У панядзелак наш раён наведаў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі. Да яго рабочай паездкі прымеркавалі дзве важныя падзеі — адкрыццё абноўленых душавой залы водалячэбніцы ў АДРАЦ «Ветразь» і лор-кабінета ў паліклініцы Пастаўскай ЦРБ.
Лепшая якасць, шырэйшыя магчымасці
Першым аб’ектам, куды прыехаў Міхаіл Лявонцьевіч, стаў «Ветразь». У апошнія гады тут актыўна ўкараняюцца перадавыя тэхналогіі аздараўлення і рэабілітацыі хворых дзетак, набываецца неабходнае абсталяванне. Так, летась на гэтыя мэты ўстанове былі выдзелены з бюджэту 100 тысяч рублёў. За іх куплены сучасныя душавая кафедра і лячэбныя ванны. Таксама зроблены рамонт у душавой зале, дзе яны ўстаноўлены. На яго патрачана яшчэ больш за 30 тысяч рублёў.
— Набытая намі кафедра шырока выкарыстоўваецца ў аздараўленчых методыках пры захворваннях цэнтральнай нервовай сістэмы і вегетасасудзістых дыстаніях, — расказваў Міхаілу Вішнявецкаму і старшыні райвыканкама Сяргею Чэпіку пасля пераразання чырвонай стужкі перад уваходам у душавую залу галоўны ўрач АДРАЦ «Ветразь» Сяргей Петухоў. — Яна мае чатыры віды душа: шарко, цыркулярны, узыходны і дажджавы. Прычым усе могуць працаваць адначасова. Што да новых ванн, то адну з іх — з паветрана-пузырковым, аўтаматычным і струменевым масажамі — мы набылі крыху раней. Другую, абсталяваную яшчэ і ўстаноўкай для падводнага душа-масажа, — нядаўна. Гэтыя ванны маюць такую опцыю, як хроматэрапія, калі ідзе ўздзеянне спектрам святла. Яно дадаткова заспакойвае і расслабляе пацыента. Акрамя таго, у ваннах можа выкарыстоўвацца як прэсная вада, так і вада з солевымі дабаўкамі або экстрактамі. Паслугі душавой залы мы аказваем не толькі дзецям, якія знаходзяцца ў цэнтры, але і ўсім іншым на платнай аснове.
Знаходзячыся ў «Ветразі», Міхаіл Вішнявецкі агледзеў таксама пляцоўку пад басейн, які плануецца пабудаваць у далейшым, азнаёміўся з навацыйнымі комплексамі ў кабінетах нейрарэабілітацыі ніжніх канечнасцей і рабатызаванай нейрарэабілітацыі, набытымі з дапамогай спонсараў па праграме «Радасць руху». Затым правёў сустрэчу з працоўным калектывам рэабілітацыйнага аздараўленчага цэнтра.
Падчас яе кіраўнік абласнога ўпраўлення па ахове здароўя адзначыў, што гэта ўстанова з’яўляецца гордасцю не толькі Віцебшчыны, але і ўсёй рэспублікі. Яна дынамічна развіваецца, пастаянна паляпшаючы якасць аказання медыцынскай, аздараўленчай і рэабілітацыйнай дапамогі дзецям, у чым несумненная заслуга Сяргея Петухова. Вялікім крокам у гэтым напрамку будзе будаўніцтва басейна. Яго праектаванне пачнецца сёлета.
Наша дзяржава выдзяляе немалыя грошы на ахову здароўя. Пры гэтым летась мы нават выбіліся са сродкаў, закладзеных на яе ў абласным бюджэце. Зроблена за мінулы год вельмі шмат. На 30% больш праведзена кардыяхірургічных аперацый, на 20% больш — анкалагічных. Калі раней эндапратэзавання пацыенты чакалі гадамі, то цяпер — каля двух месяцаў. Умацоўвалася і працягвае ўмацоўвацца матэрыяльна-тэхнічная база медыцынскіх устаноў Віцебшчыны. Набываюцца новыя апараты камп’ютарнай і магнітна-рэзананснай тамаграфіі, эндаскапічнае абсталяванне і УГД-апараты, якія сёлета паступяць у тым ліку ў рэгіёны.
Міхаіл Вішнявецкі
Змяніў інтэр’ер і прапіску
З «Ветразя» Міхаіл Вішнявецкі ў суправаджэнні Сяргея Чэпіка накіраваўся ў Пастаўскую ЦРБ, дзе спачатку азнаёміўся з ходам будаўніцтва новага корпуса бальніцы, а потым разам з кіраўніком раёна і медработнікамі адкрыў абноўлены лор-кабінет.
Цяпер ён знаходзіцца ў памяшканні, дзе раней прымаў анколаг. Яно большае па плошчы, што дазваляе праводзіць праверку шэптавай і гутарковай гаворкі, якая з’яўляецца абавязковым даследаваннем слыху ў пацыентаў. У кабінеце зроблены поўны касметычны рамонт, закуплены новая мэбля і некаторае медабсталяванне. У прыватнасці, набыты два атаскопы для агляду слыхавога праходу і барабаннай перапонкі, а таксама цімпанометр. З яго дапамогай можна праверыць рухомасць барабаннай перапонкі і стан сярэдняга вуха, каб дыферэнцаваць захворванне і правільна паставіць дыягназ. Грошы на рамонт і дарагі апарат коштам амаль 44 тысячы рублёў выдзеліў раённы бюджэт.
Кабінет падзелены на дзве зоны: прыёму і правядзення медыцынскага агляду і маніпуляцый. Працаваць у ім будуць загадчык аддзялення ўрачоў агульнай практыкі Анастасія Танана, якая ўзяла яшчэ паўстаўкі лора, і педыятр Вікторыя Захарыч. Зараз яна праходзіць перападрыхтоўку на базе Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра отарыналарынгалогіі ў Мінску і ў маі пачне выконваць свае новыя абавязкі. Анастасія будзе весці прыём дарослых, Вікторыя — дзяцей.
Пацікавіўшыся аснашчэннем лор-кабінета і арганізацыяй работы ў ім спецыялістаў, Міхаіл Лявонцьевіч адправіўся на сустрэчу з калектывам райбальніцы. Размова на ёй была аналагічнай той, што адбылася ў «Ветразі». Але адным з акцэнтаў стала ўзвядзенне новага корпуса ЦРБ. Па словах Міхаіла Вішнявецкага, гэта будоўля ў ліку галоўных на Віцебшчыне. Таму ўвага да яе будзе пастаяннай і ўсебаковай.
Алена Шапавалава