Сямейныя пары пастаўскіх парафій Святога Антонія Падуанскага і Езуса Міласэрнага распачалі падрыхтоўку да чарговага сямейнага балю.
Першы адбыўся на Пастаўшчыне ў 2018 годзе. Тады ён праходзіў у Навасёлкаўскім цэнтры культуры. Наступны правялі ў райцэнтры і прысвяцілі яго 10-годдзю фонду «Адкрытыя сэрцы». Вымушаны перапынак зрабілі з-за пандэміі COVID-19.
У 2023 годзе традыцыю аднавілі. У арганізацыі мерапрыемства на працягу пэўнага часу дапамагалі валанцёры душпастырства сем’яў Віцебскай дыяцэзіі і дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы» Ірына і Аляксандр Малочка з Віцебска. Летась пастаўчане арганізавалі мерапрыемства сваімі сіламі. Атрымалася выдатна. Сямейныя пары пасябравалі паміж сабой, часта сустракаюцца не толькі на святой Імшы ў касцёле, але і збіраюцца разам на розныя святы.
Сёлета баль запланаваны на 31 мая. Пройдзе ён у раённым Доме культуры. Арганізатары запрашаюць да ўдзелу сямейныя пары і запэўніваюць, што танцаваць навучаць кожнага. Самае галоўнае — гэта сумесна праведзены час мужа і жонкі, бо за працай, выхаваннем дзяцей, іншымі штодзённымі клопатамі не заўсёды ўдаецца пабыць адно з адным. А танец абуджае пачуцці, яднае. Большасць танцораў са стажам — шматдзетныя (маюць ад трох да шасці дзяцей). Тым не менш знаходзяць час на падрыхтоўку да балю. І сцвярджаюць, што кружыцца ў вальсе — цудоўна.
У сераду ў раённым Доме культуры адбылася першая рэпетыцыя. Наступныя будуць праходзіць да пачатку Вялікага посту, адновяцца пасля Вялікадня. Калі пажадаеце далучыцца, тэлефануйце на нумары: +375-29-216-86-72 (Святлана) і +375-29-594-08-54 (Святлана).
Анна Анішкевіч