Обязанности социального работника Алина Матвеева выполняет по зову сердца и добросовестно

Общество

Міласэрная, добрая, клапатлівая — так характарызуюць сацыяльнага работніка лынтупскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН Аліну Мацвееву яго пастаяльцы.

Кожны дзень у 8.10 Аліна Алойзаўна збірае сваіх падапечных на ранішнюю зарадку. Безумоўна, старыя людзі выконваюць не такія практыкаванні, як школьнікі на ўроках фізкультуры. Гэта, хутчэй, лёгкая размінка для рук, пальцаў, ступняў. Пасля гэтага сацыяльны работнік змярае ціск, раздае лекі, якія кожнаму прыпісаў урач. Калі хтосьці дрэнна сябе адчувае, выклікае загадчыка Лынтупскай участковай бальніцы Рамана Лагунёнка.

Кожны, хто знаходзіцца ў нашым аддзяленні, мае сваю гісторыю, — гаварыла Аліна Мацвеева. — Не заўсёды прыгожую і вясёлую. І ў кожнага свая дарога ў наша аддзяленне. Хтосьці застаўся зусім адзін на гэтым свеце, а ў некага ёсць і родныя, і блізкія, якія не надта гараць жаданнем прытуліць у сябе нямоглага чалавека. Самае галоўнае, што патрэбна пастаяльцам, — выратаванне ад бездапаможнасці і адзіноты. Такім астраўком міласэрнасці, дабрыні, спакою і з’яўляецца аддзяленне кругласутачнага знаходжання для састарэлых і інвалідаў. Калі людзі трапляюць да нас, іх сэрцы мякчэюць. Тут створаны належныя ўмовы для пражывання, заняткаў па інтарэсах. Пастаяльцы забяспечаныя збалансаваным чатырохразовым харчаваннем. У аддзяленні яны знаходзяць сабе аднадумцаў. Немалую ўвагу работнікі аддзялення ўдзяляюць  рэабілітацыі пажылых людзей, павелічэнню працягласці іх жыцця, імкнуцца адносіцца да іх, як да самых блізкіх і родных.

Обязанности социального работника Алина Матвеева выполняет по зову сердца и добросовестно

Некаторыя ў аддзяленні жывуць з дня яго адкрыцця, задаволеныя гэтай магчымасцю. Тым не менш чакаюць тэлефоннага званка ці сустрэчы з роднымі, якія ёсць амаль у кожнага. Аліна Мацвеева добра адчувае настрой кожнага падапечнага, разумее, што яму неабходна ў дадзены момант: душэўная гутарка, трапны гумар ці чалавека проста дастаткова абняць, пагладзіць па руцэ. Цяплом сваёй душы, чуласцю і ўвагай жанчына можа падбадзёрыць, падарыць хвіліны радасці.

Наша Алойзаўна — нястомная працаўніца і майстар на ўсе рукі, — расказвала загадчыца аддзялення Валянціна Асіпенка. — Няма той работы, якую б яна не ўмела рабіць. З пажылымі займаецца рукадзеллем, шмат увагі ўдзя­ляе іх здароваму ладу жыцця: у добрае надвор’е разам з імі выходзіць на сцежку здароўя, прывучае да скандынаўскай хадзь­бы. Ніколі не дзеліць абавязкі на свае і чужыя. Разам з малодшай медыцынскай сястрой дапамагае пажылым памыцца, апрануцца, зробіць ім стрыжку. А які цудоўны повар і кулінар!

Абавязкі сацыяльнага работніка Аліна Мацвеева выконвае па закліку сэрца, а прыгатаваць тую ці іншую страву, сервіраваць стол — гэта любімы занятак. Ад выпечкі тартоў, пірожных, вырабу розных рулетаў яна атрымлівае сапраўдную асалоду. Без яе ўдзелу не абыходзіцца ні адзін турзлёт сацработнікаў, ні адно свята.

З вясны да восені рупіцца на ўласным прысядзібным участку, дзе вырошчвае розныя віды агародніны. Толькі памідораў, перцаў, агуркоў высаджвае да тысячы каліў.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.