За два апошнія гады калектыў ЦБП №217 у г. Паставы ААТ «Белаграпрамбанк» абнавіўся амаль напалову: нехта з банкіраў пайшоў на заслужаны адпачынак, нехта змяніў месца работы або жыхарства. На змену ім прыйшло маладое папаўненне, якім кіраўніцтва цэнтра вельмі задаволенае.
Сярод тых, хто нядаўна ўліўся ў калектыў, спецыялісты па абслугоўванні прыватных кліентаў Таццяна Буцневіч, Уладзіслава Варанковіч і Анастасія Памецька. Да іх ліку можна аднесці і Наталлю Талайку, якая хоць і ўваходзіць у штат ЦБП з 2016 года, тры апошнія гады была ў водпуску па доглядзе дзіцяці і толькі ў пачатку лістапада вярнулася на работу.
Усе дзяўчаты працуюць у аддзеле рознічнага продажу і, па словах яго начальніка Наталлі Якубовіч, з’яўляюцца ўніверсальнымі спецыялістамі: могуць абслужыць кліента як на касе, так і на адкрытым рабочым месцы, схадзіць на прэзентацыю ў арганізацыю ці ўстанову і расказаць пра банкаўскія прадукты і паслугі. Валютаабменныя аперацыі, прыём плацяжоў, грашовыя пераводы, афармленне карт-рахункаў, грашовых укладаў, крэдытных дагавораў і дагавораў страхавання — вось асноўнае, чым займаюцца работнікі аддзела. Да сваіх абавязкаў маладыя спецыялісты ставяцца адказна і стараюцца якасна выконваць работу. Яны ветлівыя, добразычлівыя, уважлівыя да кожнага кліента. У прыватнасці, гатовыя дапамагчы наведвальнікам банка зрабіць камунальныя плацяжы ў інфакіёску або на кліенцкіх рабочых месцах у зале. Уладзіславе Варанковіч адзін з наведвальнікаў нават напісаў падзяку за абслугоўванне ў кнігу заўваг і прапаноў.
Для ўсіх чатырох дзяўчат ЦБП №217 — не першае месца работы. Таццяна Буцневіч, Анастасія Памецька і Наталля Талайка да прыходу ў «Белаграпрамбанк» некаторы час працавалі ў розных камерцыйных банках у Мінску, Уладзіслава Варанковіч была аператарам у магазіне «Санта» ў Докшыцах. Але жыццёвыя абставіны склаліся так, што прыйшлося вярнуцца ці (у апошнім выпадку) прыехаць у Паставы. Ужо ўладкаваўшыся ў ЦБП, Таццяна, Уладзіслава і Наталля скончылі выйшэйшыя навучальныя ўстановы і атрымалі адпаведныя рабоце ў банку спецыяльнасці.
Як прызнаюцца дзяўчаты, цяперашняе месца работы і ў цэлым банкаўская дзейнасць ім падабаюцца. Таму нешта мяняць яны пакуль не збіраюцца.
Алена Шапавалава