам паролевай службы. За 30 кіламетраў ад яго, у Тбілісі, служыў Аляксандр Гарошка. Яны часта сустракаліся. Адчуваць блізкасць зямляцтва для абаіх было важным.
Па ўласным жаданні
— Вайна ў Афганістане ішла восьмы год, — успамінаў Генадзій. — Некаторых саслужыўцаў адпраўлялі туды па загадзе. А я, малады і наіўны, папрасіўся сам. У маі 1987-га мяне накіравалі ў Ташкент, а адтуль бортам ІЛ-76 прывезлі ў Кабул. З Кабула — у Баграм. І тут я зразумеў, у якое пекла трапіў. Трэба было прывыкаць да новай мясцовасці, клімату, вучыцца жыць на вайне.
Бацькам не прызнаўся, дзе будзе праходзіць яго далейшая служба. Пісьмы пісаў кароткія: «Жывы, здаровы». Расказваў пра надвор’е, больш задаваў пытанні і ні радка — пра вайну. Вельмі сумаваў па Радзіме. Часам здавалася: усё, што адбываецца, — дрэнны сон. Прачнешся — і вось яны, мілыя Паставы! Калі выпала магчымасць прыехаць у Ташкент, не ўтрымаўся: купіў білет на самалёт і пабываў у родным горадзе. Тады і адкрыў тайну родным пра тое, дзе служыць. Можна толькі ўявіць, чаго гэта праўда каштавала маці з бацькам, старэйшаму брату!
Небяспека на кожным кроку
— Як ні называй вайну, яна ўсё роўна застаецца вайной, з разбурэннямі, смерцю, — разважаў мой суразмоўца. — Балючыя ўспаміны не сціраюцца з памяці. І страх часам ажывае, як у тыя дні. Асабіста мне дадавала сіл і мужнасці сяброўства з Сашам Гарошкам і братамі Жырновымі. Лёс зноў звёў з імі ў Баграме. Нашы саслужыўцы зайздросцілі, што нам ёсць каму адкрыць сэрца. Вайна навучыла многаму. Я пасталеў, стаў разумець людзей. І самае галоўнае — навучыўся па-сапраўднаму цаніць жыццё.
Савецкіх ваеннаслужачых нярэдка адпраўлялі патруляваць населеныя пункты і мясцовы рынак. Але і там небяспека падсцерагала на кожным кроку. Подласці можна было чакаць ад любога: мужчыны, падлетка, жанчыны ў паранджы. Мірныя жыхары, якія днём усміхаліся і гасцінна запрашалі ў дом, ноччу браліся за зброю. Здараліся і абстрэлы аэрадрома. І сёння перад вачыма воіна-«афганца» выпадак, калі ворагі спалілі самалёт і ў ім загінулі людзі.
Не злічыць, колькі разоў Генадзій Турла падымаўся на верталёце ў афганскае неба, дастаўляў байцам боепрыпасы і харчовыя запасы, падымаў раненых з падбітых самалётаў з глыбокіх цяснін. Не было ніводнага спакойнага рэйса. Тэрмін службы ў Афганістане звычайна абмяжоўваўся годам. Старшы лейтэнант Турла затрымаўся амаль на два.
Вяртанне дадому
— Рыхтаваўся вывад нашых войск, і камандаванне вырашыла пакінуць для гэтай аперацыі больш вопытных ваеннаслужачых, таму нас і не замянілі, — расказваў Генадзій. — Вывад пачаўся 15 мая 1988 года. Тым часам я пакідаў гэту краіну. Здавалася, да запаветнай мяжы зусім блізка. Ішла калона машын. І тут раптам абстрэл. Звычайна падбівалі першую і апошнюю машыны. На гэты раз трапілі ў сярэдзіну калоны. Мяне, пасечанага асколкамі, выкінула на абочыну. Я страціў прытомнасць. Апрытомнеў толькі ў Ташкенце. Аказалася, мае баявыя таварышы з гэтай машыны загінулі. Мяне тэрмінова даставілі ў Кабул, а адтуль першым бортам — у Ташкент. У інстытуце нейрахірургіі правялі складаную аперацыю на галаве. Калі крыху набраўся сіл, папрасіўся дадому, каб далечвацца ў ваенным шпіталі на роднай зямлі.
Вяселле – праз месяц
Менавіта ў шпіталі ў Паставах Генадзій сустрэў свой лёс — маладзенькую медыцынскую сястру. Гэта той выпадак, калі ўзаемнае каханне ўспыхвае з першага погляду. Далікатныя рукі Людмілы і яе ласкавая ўсмешка рабілі цуды — афіцэр хутка ішоў на папраўку. Але ехаць прадаўжаць службу без каханай не мог. Праз месяц пасля знаёмства Генадзій і Людміла сталі мужам і жонкай і разам адправіліся ў Тбілісі.
— Людміла — мой анёл-ахоўнік, — упэўнены Генадзій. — Не соладка ёй прыйшлося ў Грузіі, дзе на той час ужо было неспакойна. Але яна стойка пераносіла ўсе нягоды. Разам мы амаль 37 гадоў.
Радзіма дае сілы
Раненне адбілася на здароўі воіна-«афганца». У 1991 годзе ён атрымаў групу інваліднасці і выйшаў на пенсію. Сям’я вярнулася ў Паставы. Тут з розніцай у тры гады нарадзіліся сыны Аляксей і Аляксандр. Старэйшы стаў ваенным. Жыве ў Мінску. Малодшы — вадзіцель, калясіць па свеце на фуры. Мае дачушку Палінку. Унучачка — найвялікшая радасць для бабулі з дзядулем. Генадзій цяпер працуе электрыкам у жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Думаў, што пройдзе час — і Афган адпусціць. Аднак і праз гады не забыць тое, што давялося перажыць.
— Як мы любілі сустракацца ў Паставах з Сашам Гарошкам, Вовам і Сашам Жырновымі! — з тугой у вачах гаварыў Генадзій. — На жаль, Афганская вайна забрала ў іх спачатку здароўе, а потым і жыццё. Яны назаўсёды засталіся на фотаздымках і ў маім сэрцы.
З кожным годам усё менш баявых таварышаў збіраецца на мітынг у скверы каля помніка загінулым землякам. А па сутнасці, мы — апошняе пакаленне беларусаў, якім давялося ваяваць. Так хочацца, каб над нашай краінай неба заўсёды было мірным, а нашых дзяцей і ўнукаў абмінулі тыя нягоды, якія выпалі нам.
Генадзій Турла
Анна Анішкевіч