120-ы Віцебскі адкрыты шахматны тэмпа-турнір быў прысвечаны памяці Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы Пятра Машэрава і праходзіў у восьмы раз у ДФСК “Віцебск”. Адкрыў яго намеснік старшыні Віцебскага абласнога савета ветэранаў Міхаіл Ляшчынскі. Ён правёў віктарыну, прысвечаную славутаму земляку. Перамогу ў ёй святкаваў Ігар Грыгаровіч з Лепеля, які быў асабіста знаёмы з Пятром Міронавічам.
У стартавы пратакол спаборніцтваў былі ўнесены 72 спартсмены. Турнір можна назваць міжнародным, бо ў ім прынялі ўдзел 11 шахматыстаў з Вялікіх Лук (Расія) і 2 — са Шры-Ланкі.
10 шахматыстаў мелі рэйтынг больш за 2 000 балаў. Самы высокі — 2 300 — у легендарнай 11-разовай чэмпіёнкі Рэспублікі Беларусь Рахіль Эйдэльсон. Яна, дарэчы, упэўнена перамагла сярод жанчын, якіх было 16. Не змяніўся рэгламент турніру: на абмеркаванне хадоў кожнаму давалася 5 хвілін і 3 секунды за кожны зроблены ход пачынаючы з першага.
За тур да спаборніцтваў у галоўным турніры преамогу святкаваў кандыдат у майстры спорту Рэспублікі Беларусь Дзяніс Кот (Віцебск), які набраў 8 ачкоў і не прайграў ніводнай партыі, згуляўшы двойчы ўнічыю з Юрыем Пятровым і Аляксандрам Камекам (абодва з Віцебска). Адразу тры спартсмены запісалі ў свой актыў па 7 заліковых балаў. Пры падліку дадатковых паказчыкаў лепшымі яны аказаліся ў кандыдата ў майстры спорту Рэспублікі Беларусь Рамана Дасюка з Наваполацка. Тройку прызёраў замкнуў віцебскі школьнік першаразраднік Глеб Башмакоў. За крок ад прызёраў спыніўся Дзмітрый Кашманаў з Вялікіх Лук.
У намінацыі “Сельскія шахматысты” спаборнічалі 12 спартсменаў. Гонар Пастаўшчыны абаранялі Аляксандр Мурзо (завод “Проміс”), Станіслаў Цыбульскі (Пастаўскі малочны завод) і ветэран шахмат Авенір Чырванец. Найбольш паспяхова стартаваў Станіслаў Цыбульскі, які пасля чатырох тураў набраў 2,5 ачка і ўваходзіў у лідзіруючую групу, пры гэтым у трох партыях меў чорны колер фігур. А вось пасля экватара спаборніцтваў гульня не пайшла — усяго 1,5 бала з пяці магчымых. Затое Аляксандр Мурзо пяць першых тураў праваліў (яму трапіліся вельмі моцныя сапернікі), а ў канцоўцы навярстаў упушчанае. У вынікіу ў названай намінацыі перамогу святкаваў Сяргей Валодзькін (Докшыцы), які аказаўся мацнейшым за сваіх сапернікаў адразу ў шасці партыях. Следам фінішаваў наш Аляксандр Мурзо, які папоўніў сваю ачковую скарбонку 4,5 баламі. На паўачка менш і трэці вынік у Ігара Грыгаровіча. 5-е і 6-е месца занялі Станіслаў Цыбульскі і Авенір Чырванец. Неаднаразовы пераможца намінацыі Іван Урбановіч з Верхнядзвінскага раёна на гэты раз паказаў дзявяты вынік.
Што да камандных спаборніцтваў, то тут з першых тураў аднаасобнае лідарства захапіла дружына ДЮСШАР-8 (Віцебск) і ўпэнена перамагла (21 ачко). Другі вынік у моцнай каманды “Вялікія Лукі” (19 ачкоў). 3-е месца ў віцебскай каманды “Ветэран” (18,5). 4-е і 5-е месцы занялі каманды Полацка і віцебскіх студэнтаў-медыкаў. У каманды нашых землякоў 7-е месца і 12,5 ачка.