По итогам работы в 2024 году Воропаевская горпоселковая библиотека получила звание «Лучшая сельская в области»

Главное Культура

Да яго калектыў установы ішоў не адзін год, перамагаючы ў розных конкурсах. Толькі за апошні час двойчы станавіўся пераможцам раённага спаборніцтва сярод бібліятэк. Летась заняў 2-е месца ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры». І кожнае дасягненне дзялілася на траіх — менавіта столькі чалавек працуе ў варапаеўскім храме ведаў. Прычым усе яны маюць бібліятэчную адукацыю і вялізны вопыт работы па атрыманай спецыяльнасці.

— У гэту бібліятэку я прыйшла 37 гадоў назад, адразу пасля заканчэння школы, і з таго часу не пакідала яе, — расказвала загадчыца Алена Міхалевіч. — Мае калегі Алена Пашкова і Людміла Жук раней працавалі ў дзіцячай бібліятэцы. Але 8 гадоў назад, калі яе закрылі, перайшлі сюды. Яны таксама маюць вялікі стаж. У Алены Аляксандраўны ён 40 гадоў, у Людмілы Станіславаўны — 36. Абедзве адказныя, творчыя, крэатыўныя, калі за нешта бяруцца, то стараюцца зрабіць так, каб не было ніякіх недахопаў.

Разам бібліятэкары арганізуюць шмат розных мерапрыемстваў для дарослых і дзяцей. Асаблівую ўвагу звяртаюць на падрастаючае пакаленне, працуючы з ім ва ўсіх напрамках: па патрыятычным, сямейным, экалагічным, духоўным выхаванні, краязнаўстве, здаровым ладзе жыцця. З 75 праведзеных летась мерапрыемстваў 52 ладзіліся для дзяцей.

По итогам работы в 2024 году Воропаевская горпоселковая библиотека получила звание «Лучшая сельская в области»

— Мы пастаянна прыдумваем штосьці новае, нестандартнае па назве, форме і змесце, каб заціка­віць аўдыторыю, — працягвала Алена Іосіфаўна. — Для падлеткаў і моладзі право­дзілі літаратурны гандзікап «Адгадай аўтара і яго твор», цін-кактэйль «Падумай пра прафесію сёння», тэйбл-ток «Я вырас тут, і гэты край мне дарагі». Для малодшых школьнікаў і выхаванцаў дзіцячага сада — бібліятэчны тымбілдынг «Мы маленькія дзеці — нам хочацца гуляць», літаратурны боўлінг «Казкі любім мы чытаць і герояў пазнаваць» і інш. Падчас летніх канікулаў у нас працаваў бібліястадыён «Кніга! Спорт! Гульня! Ура!», да Дня маці арганізавалі паэтычны зэдлік «Сказ от сердца и души о том, как мамы хороши». Стараемся, каб такімі ж цікавымі былі мерапрыемствы і для людзей старэйшага пакалення. Летась ладзілі для іх паэтычны блеф-клуб «Зноў прываблівае нас паэзія», вясеннюю цяртулію «На зямлі для ўсіх людзей вясна з жанчынаю падобныя», рэтравечар «Мелодыі нашага юнацтва». Шмат розных мерапрыемстваў правялі да 80-годдзя вызвалення Беларусі і Дня Перамогі. Усе былі ў захапленні ад аформленага намі «Акна Перамогі» з тэматычнымі выцінанкамі. Спадабалася пасялкоўцам таксама наша салдацкая каша, якую прыгатавалі ў мультыварцы.

Могуць пахваліцца работнікі бібліятэкі і сваім праектам «Творцы зямлі варапаеўскай». Менавіта за яго атрымалі дыплом конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры». У рамках праекта было арганізавана нямала выстаў і прэзентацый, прысвечаных землякам, а вынікам стала выданне аднайменнага зборніка. Ды і зараз ва ўстанове працуюць тры выставы творчасці жыхароў гарпасёлка: алмазнай вышыўкі Валянціны Бараноўскай, фактурнага жывапісу Яніны Ліманоўскай і лозапляцення Аляксандра Юшкевіча. А пры ёй амаль 40 гадоў дзейнічае клуб паэзіі «Брыганціна».

Пра тое, што бібліятэка ў Варапаеве з’яўляецца месцам прыцяжэння жыхароў гарпасёлка, сведчыць колькасць яе наведванняў — 15 441 за мінулы год. Адны прыходзяць сюды ўзяць кнігу ці пагартаць перыёдыку ў чытальнай зале, іншыя — знайсці неабходную інфармацыю ў інтэрнэце, раздрукаваць набраны на камп’ютары тэкст, зрабіць ксеракопію дакументаў… Усяго ўстанова аказвае насельніцтву 11 відаў платных паслуг, штогод выконваючы даведзены план. Працуе тут і публічны цэнтр прававой інфармацыі.

Што да чытачоў, то іх 1 750, у тым ліку 571 — ва ўзросце да 18 гадоў. Самыя актыўныя — малодшыя школьнікі і пенсіянеры. Прыязджаюць таксама жыхары навакольных вёсак. Тым, хто не можа дайсці да бібліятэкі, кнігі дастаўляюць дамоў сацработнікі і самі бібліятэкары. Кожнаму літаратуру падбіраюць індывідуальна ў залежнасці ад яго мастацкіх густаў. Калі часам не аказваецца патрэбнай кнігі, прывозяць яе з раённай бібліятэкі. Дзякуючы такой рабоце кнігавыдача летась склала 31 680 экзэмпляраў, з іх 8 586 выдалі дзецям.

Мінулай восенню да Дня бібліятэк работнікі ўстановы правялі анкетны стол «Як вас абслугоўваюць? Бібліятэка вачыма чытачоў», каб высветліць, што думаюць пра іх працу жыхары гарпасёлка. Не сумняваюся: ацэнкі былі высокія. Гэта пацвярджае кніга водзываў, якую паказала мне Алена Міхалевіч. У ёй нямала падзяк за абслугоўванне, арганізацыю цікавых мерапрыемстваў і мастацкіх выстаў.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.