16—18 лютага 1943 года ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна падчас карнай аперацыі загінулі мясцовыя жыхары і з навакольных вёсак. Разам з імі ў агні згарэлі айцы-марыяне Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч.
«Зімовы цуд» — такую назву мела карная аперацыя нямецкіх акупацыйных улад. Менавіта падчас яе 16 лютага карнікі сагналі ў росіцкі касцёл маці з немаўлятамі, дзяцей, моладзь, старых. Святары былі разам з імі і рыхтавалі людзей да сустрэчы з Богам: суцяшалі, маліліся, удзялялі сакраманты. 17-га частку нявольнікаў адправілі ў канцлагеры або на прымусовыя работы ў Германію, астатніх спалілі ў гумне.
У тыя дні ў агні загінулі 1 528 чалавек. Са сваімі парафіянамі крок у полымя зрабілі айцы Антоній і Юрый. Яны свядома выбралі лёс, які напаткаў іх паству, хаця карнікі давалі ім шанс застацца жывымі. Святары ў цяжкой сітуацыі не ратавалі свае жыцці, а асабістым прыкладам падтрымалі людзей, што былі перад абліччам смерці. І ў гэтым каштоўнасць іх ахвяры.
На ўшаноўванне бласлаўлёных пакутнікаў кожны год у Росіцы збіраецца мноства пілігрымаў з розных куточкаў Беларусі, каб у тым самым касцёле, які падчас трагедыі быў канцэнтрацыйнай зонай, памаліцца, у журботнай працэсіі прайсці дарогай, па якой апошні раз ішлі насустрач сваёй смерці безабаронныя людзі, ускласці кветкі і запаліць лампадкі каля крыжа, што ўзвышаецца на месцы спаленага з людзьмі гумна.
Неаднойчы была ў Росіцы і я. Малітва ў гэтым пакутным месцы дае незвычайную сілу. Апошнія гады далучаюся да гэтых урачыстасцей духоўна. Да росіцкіх пакутнікаў звяртаюся і тады, калі сум агортвае душу, невыносна баліць сэрца. Шчыра прашу іх заступніцтва — і адчуваю падтрымку. Росіца чыніць цуды! Шматпакутнае і намоленае месца нават на адлегласці пазбаўляе ад дрэнных думак, рассейвае расчараванні, дапамагае несці цяжкі крыж і дорыць надзею на вечнае жыццё.
Анна Анішкевіч