А вы чулі, як пяюць «Дразды»? А ведалі, што зусім нядаўна вядомы беларускі гурт не толькі быў у нашых краях, але і зняў на Пастаўшчыне вясёлы кліп на сваю новую песню? Дык яшчэ і з кім у галоўных ролях! Не буду стамляць — расказваю.
Гурт «Дразды» не адзін год славіцца сваім уменнем ствараць песні, якія адгукаюцца ў сэрцах слухачоў. Не чужое творчым хлопцам і пачуццё гумару. Датычыцца гэта і іх новай песні «Лазня», кліп на якую перад самым Новым годам з’явіўся на You Tube і адразу аказаўся ў пачатку рэйтынгу. Толькі за тры дні яго паглядзелі 100 тысяч чалавек! Словы песні належаць Людміле Запрудскай (жанчына праславілася ў TikТоk аўтарскімі вершамі, якія піша на манер Кандрата Крапівы), а словы на музыку паклаў лідар гурта «Дразды» Віталь Карпанаў. Вясёлыя сцэны кліпа разгортваюцца ў аграсядзібе «Трабуцішкі» Юрыя і Наталлі Фурсаў на Лынтупшчыне.
— Хлопцы патэлефанавалі нам яшчэ ўвосень, — расказвала мне гаспадыня сядзібы. — З-за шэрага абставін здымкі пераносіліся некалькі разоў і ў выніку адбыліся 22—24 снежня. Рэжысёрская група прыехала крыху раней, каб пазнаёміцца з лакацыямі. Работу пачыналалі з самага ранку, у 5-6 гадзін. Магу сказаць, што гэта прыемныя і высокапрафесійныя людзі, якія выконваюць сваю працу з вялікай адказнасцю. Сапраўдным цудам у дні здымак стала тое, што выпаў снег, які надаў наваколлю чараўніцтва.
Чым жа прыйшоўся даспадобы кліп тысячам прыхільнікаў You Tube? Дык вось: здымачная група стварыла сапраўдную вясковую міні-камедыю, якую хочацца пераглядаць зноў і зноў! У цэнтры сюжэта — гісторыя пра тое, як два прыяцелі ідуць на хітрыкі, каб папарыцца ў лазні, бо аднаго з іх не адпускае жонка. Вядомая гісторыя, праўда? Чаго толькі вартыя шапкі для парылкі на галовах галоўных герояў! Не адарваць вачэй ад «акуня» і «краба»! Кліп напоўнены яркімі фарбамі і нечаканымі паваротамі падзей. Несумненна, дадаюць яму каларыту пацешныя выразы і камічныя сітуацыі, узятыя з народу.
Галоўныя ролі сяброў выканалі саліст «Драздоў» Віталь Карпанаў і вядомы беларускі блогер Юрый Максімчык (ён здымае камічныя жыццёвыя сюжэты пра сям’ю з трох чалавек: таты, мамы і сына, ролі якіх сам і выконвае). Жонку сыграла беларуская актрыса тэатра і кіно Юліяна Міхневіч. Самыя вядомыя серыялы з яе ўдзелам — «Оттепель», «Линия Марты», «Акушерка». Як вам зорнае трыа?
Дарэчы, кот, якога таксама можна ўбачыць у кліпе, аказаўся зусім выпадковым персанажам. Гаспадыня расказала, што да іх часам прыходзяць бяздомныя каты, якіх яны падкормліваюць. А гэтаму пашанцавала ўдвая: і накармілі, і праславілі ў інтэрнэце. Наталля Фурс адзначыла, што сваю ролю ён выканаў бездакорна. Сёння той кот — паўнапраўны жыхар сядзібы, якога гаспадары вырашылі пакінуць у сябе.
Калі вы яшчэ не бачылі вясёлы кліп, абавязкова знайдзіце час, каб яго паглядзець. Упэўненая: ён падыме настрой і прымусіць усміхнуцца нават у самы шэры дзень. А калі захочаце асабіста наведаць месца здымак, то, калі ласка, — у «Трабуцішкі»!
Крысціна Рубель