«Хочаце ўбачыць казку? Загляніце ў Сіўцы да Лены і Сашы Рудкевічаў. У іх невыказная навагодняя прыгажосць!» Так гаварыла пастаўчанка Наталля Варабей, патэлефанаваўшы ў рэдакцыю.
Названы дом шукаць не давялося: ён ззяў ілюмінацыяй на ўсё наваколле. Зрэшты, рознакаляровымі электрычнымі гірляндамі сёння не здзівіш нікога — купляй якія хочаш. Аднак тут прываблівала і іншая прыгажосць — рукатворная.
— Мой Саша — чараўнік! Што ён толькі не вырабляе! — хваліла мужа гаспадыня.
— Але ўсе ідэі падае Лена, — удакладніў ён сам. — У нас сямейная творчасць, разам з намі ёй ахвотна займаюцца і дзеці.
Палюбаваўшыся ілюмінацыяй, якая аздабляла не толькі дом, але і «бегла» па версе агароджы з металапрофілю, зіхацела на зробленай з дроту ёлачцы, пад якой прымасціліся таксама самаробныя два снегавікі і два гномы, заходжу ў дом. Пасярод прасторнага пакоя раскашуе прыбраная сасна, па сцяне «льецца» вадаспад залатога дожджыку, на столь «узляцелі» прыгожыя шары, на стале — невялікія вельмі прывабныя навагоднія кампазіцыі. А які прыцягальны камін! Здаецца, толькі паднясі запалку — і затанцуе ў ім на паленцах вясёлы агонь.
— Не будзем рызыкаваць, — смяецца Алена. — Камін папяровы. Мы з дачушкамі зрабілі яго з кардонных каробак і абклеілі шпалерамі з узорам у цаглінкі. Але ж падобны на сапраўдны!
Да Новага года, дакладней, спачатку да каталіцкіх Каляд, Рудкевічы пачынаюць рыхтавацца з першых дзён снежня. Яны ствараюць упрыгажэнні не толькі для сябе, але і для касцёла парафіі Езуса Міласэрнага, вернікамі якой з’яўляюцца. Ёсць іх работы ў чацвёртай пастаўскай школе, у якой навучаюцца дзевяцікласніца Арына і пяцікласніца Саша, а таксама ў Пастаўскім аддзяленні Дэпартамента аховы, дзе Алена працуе галоўным бухгалтарам. А калі ў калектыве ладзіцца навагодні ранішнік для дзяцей, яна пераўвасабляецца ў якую-небудзь казачную гераіню. Напрыклад, на гэты раз была Бабай Ягой, але зусім не страшнай, а добрай і вясёлай. Рудкевічы-старэйшыя павіншавалі з Новым годам і сваіх аднавяскоўцаў: апранулі касцюмы Дзеда Мароза і Снягуркі, паклалі ў торбу цукеркі і мандарыны і пайшлі па хатах. Ці варта казаць, колькі радасці прынеслі, асабліва дзецям? А ў якім святочным афармленні знайшлі дома навагоднія падарункі іх дачушкі-школьніцы і дарослы сын з нявесткай!
— Мы любім, каб усё было прыгожа, — дзяліліся Алена і Аляксандр. — Многае робім самі, вучым дзяцей. Быў час, калі асабліва шмат упрыгажэнняў стваралі з паветраных шароў. Не толькі для сябе, але і на падарункі.
І паказалі фотаздымкі. На адным — упрыгожаны рознакаляровымі шарамі ўваход у школу, на другім — дачушка ў сукенцы з паветраных шароў, на іншых — з іх жа букеты, сабачкі, коцікі, зайчыкі, пчолкі… З галінак і шышак сасны або елкі, свечак, шароў, стужак і іншага няхітрага матэрыялу ствараюць сімпатычныя навагоднія інсталяцыі.
На жаль, ні словамі, ні фотаздымкамі немагчыма поўна перадаць казачную навагоднюю атмасферу, створаную Рудкевічамі ў сваім вясковым доме. Раней у ім жыла бабуля Лены, а калі яе зямны шлях завяршыўся, маладыя гаспадары ўдыхнулі ў родны для іх куточак другое жыццё. Спачатку праводзілі тут толькі цёплую пару года, а калі ў 2022-м зрабілі ў доме электрычнае ацяпленне, засталіся і на зіму. Зараз пастаянна пражываюць у Сіўцах і ўвесь час дабудоўваюць, рамантуюць, ствараюць утульнасць. Рукам Аляксандра падуладны любы будаўнічы інструмент. Для яго не праблема дабудаваць дом, падшыць столь, пакласці падлогу, як і зрабіць арэлі для дзяцей, стол з крэсламі, падстаўкі для кветак і іншыя бытавыя рэчы. Адказны гаспадар і за жыўнасць у хляве (а гэта свінні і куры). Плануе яе прыбаўленне.
Умеюць Рудкевічы і на зямлі гаспадарыць. Алёна расказвала, што агародніну яны вырошчваюць у трох парніках і ў адкрытым грунце. Мінулай вясной высадзілі 300 каліў памідораў і 500 — капусты. Атрымалі багаты ўраджай агародніны, агуркі былі ў парніку нават у кастрычніку.
Вось пра такія насычаныя будні і прыгожыя святы сям’і я даведалася дзякуючы званку ў рэдакцыю чытачкі «Пастаўскага краю». Хочацца спадзявацца, што 2025-ы будзе для нас, журналістаў, багатым на такія падказкі. А маім новым знаёмым — Аляксандру і Алене Рудкевічам і іх дзецям — жадаю ў новым годзе плёну ў працы, творчасці і шчасця.
Фаіна Касаткіна