Нашы Паставы прывабліваюць турыстаў багатай гісторыка-архітэктурнай спадчынай, непаўторнай прыгажосцю прыроды. Адзін з турыстычных аб’ектаў — Дом рамёстваў «Стары млын». Госці райцэнтра не абмінаюць яго ніколі.
— Вадзяны млын — помнік прамысловай архітэктуры XIX стагоддзя, — расказвала начальнік аддзела культуры райвыканкама Ірына Лойка. — Дом рамёстваў размясціўся тут у 1998 годзе. У яго выставачных залах экспануюцца прадметы народнай творчасці, праводзяцца жанравыя выстаўкі, разнастайныя майстар-класы. Але будынак даўно патрабаваў рамонту (з дня яго адкрыцця перыядычна праводзіўся толькі касметычны). У мінулым годзе з раённага бюджэту на гэтыя мэты было выдзелена 210 298 рублёў. Будаўнікі КБУП «Рассвет Пастаўскі» абнавілі фасад пабудовы, памянялі каля 50 вокнаў, адрамантавалі ліўнёўку.
Абнавіліся выставачныя залы. У іх устаноўлены новыя дзверы, зроблена сучасная столь, укладзены ламінат, заменены плітка і абсталяванне ў санвузлах. Усё гэта — справа рук майстроў індывідуальнага прадпрымальніка Ігара Бароўкі. Сцены памалявалі ў прыемны колер работнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна.
— Выставачныя залы пуставаць не будуць, — упэўненая дырэктар Дома рамёстваў «Стары млын» Таццяна Петух. — У нашым раёне шмат таленавітых, па-сапраўднаму захопленых творчасцю людзей. Не менш і тых, хто любіць і цэніць мастацтва, цікавіцца народнымі традыцыямі продкаў. А работнікі Дома рамёстваў рабілі і будуць рабіць усё для таго, каб гэтыя традыцыі захоўваць і папулярызаваць. Таму шчыра запрашаем!
Абноўленыя экспазіцыі размяшчаюцца ў трох залах. У малой — бытавыя прадметы беларускай хаткі XIX — пачатку XX стагоддзя мястэчка Паставы. Там можна ўбачыць ручнікі, маляванкі, нацыянальныя строі нашых продкаў. Па экспанатах музея, фотаздымках і расказах старажылаў іх рэканструкцыю зрабілі майстры Алена Крывенькая, Вольга Гукава і Таццяна Петух. У пакоі ткацтва, убачыўшы кросны, я ўспомніла дзяцінства: мама ткала на такіх дываны. Мне, малой, таксама хацелася паспрабаваць. І мама дазваляла закідваць чаўнок, прыстукваць нітку, націскаць на понаж. А якая няпростая справа — спрасці на калаўроце кудзелю ці ваўняную нітку! На выставе можна ўбачыць самыя розныя прадметы ткацтва.
Цэнтральная зала прызначана для сучаснага мастацтва. Цяпер тут знаходзяцца работы мастака з Мінска Віктара Мікіты. Яны маюць адметную аўтарскую манеру: выкананыя ў камбінаванай тэхніцы, якая ўяўляе сінтэз прыёмаў скульптуры (рэльефнасць паверхні), графікі (абмежаванасць і збліжанасць колераў) і жывапісу. Мяне ўразілі карціны аб’ёмнага жывапісу. Для іх стварэння выкарыстаны прадметы, якія, здавалася б, не маюць ніякага дачынення да мастацтва: манеты, пясок і іншыя. Атрымалася цудоўна! Першымі на выставе пабывалі навучэнцы СШ №3. Працаваць яна будзе да сярэдзіны сакавіка.
Анна Анішкевіч