Начальник неврологического отделения Павел Дашкевич признан лучшим среди начальников коечных отделений

Важное Здравоохранение

14 студзеня 31-ю гадавіну з дня ўтварэння адзначыў 1-ы ваенны шпіталь органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, размешчаны ў Паставах. З гэтай нагоды ў раённым Доме культуры адбыўся ўрачысты сход, на якім ушанавалі каля 30 прадстаўнікоў установы. У ліку ўзнагароджаных быў і начальнік неўралагічнага аддзялення падпалкоўнік медыцынскай службы Павел Дашкевіч, прызнаны найлепшым сярод начальнікаў ложкавых аддзяленняў.

Павел Уладзіміравіч — адзін з самых вопытных ваеннаслужачых шпіталя. У штаце ўстановы ён з 2003 года. Гэта другое месца службы мужчыны.

— Першым быў Полацкі пагранатрад, куды я трапіў па размеркаванні пасля заканчэння ваенна-медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, — расказваў мне. — Два гады адслужыў там урачом медпункта. Не толькі прымаў пацыентаў, але і ажыццяўляў сан­эпідкантроль, рэгулярна наведваючы ўсе падраздзяленні атрада. Затым у якасці прасоўвання па службе перавялі ў шпіталь.

Начальник неврологического отделения Павел Дашкевич признан лучшим среди начальников коечных отделений

Тут малады медык з дыпломам урача агульнай практыкі прайшоў першасную спецыялізацыю па тэрапіі і некаторы час працаваў звычайным тэрапеўтам. Неўзабаве ўзначаліў прыёмнае аддзяленне, пазней — паліклінічнае. Яго кіраўніком з’яўляўся больш за 10 гадоў. А калі ў чэрвені ­2023-га вызвалілася пасада начальніка неўралагічнага аддзялення і прапанавалі заняць яе, вырашыў кардынальна змяніць спецыяльнасць і зноў адправіўся вучыцца ў Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя БДМУ.

— Там атрымаў базавыя веды па неўралогіі, — працягваў Павел Дашкевіч. — За 4 месяцы немагчыма асвоіць усё дасканальна, таму многаму вучуся ў працэсе работы. Ледзь не пасля кожнага пацыента даводзіцца браць у рукі кніжку па медыцыне. Дапамагае калектыў. Ён вельмі вопытны, з’яднаны. Усе медсёстры і санітарачкі — а іх у падпарадкаванні 12 — выдатна выконваюць свае службовыя абавязкі, могуць і мне нешта падказаць. Часам звяртаюся да былога начальніка аддзялення Ягора Палхоўскага, які цяпер з’яўляецца начмедам шпіталя. Раней неўралагічнае аддзяленне ўжо займала 1-е месца ў конкурсе сярод медыцынскіх падраздзяленняў, таму я стараюся не падвесці. Гэта перамога — заслуга ўсяго калектыву.

Акрамя кіраўніцтва аддзяленнем, Павел Уладзіміравіч вядзе амбулаторны прыём, лечыць хворых у стацыянары, сочыць за тым, каб своечасова выконваліся ўсе яго назначэнні. Таксама кансультуе пацыентаў з іншых аддзяленняў і рэанімацыі, вырашае розныя экспертныя пытанні: прыгоднасці салдат і афіцэраў да ваеннай службы, займання пэўных пасад, кіравання транспартнымі сродкамі і інш. Паколькі ён адзіны неўролаг у шпіталі, работы хапае. Але яна цікавая для мужчыны сваёй сутнасцю і навізной.

— У асноўным я лячу пацыентаў з захворваннямі нервовай сістэмы. Звяртаюцца і з незразумелымі галаўнымі болямі, праблемамі з пазваночнікам, калі ёсць неўралагічныя праяўленні. Бываюць складаныя пацыенты, у прыватнасці пасля перанесеных інсультаў. Кожнаму важна паставіць правільны дыягназ, які ў далейшым будзе кіраўніцтвам у рабоце для ўрача агульнай практыкі, — кажа доктар.

Пра тое, што калісьці выбраў ваенную медыцыну, Павел Дашкевіч не шкадуе. Прызнаўся: быў бы рады, калі б дачка, якая вучыцца ў 6 класе, таксама стала ўрачом.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.