Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры! Дарагія вернікі пастаўскага дэканата!
Сёння ў чарговы раз сядзем за вігілійны стол, заўтра будзем святкаваць Божае Нараджэнне. Кожны з нас гэта свята перажывае з вялікім трымценнем у сэрцы, бо, дзелячыся аплаткай — белым кавалкам хлеба, які нагадвае нам пра прыход Бога на зямлю, уцелаўленне Божага слова, просім адно ў аднаго прабачэння, жадаем спакою і радасці ў жыцці, якіх так не хапае ў сучасным свеце.
Калі мы адзначаем свой дзень нараджэння, то чакаем падарункаў, добрых слоў, віншаванняў. А Бог сваім нараджэннем прыносіць нам у падарунак святло і надзею. Маленькі Езус атуляе нас сваёй бязмежнай любоўю, вучыць прабачэнню, уменню слухаць і паважаць адно аднаго.
Шаноўныя браты і сёстры ў Хрысце! Ад імя святароў пастаўскага дэканата і нашага земляка ксяндза-прэлата Аляксандра Рагіні, сакратара Апостальскай Нунцыятуры ў Грузіі і Арменіі, жадаю, каб вы ўсюды адчувалі прысутнасць жывога і сапраўднага Бога, асабліва ў коле сям’і, родных, знаёмых, калег. Няхай гэта Божая любоў сагравае нашы сэрцы. Будзем дзяліцца ёй з іншымі. Няхай Новы, 2025-ы, год, які набліжаецца, будзе поўны добрых хвілін, дае пачуццё ўпэўненасці, што Божая любоў спадарожнічае ўсім тым, хто ёй давярае.
Дэкан пастаўскага дэканата ксёндз-канонік Павел Самсонаў
Шаноўныя жыхары горада і раёна каталіцкага веравызнання!
Шчыра віншуем вас з надыходзячымі Калядамі! Гэта — адно з самых любімых усімі і доўгачаканых свят. Яно азарае жыццё нязгасным святлом веры, надзеі і любові, адкрывае душы насустрач вечным каштоўнасцям дабра і міласэрнасці.
Праз тысячагоддзі гэта вялікае свята нясе з сабой моцную веру і любоў. Яно з’яўляецца невычэрпнай крыніцай духоўнай радасці, уваходзіць у кожны дом і пабуджае людзей да высакародных учынкаў. Беражлівае захоўванне традыцый Божага Нараджэння працягвае нябачную сувязь пакаленняў.
Няхай у вашых сем’ях заўсёды пануюць узаемаразуменне, дабрабыт і любоў!
Сяргей Чэпік, старшыня раённага выканаўчага камітэта
Юрый Кісялёў, старшыня раённага Савета дэпутатаў