Два апошнія гады на Пастаўшчыне рэгіструецца вялікі прырост ВІЧ-інфіцыраваных. Калі раней за год з’яўляліся 1—5 новых хворых, то ў 2023 годзе іх было выяўлена 11, столькі ж і летась. Па словах галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна Святланы Рассеевай, названыя лічбы не адлюстроўваюць рэальную карціну. На самай справе інфіцыраваных больш. Але адны пакуль не здагадваюцца пра наяўнасць віруса ў сваім арганізме, іншыя ўтойваюць свой станоўчы ВІЧ-статус і заражаюць іншых. Каб спыніць гэты працэс, работнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праводзяць на прадпрыемствах і ў арганізацыях сустрэчы па пытаннях прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі. На адной з іх, на Пастаўскім ільнозаводзе, пабывала карэспандэнт «ПК».
Расказваючы работнікам завода пра сітуацыю ў раёне, Святлана Анатольеўна паведаміла, што сёння на Пастаўшчыне пражывае 61 чалавек з выяўленым вірусам імунадэфіцыту чалавека. Гэта людзі розных узростаў і прафесій: рабочыя і служачыя, беспрацоўныя і пенсіянеры. Хтосьці з іх заразіўся ВІЧ у 20 гадоў, а хтосьці — у 70. За апошні год ад інфекцыі, якая перайшла ў СНІД, памерлі 5 чалавек, у тым ліку трое — з выяўленых летась. Яны не прымалі антырэтравірусныя прэпараты і позна звярнуліся да ўрачоў.
— Яшчэ 20 гадоў назад ВІЧ лічылі смяротнай інфекцыяй і называлі чумой ХХ стагоддзя, — гаварыла Святлана Рассеева. — Сёння ж вынайдзены лякарствы, здольныя супрацьстаяць вірусу. Яны цалкам не пазбаўляюць ад яго, але калі чалавек рэгулярна прымае назначаныя яму прэпараты — а гэта неабходна рабіць да канца жыцця, — то ён можа дастаткова доўга жыць і нармальна сябе адчуваць. Вірусная нагрузка ў крыві такога чалавека зніжаецца да мінімуму, і ён становіцца практычна бяспечным для грамадства.
Эфектыўнасць тэрапіі пацвярджае і той факт, што за перыяд назірання на Пастаўшчыне ВІЧ-інфіцыраваныя маці, якія паспяхова праходзілі лячэнне, нарадзілі 7 здаровых дзяцей. Калі ж не лячыцца, вірус паступова знішчыць імунітэт і чалавек стане безабаронным перад любымі інфекцыямі. У такіх людзей развіваюцца пнеўманія, туберкулёз, грыбковыя, вірусныя і бактэрыяльныя пашкоджанні скуры і слізістых абалонак, апаясвальны лішай, запаленне лімфавузлоў, зніжаецца маса цела. У выніку арганізм перастае функцыянаваць і наступае выяўленае знясіленне. На апошняй, 4-й, стадыі СНІДу хворыя могуць не размаўляць і не ўспрымаць рэчаіснасць, бо вірус пашкоджвае абсалютна ўсе органы і сістэмы, уключаючы галаўны мозг.
На сустрэчы шмат гаварылася пра шляхі перадачы ВІЧ і меры асабістай прафілактыкі, якія маюць надзвычай важнае значэнне. У іх ліку пазбяганне бязладных палавых кантактаў і выкарыстанне прэзерватыва, бо больш за 90% заражэнняў сёння прыпадае на неабароненыя палавыя кантакты.
Урачоў-гігіеністаў і эпідэміёлагаў непакоіць і тое, што ў апошні час многія фізічныя асобы адкрываюць дома касметычныя кабінеты, дзе робяць манікюр і педыкюр, татуаж, праколваюць вушы, аказваюць іншыя паслугі з парушэннем цэласнасці скурнога покрыва. У адрозненне ад бальніц, цырульняў, тату-салонаў і студый прыгажосці, дзе праводзяцца такія маніпуляцыі і ажыццяўляецца інфекцыйны кантроль, праверыць выкананне санітарна-гігіенічных норм гаспадарамі дамашніх кабінетаў немагчыма. Тут усё залежыць выключна ад асоб, якія аказваюць названыя паслугі.
— Калі чалавек, да якога вы ходзіце на манікюр-педыкюр, не карыстаецца аднаразовым інструментам, у яго няма шафы для апрацоўкі інструментарыя, верагоднасць заражэння ВІЧ, віруснымі гепатытамі і іншымі інфекцыйнымі захворваннямі вельмі высокая, — пракаменціравала Святлана Рассеева.
Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна адзначыла, што некалькі гадоў назад Беларусь падключылася да праграмы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя «90-90-90», якая нядаўна перароблена ў «95-95-95». У ёй гаворыцца пра тое, што 95% ВІЧ-інфіцыраваных людзей павінны ведаць свой статус. Вызначыць яго можна ананімна пры здачы крыві ў працэдурным кабінеце Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Прыйшоўшы туды, не трэба называць прозвішча — наведвальніку прысвойваецца парадкавы нумар, і праз два тыдні ён атрымлівае папярэдні вынік. Такі ж вынік даюць тэсты на ВІЧ, якія прадаюцца ў аптэках.
Як з іх дапамогай правесці саматэсціраванне, падрабязна расказала ўрач-эпідэміёлаг райЦГЭ Людміла Сафронава. Яна яшчэ раз нагадала пра шляхі перадачы ВІЧ, асабістую адказнасць людзей з гэтым дыягназам і меры прафілактыкі, задала прысутным пытанні для ацэнкі іх адносін да ВІЧ-інфіцыраваных. У канцы сустрэчы Людміла Мікалаеўна раздала тэсты, прэзерватывы і інфармацыйныя буклеты.
Алена Шапавалава