На мінулым тыдні ў Віцебску праходзіў двухдзённы абласны форум «Час тваіх магчымасцей». У ім удзельнічала каля 500 маладых спецыялістаў і працуючай моладзі Віцебшчыны з розных сфер дзейнасці.
У іх ліку — 11 пастаўчан: інжынер па лесаабнаўленні і меліярацыі Віталій Хаткевіч і майстар лесу Ангеліна Адамковіч з лясгаса прадстаўлялі лясную гаспадарку, псіхолаг Вікторыя Скаромная з цэнтральнай раённай бальніцы і памочнік урача-эпідэміёлага з райЦГЭ — медыцыну, аграном ААТ «Хацілы-агра» Аляксандра Міхалевіч і бухгалтар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Алена Шкорнік — сельскую гаспадарку, інжынер-тэхнолаг ААТ «Паставымэбля» Ігар Шкорнік і спецыяліст па маркетынгу малочнага завода Дзіяна Грынько — прамысловасць, настаўніца матэматыкі СШ №2 імя Н. М. Асяненкі Юліяна Катовіч — адукацыю, афіцыянт кафэ «Паазер’е» Надзея Смірнова — гандаль, дырэктар дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза Ганна Цыбулёнак — культуру.
Два дні форуму былі насычанымі і цікавымі. Яго адкрыццё адбылося ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава. Удзельнікі паглядзелі фільм пра дасягненні Віцебскай вобласці за апошнія 30 гадоў. Прысутных прывіталі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік аддзела ідэалагічнай работы, па справах моладзі, рэлігіі і нацыянальнасцей Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Хрол, старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Юрый Дзеркач, першы сакратар абласнога камітэта БРСМ Жанна Нарыцына.
Затым удзельнікі форуму падзяліліся на групы і працавалі па секцыях, адпаведных спецыяльнасцям.
— Я была ў секцыі культуры, — апавядала Ганна Цыбулёнак. — Мы пабывалі ў абласной бібліятэцы, дзе сустрэліся з начальнікам упраўлення культуры аблвыканкама Пятром Падгурскім. Ён расказаў пра значныя культурныя падзеі Віцебшчыны, акцэнтаваў увагу на стварэнні новых маладзёжных праектаў (у якасці прыкладу прывёў фестываль Viva Braslav). Пётр Мікалаевіч адказаў на пытанні, якія мы ўздымалі.
Пабывалі ў розных музеях. Захапляльнай атрымалася экскурсія на Віцебскую ратушу. Убачыць горад з вышыні было маёй марай. І яна збылася. Тут нас пачаставалі духмянай гарбатай на зёлках і паказалі казку «12 месяцаў».
У другі дзень падчас дыялогавай пляцоўкі адбылася канструктыўная размова са старшынёй Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Субоціным. На ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў галоўнай маладзёжнай прэміі БРСМ «Дасягненне» я атрымала дыплом у намінацыі «Творчая моладзь». Люблю маладзёжныя форумы: гэта новыя знаёмствы, веды, вопыт.
— Падчас форуму ў чарговы раз ўпэўніўся ў тым, як шмат робіцца ў нашай краіне для моладзі, як дынамічна развіваюцца прадпрыемствы Віцебшчыны, — дзяліўся Ігар Шкорнік. — Я і Дзіяна Грынько былі ў складзе групы, якая наведала прамысловыя пляцоўкі. Мы пабывалі ў ААТ «Віцебскія дываны» і азнаёміліся з вытворчасцю машынабудаўнічай кампаніі «Вітбудтэхмаш». Мне больш цікава было даведацца пра шляхі станаўлення «Вітбудтэхмаша». Створанае 20 гадоў таму невялікае прадпрыемства вырасла ў машынабудаўнічы завод, які з’яўляецца вядучым у Беларусі па выпуску аўтапад’ёмнікаў, гідраўлічных кампанентаў, кранаў. Асабіста я пад уражаннем ад тэхналогіі аўтаматызаванай сістэмы ўпраўлення. З яе дапамогай можна нават даведацца, якая зарплата належыць рабочаму за тое, што ён паспеў зрабіць. Заўсёды, калі бачу штосьці новае, задумваюся, ці магчыма гэта прымяніць на нашым прадпрыемстве «Паставымэбля». Тут я ўжо 5 гадоў. Пачынаў маркетолагам. З верасня мінулага года — інжынер-тэхнолаг. Падтрымка кіраўніцтва завода для моладзі адчувальная: калі гэта першае рабочае месца, то выплачваюцца пад’ёмныя, дапамагаюць з жыллём і часткова яго аплачваюць. Ёсць магчымасць удзельнічаць у розных конкурсах, акцыях, ездзіць на экскурсіі. Але, каб чаго дасягнуць, патрэбна і ўласная зацікаўленасць.
Аляксандра Міхалевіч пра-цавала ў групе, якая знаёмілася з дасягненнямі ў галіне сельскай гаспадаркі. Па словах дзяўчыны, ёй было цікава на сельгаспрадпрыемстве «Мазалавагаз», дзе выкарыстоўваецца шмат навацыйных тэхналогій. У прыватнасці, паспяхова асвойваецца дакладнае земляробства, якое дазваляе рацыянальна ўносіць насенне, удабрэнні, сродкі аховы раслін. На многіх трактарах устаноўлена сістэма аўтапілатавання. Для вытворчасці якасных кармоў у «Мазалавагазе» ёсць тры заводы: камбікормавы, па перапрацоўцы алейных культур і экструдзіраванні збожжа. Сучасныя тэхналогіі даюць высокі эканамічны эфект.
Саша скончыла Лужаснянскі аграрны каледж і задаволеная, што першым рабочым месцам стала ААТ «Хацілы-агра», дзе працуюць яе бацькі. Дзяўчына адчувае падтрымку з боку кіраўніцтва гаспадаркі, спецыялістаў. Паступіла на завочнае навучанне ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Вялікай прывілеяй лічыць тое, што ў Беларусі можна атрымаць бясплатную адукацыю.
Анна Анішкевіч
Фота даслала Ганна Цыбулёнак