Жыхары аграгарадка Хацілы Аляксандр і Святлана Адамковічы прывыклі выкананне любой справы не адкладваць у доўгую скрыню. Таму і за кандыдата ў Прэзідэнты краіны вырашылі прагаласаваць датэрмінова.
За іх плячыма — багаты жыццёвы вопыт. Студэнцкія гады выпалі на складаныя 90-я. Скончыўшы Віцебскі ветэрынарны інстытут, пажаніліся. Працоўную біяграфію пачыналі ў адной з гаспадарак на Браслаўшчыне. Пазней Аляксандр выбраў службу ў арміі. А калі атрымаў права на пенсію па выслузе гадоў, сям’я задумалася пра пераезд у больш моцную гаспадарку. Так Адамковічы 15 гадоў таму апынуліся ў Хацілах. Аляксандр разам з кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемства кантраляваў узвядзенне новага рабатызаванага комплексу, потым на працягу 13 гадоў яго ўзначальваў. Здолеў згуртаваць калектыў, накіраваць яго на дасягненне высокіх паказчыкаў. Святлана на комплексе працуе і цяпер.
— Грамадзянскі абавязак кожнага беларуса — прыняць удзел у выбарах Прэзідэнта, — гаварылі муж і жонка. — Нам патрэбны моцны лідар, які прадоўжыць развіваць Беларусь і клапаціцца пра людзей. За апошнія дзесяцігоддзі адбыліся каласальныя станоўчыя змены ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы. Пра ўсё гэта можна меркаваць па нашым раёне і нашых Хацілах. Старыя фермы саступілі месца сучасным комплексам, на якіх высокія надоі малака і прывагі жывёлы. Пабудавана шмат жылля. Той, хто не лянуецца, атрымлівае годную зарплату. Моладзь застаецца ў гаспадарцы. Нам хочацца, каб нашы дзеці і ўнукі жылі пад мірным небам, каб былі адзінства і стабільнасць, а таксама рух наперад.
Анна Анішкевіч