Другі год у раённым цэнтры дзяцей і моладзі існуе медыястудыя «PROнас», кіраўніком якой з’яўляецца вядомы на Пастаўшчыне фатограф Андрэй Мацур. За гэты час яе выхаванцы змаглі заявіць пра сябе не толькі ў раёне, але і ў вобласці.
Сёння ў медыястудыі займаюцца 11 навучэнцаў 8—11 класаў з розных школ горада. Гэта падлеткі, якія любяць фатаграфаваць і здымаць відэа, спрабуюць сябе ў якасці блогераў. 4 з іх наведваюць аб’яднанне па інтарэсах з мінулага навучальнага года, 7 запісаліся тры месяцы назад. Тут школьнікі атрымліваюць базавыя навыкі работы з фотакамерай: знаёмяцца з яе настройкамі і паняццем «кампазіцыя», вучацца апрацоўваць фота і манціраваць відэа.
— Я стараюся, каб у навучэнцаў максімальна развіўся фатаграфічны кругагляд, яны ўбачылі, што фота бывае розным, — гаварыў Андрэй Мацур. — Таму расказваю ім пра гісторыю фатаграфіі, летась прыносіў на заняткі плёначны фотаапарат, і дзеці самі здымалі на плёнку і друкавалі фота. Некаторыя з іх мы потым паказалі на выніковай выставе, якую арганізавалі ў канцы навучальнага года ў Доме рамёстваў, — яна атрымалася жывая і цікавая. Таксама запрашаю ў студыю пастаўскіх і сталічных фатографаў, якія дэманструюць свае работы.
Творчых сустрэч за мінулы год у студыйцаў было нямала. Яны шмат дзе пабывалі. «Лавілі» ў фотааб’ектыў гарадскія пейзажы, прыроду і людзей у Паставах і іх ваколіцах, здымалі ролікі, запісвалі інтэрв’ю. Летам 11-класніца СШ №1 Анастасія Райчонак разам з Андрэем Мацурам працавала ў якасці фатографа-валанцёра на інклюзіўным фестывалі «Асаблівыя як усе», які каторы год праходзіць у Азёрках, і, па словах свайго настаўніка, вельмі добра справілася з пастаўленай задачай. Таксама другі год студыйцы працуюць як здымачная група на рэканструкцыі падзей І Сусветнай вайны на Пастаўшчыне, некаторых маладзёжных мерапрыемствах, здымаюць і ўсе мерапрыемствы, што праходзяць у РЦДМ. Сюжэты змяшчаюць на сайце цэнтра, асобныя з іх паказвала «Паставы ТБ».
Актыўна ўдзельнічаюць наведвальнікі аб’яднання па інтарэсах і ў розных конкурсах, займаючы прызавыя месцы. Сярод апошніх перамог — дыплом І ступені ў абласным этапе ХХ Рэспубліканскага конкурсу дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі «Свежы вецер». На яго быў адпраўлены відэаролік пра рэканструкцыю падзей І Сусветнай вайны, зняты Насцяй Райчонак, 10-класнікамі СШ №2 імя Н. М. Асяненкі Насцяй Жук і Мацвеем Яўсейчыкам і 9-класніцай СШ №4 імя В. Ф. Франтова Лерай Курэц. За 1-е месца школьнікі ўзнагароджаны пуцёўкай у Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня», дзе знаходзяцца зараз.
Гэта чацвёрка — касцяк медыястудыі, якая здружыла вучняў розных навучальных устаноў. Нават тыя, хто скончыў школу і паступіў у ВНУ, працягваюць падтрымліваць зносіны з «былымі калегамі», цікавяцца жыццём аб’яднання. І няхай большасць школьнікаў не збіраюцца звязваць сваё жыццё са сродкамі масавай інфармацыі, веды, якія яны атрымліваюць тут, уменне размаўляць з людзьмі, не будуць лішнімі.
Алена Шапавалава