У перадапошні дзень 2024-га ў паліклініцы Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы адкрылася пасля рамонту педыятрычнае аддзяленне. У ролі добрага чараўніка выступіла вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Завод Проміс», якое ўласнымі сіламі за ўласныя сродкі ўсяго за паўтара месяца выканала вялікі аб’ём работ.
Тыя, хто бываў у названым аддзяленні, памятаюць, як яно выглядала да рамонту. Цёмны калідор з пафарбаванымі ў зялёны колер сценамі, уздоўж іх — старыя бальнічныя кушэткі. Сумную карціну не маглі змяніць ні самаробны акварыум у зоне чакання для пацыентаў, ні яркі дзіцячы гульнявы куток, які і стаў прычынай рамонту.
— На нашым прадпрыемстве каля сотні работнікаў, — гаварыў на адкрыцці аддзялення дырэктар ВУП «Завод Проміс» Андрэй Лічэўскі. — У многіх ёсць дзеці, таму даводзіцца звяртацца ў паліклініку. І хочацца, каб тут для малых і бацькоў былі створаны камфортныя ўмовы. З гэтай мэтай гадоў 5 назад мы падарылі педыятрычнаму аддзяленню гульнявы куток. З таго часу ён паднасіўся. Мы вырашылі яго абнавіць, а разам з кутком — і само аддзяленне. Узгаднілі пытанне рамонту са сваім заснавальнікам, той выдзеліў грошы, і ў лістападзе пачалі работу. Стаяла задача закончыць рамонт к канцу года. З ёй справіліся. Хачу падзякаваць начальніку аддзела кадраў, старшыні прафсаюзнай арганізацыі завода Алесі Сухоўскай, начальніку адміністрацыйна-гаспадарчай часткі Ігару Махнісу, рабочым з залатымі рукамі Аляксею Вілейту і Сяргею Юдакову, якія ўсё задумалі і рэалізавалі.
— Безумоўна, педыятрычнае аддзяленне патрабавала рамонту, — пацвердзіў галоўны ўрач Пастаўскай ЦРБ Аляксандр Сварцэвіч. — Яго не было з моманту будаўніцтва паліклінікі. Вялізная ўдзячнасць Андрэю Пятровічу і работнікам завода за стварэнне такіх камфортных умоў, дырэктару ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрыю Шымчыку — за аказанне спонсарскай дапамогі. У наступным годзе мы прадоўжым работу ў гэтым напрамку.
Трэба сказаць, што прыкласці рукі ў аддзяленні яшчэ ёсць дзе. Рамонт закрануў калідор і кабінет прыёму пацыентаў, якія непазнавальна змяніліся. Астатнія кабінеты чакаюць рэнавацыі, у іх замянілі толькі дзверы. Устаноўлены новыя дзверы і на ўваходзе ў аддзяленне. На сценах замест алейнай фарбы цяпер дэкаратыўная тынкоўка, пафарбаваная ў прыемны персікавы колер, уверсе — падвясная столь, на вокнах — рознакаляровыя жалюзі. Старыя карычневыя кушэткі саступілі месца сучасным светла-шэрым металічным крэслам з мяккімі сядзеннямі, самаробны акварыум — заводскаму з тумбай. Цалкам абноўлены інтэр’ер у кабінеце прыёму. Ён укамплектаваны двума камп’ютарнымі сталамі, спавівальным сталом для немаўлят, шматфункцыянальнай канапай, стэлажом і ўмывальнікам. Таксама набыты новыя інфармацыйныя стэнды ў калідор, над імі зроблена дадатковае асвятленне.
— Тое, што было і стала, — гэта неба і зямля, — адзначыў, перарэзаўшы разам з Аляксандрам Сварцэвічам і Андрэем Лічэўскім чырвоную стужку на ўваходзе ў аддзяленне, намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург. — Прыходзячы сюды, пацыенты будуць атрымліваць эстэтычнае задавальненне. Думаю, многім варта павучыцца будаўнічаму і дызайнерскаму майстэрству ў «промісаўцаў». Вялікі дзякуй кіраўніцтву і калектыву завода за праведзены рамонт і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна.
Са словамі падзякі да завадчан звярнулася таксама загадчыца педыятрычнага аддзялення ЦРБ Зоя Шчалкун. Яна запэўніла, што цяпер маленькія пацыенты і бацькі будуць больш утульна адчуваць сябе ў паліклініцы.
Алена Шапавалава