У рамках дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы» прафсаюзны лідар работнікаў аграпрамысловага комплексу раёна Васілій Катовіч і старшыня пярвічкі ААТ «Ярэва-агра» Рыма Ківатыцкая наведалі ветэранаў сельскагаспадарчай вытворчасці Франца і Наталлю Карнацэвічаў з вёскі Мольдзевічы.
Гасцей Карнацэвічы сустрэлі гасцінна, падзякавалі за ўвагу, падзяліліся ўспамінамі пра працоўныя будні, расказалі, як жывуць цяпер. Франц Нікадзімавіч быў адным з найлепшых механізатараў ААТ «Ярэва-агра», Наталля Леанідаўна працавала аператарам машыннага даення на мясцовай ферме. У мужа з жонкай больш за 70 гадоў працоўнага стажу на дваіх.
Наталля родам с Мінскага раёна. Яшчэ ў школьныя гады захаплялася шыццём, таму паступіла вучыцца ў Полацкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча на швачку. Сябравала з дзяўчынай з Дунілавіч. На яе вяселлі і пазнаёмілася з Францам. 14 студзеня споўнілася 42 гады, як Карнацэвічы стварылі сям’ю. Абое старанныя і працавітыя. Акрамя асноўнай работы ў калгасе, трымалі вялікую ўласную гаспадарку. Выхавалі двух сыноў, маюць чацвярых унукаў.
— Атрымаўшы права на пенсію, я адразу звольнілася, бо трэба было дапамагчы гадаваць унучку, — успамінала Наталля Леанідаўна. — А Франц доўга не мог развітацца з тэхнікай.
Мужчына пачынаў працаваць на гусенічным трактары, затым перасеў на колавы. Падчас уборкі зерневых і зернебабовых кіраваў камбайнам. Не раз выходзіў пераможцам спаборніцтва на жніве і нарыхтоўцы кармоў як у гаспадарцы, так і ў раёне. Фотаздымак механізатара-перадавіка вельмі часта з’яўляўся на старонках раённай газеты.
Але гады сіл і здароўя не прыбаўляюць. Таму цяпер Карнацэвічы сябе моцна не нагружаюць. Пасадзіць бульбу, нарыхтаваць дроў дапамагаюць сыны. А самі гаспадары даглядаюць агарод ды кветнікі. Каля іх дома заўсёды ідэальны парадак, куды ні глянь — усюды бачная рука гаспадара. На школьных канікулах не даюць сумаваць бабулі з дзядулем унукі.
— Рэспубліканская дабрачынная навагодняя акцыя «Ад усёй душы» праводзіцца ў нашай краіне па ініцыятыве Прэзідэнта ўжо трэці год, — гаварыў Васілій Катовіч. — У гэты перыяд асаблівая ўвага ўдзяляецца тым, хто жыве ў пансіянатах, адзінокім, а таксама ветэранам працы, якія шмат зрабілі для развіцця свайго рэгіёна. Мне заўсёды прыемна пагутарыць з людзьмі з багатым жыццёвым вопытам. Выказваю вам, паважаныя Франц Нікадзімавіч і Наталля Леанідаўна, шчырыя словы ўдзячнасці за высокае прафесійнае майстэрства, адказныя адносіны да справы, шматгадовую добрасумленную працу. Жадаю вам моцнага здароўя, дабрабыту, спакою, шчасця і аптымізму.
— Прыезд прафсаюзных лідараў стаў для нас сюрпрызам, — казалі Карнацэвічы. — Прызнаемся: увага заўсёды прыемная, а з узростам — прыемная ўдвайне.
Анна Анішкевіч