У чацвер наш раён наведалі назіральнікі ад місіі СНД, якія праводзяць маніторынг выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, — першы намеснік Генеральнага сакратара Садружнасці Незалежных Дзяржаў Леанід Анфімаў і Віталій Бусько. Яны пабывалі на трох участках для галасавання, размешчаных у Пастаўскім раённым Доме культуры, Навасёлкаўскім цэнтры культуры і Юнькаўскім сельскім выканаўчым камітэце.
Міжнародныя назіральнікі пагутарылі з членамі ўчастковых камісій і тымі, хто на месцах назірае за выбарамі. У прыватнасці, іх цікавіла, якую актыўнасць праяўляюць выбаршчыкі ў перыяд датэрміновага галасавання, колькі ўсяго іх пражывае на ўчастку, ці ёсць заўвагі з боку тых, хто галасуе і сочыць за ходам правядзення выбарчай кампаніі. У канцы візіту Леанід Анфімаў падзяліўся сваімі ўражаннямі ад убачанага з журналістамі раённых сродкаў масавай інфармацыі:
— Сёння мы пабывалі на выбарчых участках не толькі ў вашым, але і ў Докшыцкім і Глыбоцкім раёнах, наведалі акруговыя камісіі. Магу сказаць, што і ў вас, і ў суседзяў выбары Прэзідэнта Беларусі арганізаваны на належным узроўні. На ўсіх участках спакойная, дзелавая абстаноўка. Калі гаварыць канкрэтна пра Пастаўскі раён, то парадавала высокая яўка выбаршчыкаў: там, дзе мы былі, прагаласавала ўжо каля 30% занесеных у спісы. Людзі разумеюць, наколькі важна сёння паспяхова правесці гэту электаральную кампанію, ад якой у многім залежыць будучае развіццё нашай краіны. А таксама разумеюць, за што аддаюць свой голас.
Алена Шапавалава